Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабода — ня дзеля таго, каб залезьці ў вулей і дражніць пчол...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тэма, якая часьцей за іншыя гучыць у пошты Свабоды ў першыя тыдні новага году, — стан беларускай эканомікі, востры фінансавы крызіс наступствы якога адчуваюць беларусы на ўласных кішэнях.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Вацлаў Бедункевіч з Маладэчна піша:

«Эканоміка наша ў такім стане, які называецца перадынфарктным. Прырост за мінулы год — мізэрны, даляр няспынна даражэе. Надзеі на так званага „старэйшага брата“ — марныя. Дзяржаўныя прадпрыемствы скарачаюцца, людзей звальняюць, вытворчыя плошчы пусьцеюць.

Дык чаму ж не пусьціць на гэтыя плошчы тых, хто хоча і ўмее ствараць прадукт, патрэбны людзям? Ёсьць такая максыма: багатая дзяржава — багатыя грамадзяне. Але ж слушная яна і ў адваротным парадку: багатыя грамадзяне — багатая дзяржава.

Хто стварае нацыянальны прадукт? Людзі! Тыя, хто працуюць рукамі ці галавой. Ні прэзыдэнт, ні ўрад, ні Нацыянальны сход, ні спэцслужбы нацыянальнае багацьце не ствараюць. Вядома, што беларусы ў масе сваёй — не лайдакі і не марнатраўцы. Калі дзяржава створыць умовы для добрай прыбытковай працы, дык не паедуць яны на заробкі ні ў Расею, ні ў іншыя мясьціны. У заходніх краінах малы ды сярэдні бізнэс прыносіць у агульны кацёл звыш 50 працэнтаў здабытку. Дык чым мы горшыя? Калі чалавеку не замінаць, не ствараць усялякіх перашкодаў — ён сам дастойна забясьпечыць і сваю сям’ю, і ў дзяржаўную казну нейкі адсотак перадасьць. Не спатрэбяцца ні дзяржаўныя ўкладаньні, ні цівуны зь бізунамі», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Вацлаў Бедункевіч з Маладэчна, пэнсіянэр, 78 гадоў.

Зусім слушныя развагі, спадар Вацлаў. Улада дзеля таго і існуе, каб ствараць людзям такія ўмовы: распрацоўваць і прымаць законы, кантраляваць, як яны выконваюцца. Калі прадпрыемствы з году ў год занепадаюць, скарачаюць працаўнікоў, ня могуць забясьпечыць годныя заробкі — значыць, трэба мяняць уласьніка, вырабляць іншую прадукцыю, набіраць іншых мэнэджэраў... Калі ўсяго гэтага ўлада ня здольная забясьпечыць — дык ці дае яна рады сваім абавязкам? Вядома, чыноўнікі могуць назваць тысячы розных апраўданьняў — і сусьветны крызіс, і санкцыі супраць Расеі, і зьніжэньне цэнаў на нафту... Але ж улада ў Беларусі застаецца нязьменнай ужо на працягу больш як дваццаці гадоў — хапала часу, калі і крызісу не было, і Расея давала грошай удосталь, і цэны на нафту былі завоблачныя. Дык ці не настала пара несьці адказнасьць за вынікі сваёй дзейнасьці?

✉ ✉ ✉

Адна з найбольш значных падзеяў мінулага месяца, якая скаланула сьвет, — расстрэл ісламскімі экстрэмістамі супрацоўнікаў парыскага сатырычнага часопіса «Шарлі Эбдо». Гучала гэтая тэма і на Радыё Свабода. Да яе абмеркаваньня далучаецца наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

«Я, вядома, разумею каштоўнасьць свабоды выказваньня як складніка свабоды наагул. Але адкажыце мне, шаноўныя, на наступнае пытаньне. Вось вы — свабодны чалавек. Ці выкарыстаеце вы сваю свабоду дзеля таго, каб залезьці да пчол у вулей і пачаць «прыколвацца» — дражніць яго насельнікаў? Дзякуй за разуменьне, я таксама ня стаў бы гэтага рабіць.

