Міліцыянты пагражалі «згнаіць у турме» пэнсіянэра, якога ня могуць асудзіць, бо ён не называе прозьвішча
Спадара Валера затрымалі на акцыі 25 сакавіка, але праз адсутнасьць прозьвішча і дакумэнтаў ня могуць распачаць над ім суд. Мужчыну каля 60 год, у яго могуць быць пашкоджаныя рэбры.
Вінярскаму — 8 сутак
Менск. Максіма Вінярскага пакаралі 8 суткамі арышту. Яго судзілі ў Партызанскім судзе. «Ўсяго толькі?» — зьдзівіўся Вінярскі. Пасьля прысуду ён сказаў судзьдзі Валчковай: «Усё роўна я лічу вас вінаватай у рэпрэсіях, калі-небудзь вы адкажаце за гэта».
Судзяць хворага на дыябэт
Гомель. У суд Цэнтральнага раёну прывезьлі Багуслава Гвозьдзева, Віктара Чумачэнку, а таксама 41-гадовага актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Еўсейчука, які хварэе на цукровы дыябэт.
Еўсейчук паведаміў, што належнай мэдычнай дапамогі ў ізалятары не аказвалі. Узровень цукру ў крыві 13,8 м/м. Сказалі, калі будзе звыш 20, тады будуць ратаваць.
Менск. Ленінскі раённы суд. Аляксандру Хаўкіну судзьдзя А. Карнейчык дала штраф 25 базавых велічынь. Ён пасьля суду заявіў, што будзе абскарджваць пастанову суду.
Апэратару «Белсату» Баразенку — 15 сутак
У Маскоўскім судзе Менску апэратара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенку асудзілі за «дробнае хуліганства» на Дзень Волі на 15 сутак арышту — ён нібыта «крычаў і лаяўся, абураўся дэкрэтам №3 і не рэагаваў на папярэджаньні».
Баразенку судзіла судзьдзя Тацяна Мотыль, супраць яго сьведчылі амапаўцы Арцём Міхалевіч і Варывончык (імя назваў неразборліва). Баразенка просіць Міхалевіча назваць брыдкія словы, якія ён нібыта казаў. Міхалевіч адмовіўся, але пагадзіўся напісаць. Паказаньні на карысць Баразенкі давалі прадстаўнік «Белсату» Аляксей Мінчонак і журналістка Кацярына Андрэева.
«Белсат» вёў жывую трансьляцыю:
На Дзень Волі затрымлівалі і іншых журналістаў, якія супрацоўнічалі з Белсатам: Віктара Масаловіча і Андрэя Шобіна ў Менску, Ларысу Шчыракову ў Гомлі. Апошнюю выклікаюць у суд 28 сакавіка.
Менск. Ленінскі раённы суд. Павал Белавус распавеў: «Учора зусім не кармілі, толькі сёньня раніцай далі кашу — сечку з разынкамі». Жартуе: «Ужо, відаць, накалупалі».
Суд над Паўлам Белавусам, гукавы-анлайн:
Менск. Ленінскі раённы суд. Музыка Аляксандар Хаўкін распавёў, што яго моцна зьбівалі, у тым ліку пінкамі заганялі ў аўтазак. Ударылі па сківіцы гэтак, што два дні мог есьці толькі адным бокам. Яшчэ Хаўкін наракае, што не давалі пазваніць жонцы і сваякам.
Менск. Ленінскі раённы суд. Мікіта Краснакуцкі з «Моладзі БНФ» пакараны на 10 сутак арышту.
Алесь Лагвінец перад судом абняў сына-немаўля
Палітыка Алеся Лагвінца, затрыманага і зьбітага 23 сакавіка, судзяць у менскім судзе Маскоўскага раёну. Паводле ягонага сына Антося, спачатку затрыманага разам з бацькам, нікога з сваякоў на суд не пусьцілі, але ён пасьпеў абняць родных перад заляй суду, у тым ліку маленькага малодшага сына.
Лагвінца спрабавалі судзіць за «дробнае хуліганства» ў дзень затрыманьня, 23 сакавіка. Але з суду яму выклікалі «хуткую дапамогу» і адвезьлі ў лякарню. Са слоў сына, у Алеся Лагвінца страсеньне, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа. У лякарні яго пільнавалі «людзі ў цывільным».
Штраф за хуліганства Паліне Панасюк-Шарэндзе
Берасьце. Штраф у памеры 15 базавых велічыняў — такі прысуд агучыў судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця ў дачыненьні да актывісткі з гораду над Бугам Паліны Панасюк-Шарэнды. У суботу актывістку затрымалі і абвінавацілі ў хуліганстве. Да сёньняшняга дня жанчына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Нягледзячы на яе звароты і скаргі пра тое, што яна маці двух няпоўнагадовых дзяцей, яе не адпусьцілі дадому.
Падчас суду міліцыянты зь Берасьця Рудавец і Ганчароў сьведчылі, што дзяўчына нецэнзурна лаялася ў іх прысутнасьці. Пратакол аб парушэньні Паліне Шарэндзе так і ня выдалі. Дзяўчына мае намер абскарджваць прысуд.
Гомель. На фрылансэра Кастуся Жукоўскага ў Цэнтральным РАУСе склалі 4 пратаколы паводле артыкулу 22.9 — незаконны выраб прадукцыі СМІ.
Судзяць музыку Хаўкіна
Менск. У Ленінскім судзе судзяць музыку, былога скрыпача «Крамбамбулі» Аляксандра Хаўкіна. Яму выклікалі хуткую ў судзе і ўчора ў РУУС. Пратрымалі ўчора 5 гадзінаў на расьцяжцы, стала блага.
Прысуд Леаніду Кулакову — 25 сутак
Менск. Суд Савецкага раёну, Леанід Кулакоў — 25 сутак. Арт. 23.34 і 23.4 КаАП, судзьдзя Федарава М., паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Самы вялікі на гэты час прысуд.
У Бабруйску судзяць проста ў ізалятары
Сёньня ў Бабруйску адбудзецца суд над Аляксеем Данілейкам, які застаўся адзіным з прыкладна сарака затрыманых учора вакол плошчы Перамогі, каго ня выпусьцілі на волю.
Іншых выпускалі зь 17-й да 21-й гадзіны вечара, і ўсіх без пратаколу правапарушэньня. Суд над Данілейкам мае пачацца а 15.00 проста на тэрыторыі ізалятара часовага ўтрыманьня.
Таксама чакаюцца суды над затрыманым 24 сакавіка Уладзімерам Лазаравым і затрыманым уноч на 26-га, адразу пасьля выхаду зь 15 сутак, Максімам Буйніцкім.
Менск. Крысьціян Шынкевіч у Ленінскім судзе аштрафаваны атрымаў 20 базавых.
Быў затрыманы яшчэ ў 10 раніцы непадалек ад Акадэміі навук, ня меў дачыненьня да пратэстаў.
Менск. Ленінскі раённы суд. Дар'ічаў Сяргей аштрафаваны на 20 базавых велічынь.
Міліцыянт называў затрыманых «кавалкамі г…а»
Менск. Ленінскі раённы суд. Працэс над Сяргеем Дар'ічавым, беспрацоўным. Судзьдзя Тацяна Дарашчонак. Сяргей дае паказаньні па-беларуску.
Да суду пасьпеў расказаць, што быў затрыманы на Акадэмічнай вуліцы да мітынгу. Яго зь сябрам спынілі міліцыянты, затрымалі, зьбілі пры затрыманьні. Паводле пратаколу, ён нібыта размахваў рукамі і брыдкасловіў, а пры затрыманьні клаўся на асфальт. Сяргей гэта абверг, паводле яго, іх з сябрам затрымалі пасьля таго, як яны ўжо разьвярнуліся і пайшлі прэч ад міліцыянтаў, якія іх спынілі. Ніхто зь міліцыянтаў не называўся. У камэры Ленінскага РУУС яго патрымалі не 3 гадзіны, а больш за 6.
Сяргей абураецца абыходжаньнем міліцыянтаў у Ленінскім РУУС: «Адзін зь міліцыянтаў, нейкі Міша, называў нас КАВАЛКАМІ Г…А. Таксама не давалі пазваніць, мая маці дагэтуль ня ведае, дзе я».
За 5 хвілінаў бязь сьведак
Менск. Актывіст Аляксандар Курэц у Кастрычніцкім судзе арыштаваны на 10 сутак. Суд цягнуўся 5 хвілінаў, асудзілі бязь сьведак.
У суд Цэнтральнага раёну Менску прывезьлі 20 затрыманых за ўдзел у акцыі 25 сакавіка. Сярод затрыманых — Дзяніс Садоўскі, прадстаўнік партыі БХД, адзін з заяўнікаў акцыі 25 Сакавіка.