Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 5 кастрычніка мелі размову па тэлефоне, падчас якой абмеркавалі сытуацыю ва Ўкраіне, Сырыі, а таксама пытаньне ядзерных выпрабаваньняў у КНДР.
Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Марк Тонэр, перадае «Укрінформ».
Адказваючы на пытаньне, чаму двухбаковыя кантакты адбываюцца пасьля заявы аб іх спыненьні, Тонэр адзначыў, што гэтая гутарка «зьяўляецца часткай шматбаковых намаганьняў, якія будуць працягвацца і ў далейшым».
У расейскім зьнешнепалітычным ведамстве таксама праінфармавалі пра гэтую размову.
«Адбыўся абмен думкамі пра сытуацыю ў Сырыі, узаемадзеяньне ў пасоўваньні ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу і працы ў ААН над паўночнакарэйскім дасье», — паведаміў МЗС Расеі.
У той жа дзень, 5 кастрычніка, у Маскве працавала памочніца дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд. З памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым яна абмяркоўвала канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.