Узгадваю скандальны выпадак з Pussy Riot — дзяўчаты, на мой погляд, і на дзьве «базавыя» не насьпявалі, а іх на два гады за краты засадзілі (а маглі і забіць, і вінаватых не знайшлося б). У Расеі (і ў нас таксама), ці бачыце, у адносінах да праваслаўных ва ўжытку ёсьць такое паняцьце, як «пачуцьці вернікаў», якія нельга зьневажаць. Але ў процівагу чамусьці лічыцца, што ў атэістаў ці вернікаў іншых канфэсіяў пачуцьцяў няма, і таму іх зьневажаць можна — чаму не зьняважыць тое, чаго няма? Трэба адзначыць, што ў гэтым сэнсе часопіс «Шарлі Эбдо» ўсё ж быў больш справядлівы і дэмакратычны: ён высьмейваў ня толькі мусульман і прарока Мухамада, але і сьвятароў і сьвятых іншых аўраамістычных рэлігіяў — хрысьціянскіх і юдэйскіх.

Цяпер вось увесь мусульманскі сьвет пакрыўдзіўся ня толькі на «Шарлі Эбдо» і Францыю, але на ўсе краіны і рэлігіі, агулам узятыя. Крыўда гэтая зайшла так далёка, што мусульмане ня толькі паляць дзяржаўныя сьцягі Францыі, грамяць ня толькі храмы іншых рэлігіяў, якія, можа, і ні ў чым не вінаватыя — хто там разьбярэ, у якіх багоў верылі супрацоўнікі гнанага часопіса, калі крытыкавалі і хрысьціян, і юдэяў? Вось, напрыклад, у Нігеры з воклічамі «Алах акбар!» было зьнішчана ці пашкоджана ня толькі 45 цэркваў розных канфэсіяў, але таксама францускі культурны цэнтар, 5 гатэляў, 36 бараў, дзіцячы прытулак і хрысьціянская школа.

Разьюшаныя пчолы кусаюць і дзяцей таксама. Хіба вы, шаноўнае спадарства, пра гэта ня ведаеце?

І таму на заканчэньне хачу параіць усім: не чапайце ня толькі пчаліныя вульлі, але таксама асіныя гнёзды, гнёзды атрутных зьмеяў, скарпіёнаў, шэршняў, павукоў ды іншых падобных істот. Здаравейшыя будзеце!

З павагай — Кастусь Сырэль, Вушачы».

Адно можна сказаць пэўна, спадар Кастусь: адважваючыся на крытыку ці то духоўных і маральных каштоўнасьцяў, ці то палітычнага ладу — заўсёды варта азірацца навокал і ўлічваць рэаліі, у якіх ты зьбіраесься гэта рабіць. За тое, на што ў эўрапейскай краіне мала хто зьверне ўвагу, у краіне арабскай можна трапіць за краты, а то і ўвогуле на шыбеніцу...

Праблема ўзьнікае тады, калі гэтыя дзьве цывілізацыі сутыкаюцца — так, як у сёньняшняй Францыі. Французы ня хочуць жыць паводле законаў ісламскага сьвету — як бы гэтага ні хацелася эмігрантам з Усходу. І яны, французы, маюць на гэта права.

Працягваючы вашы, спадар Кастусь, аналёгіі са сьветам насякомых і земнаводных. Адна справа, калі вы самі дзеля чагосьці залезьлі ў асінае гняздо і разварушылі там звыклы парадак і лад. Тут сымпатыі, хутчэй за ўсё, на баку насякомых. Зусім іншая рэч — калі асіны рой нейкім чынам заляцеў да вас у жытло. Наколькі вы ў такім выпадку прыслухаецеся да парады не чапаць няпрошаных гасьцей, прыцярпецца і суіснаваць, зьмірыўшыся з новымі абставінамі?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG