Па меншай меры 150 мірных жыхароў былі забітыя ў выніку расейскіх паветраных удараў па цэлях ў раёне гораду Алепа на поўначы Сырыі. Сярод забітых трое супрацоўнікаў сырыйскага Чырвонага Паўмесяца, заявіла ў пятніцу пастаянная прадстаўніца ЗША ў ААН Саманта Паўэр.
Падчас брыфінгу прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту паведаміў пра тое, што сырыйскія ўрадавыя падраздзяленьні і іх хаўрусьнікі пры інтэнсіўнай паветранай падтрымцы расейскай авіяцыі фактычна блякавалі частку Алепа, што знаходзіцца пад кантролем сіл апазыцыі, перарэзаўшы шляхі зносін з горадам, па якіх паступала гуманітарная дапамога.
Паводле дадзеных ААН, 40 тысяч жыхароў былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў выніку дзеяньняў сырыйскай арміі.
Крыніцы тэлекампаніі NBC перадаюць пра тое, што дзясяткі тысяч людзей могуць рухацца да турэцкай мяжы. Агенцтва France Presse паведамляе пра тое, што на сырыйска-турэцкай мяжы сабралася каля 20 тысяч уцекачоў з Алепа.
«Замест таго, каб гаварыць пра мір і практыкаваць вайну, Расея павінна дапамагчы вырашэньню сырыйскай праблемы, канфлікту, які прывёў да катастрафічных пакутаў насельніцтва і дэстабілізацыі цэлага рэгіёну», — падкрэсьліла Саманта Паўэр.