Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба
25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба

Да 25 сутак. Суды за Дзень Волі па ўсёй Беларусі

Пасьля масавых затрыманьняў на акцыях 25 сакавіка і 26 сакавіка ​ў Беларусі чакаюць судоў у панядзелак да сотні чалавек, паводле зьвестак Беларускага Хэльсынскага камітэту. Прыблізна столькі ж — паводле сьпісу «Вясны». Агулам за два дні затрымана было каля тысячы чалавек. Да Дня Волі суды над «недармаедамі» ішлі два тыдні.

Магілёў. Чакаецца суд над актывістам БНФ Аляксандрам Страхам. Яго затрымалі ў пятніцу ўвечары. Падставы не вядомыя. 15 сакавіка выступаў на «Маршы недармаедаў».

У раскладзе Маскоўскага раённага суду Менску 4 працэсы. Журналіста «Белсату» Алеся Баразенку будуць судзіць а 12-й.

У Ленінскім, Кастрычніцкім і Партызанскім судах Менску сьпісаў пакуль няма, нікога не прывезьлі. У турме на Акрэсьціна сакратарам Партызанскага суду сказалі, што адтуль аўтазак з затыманымі выехаў. У які суд ён паедзе, невядома.

У Ленінскім судзе на стэндзе інфармацыі ўвогуле няма зьвестак пра суды. У Доме правасудзьдзя бачылі некалькі пераапранутых міліцыянтаў, якія звычайна выступаюць сьведкамі.

У судзе Заводзкага раёну Менску.

Горадня. У абласным судзе сёньня пачынаецца разгляд скаргаў асуджаных за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 19 лютага.

Берасьце. Сёньня чакаецца разгляд адміністрацыйнай справы Паліны Шарэнды-Панасюк, затрыманай 2 дні таму, распавёў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін. Праваабаронца мяркуе, што могуць быць і іншыя суды, пакуль інфармацыя высьвятляецца.

Баранавічы. Сёньня тут будуць судзіць актывіста Аляксандра Шведа, якога затрымалі 24 сакавіка. Аляксандар знаходзіцца ў ізалятары, ён інвалід другой групы.

Менск. Алеся Лагвінца сёньня выпісваюць са шпіталя. Потым адновіцца суд у Маскоўскім раённым судзе. Судзьдзя Казак.

Вінярскі і Марцалеў абвясьцілі галадоўку

Менск. У Партызанскім раённым судзе пачынаецца працэс над Максімам Вінярскім. Вінярскі кажа, што зараз зь ім прывезьлі ў суд 14 чалавек, у тым ліку Сяргея Марцалева. Яны абодва абвясьцілі галадоўку.

Менск. У Партызанскім раённым судзе будуць судзіць Паляховіча і Аляксандра Курца, судзьдзя Германовіч.

Менск. У Партызанскі раённы суд на другі паверх даставілі Паўла Белавуса, якога затрымалі ўчора ля Кастрычніцкай плошчы.

Менск. У суд Цэнтральнага раёну прывезьлі каля 20 чалавек, сярод іх Дзьмітры Кавалгін, Дзяніс Садоўскі, Дзьмітры Сільчанка.

Пачаўся судовы канвэер у Менску

Менск. У Кастрычніцкім раённым судзе судзяць Арцёма Чарняка. Судзьдзя Лагвіновіч. Людзей выводзяць з пакоя на 4 паверсе, дзе трымаюць усіх разам, вядуць да судзьдзі і адразу судзяць.

Чарняку інкрымінуюць удзел у недазволеным шэсьці ад Акадэміі навук да плошчы Коласа ў Менску і што выкрыкваў «Жыве Беларусь!»

Менск. Кастрычніцкі раённы суд. Падсудны Арцём Чарняк кажа: «У 13.50, як пазначана ў пратаколе, што я браў удзел у шэсьці, мяне ўжо трымалі ў аўтазаку. Мяне ўзялі ў 13.30, стаяў на ходніках, нічога не крычаў і сьцяга не трымаў. Да мяне падышлі амапаўцы і пацягнулі ў аўтазак. Як мяне забралі, ніякага шэсьця не было. Стаялі толькі журналісты і міліцыянты».

Чарняк нарадзіўся ў Маладэчна, мае сярэдне-спэцыяльную адукацыю, беспрацоўны.

У Маскоўскім судзе Менску

Першы прысуд — 12 сутак

Менск. Кастрычніцкі раённы суд. Першы прысуд — 12 сутак арышту атрымаў Арцём Чарняк. Прасіў супакоіць бацькоў.

Арцёма Чарняка вядуць на суткі
Арцёма Чарняка вядуць на суткі

Новы судны дзень у Гомлі

27 сакавіка ў Гомлі пачынаюцца суды над удзельнікамі «Маршу недармаедаў-2» і мітынгу каля ДК таварыства глухіх на Дзень Волі. Меркавана, што адміністрацыйныя справы будуць разглядацца ў трох раённых судах — Чыгуначным, Савецкім, Гомельскім сельскім.

Пасьля акцыі пратэсту былі схопленыя і прэвэнтыўна адпраўленыя ў ізалятар Аляксандар Процка, Натальля Шчукіна, Ала Раманчык. Яшчэ да акцыі затрымалі і адвезьлі ў ізалятар намесьніка старшыні АГП Васіля Палякова.

У вёсцы Цярэшкавічы Гомельскага раёну затрымалі рэгіянальнага прадстаўніка Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова, а ў Гомелі — актывіста гэтага ж прафсаюзу Аляксандра Еўсейчука.

Чакаюцца суды і над некалькім моладзевымі актывістамі, затрыманымі падчас сьвяткаваньня Дня Волі.

Менск. Кастрычніцкі раённы суд. Грамадзяніну Ўкраіны Руслану Цярэшчанку — арышт 15 сутак. Судзьдзя Камушкін.

Цярэшчанку далі 5 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 10 сутак нібыта за брыдкаслоўе. Ён абвяргаў, што брыкасолвіў.

Менск. Кастрычніцкі раённы суд. Судзяць Крысьціяна Шынкевіча. Судзьдзя Маргалік. Шынкевіча затрымалі на Нямізе, ішоў у офіс. Гэта было яшчэ да мітынгу.

Крысьціян Шынкевіч
Крысьціян Шынкевіч

Гомель. У суд Чыгуначнага раёну прыйшлі сваякі затрыманых 25 сакавіка маладзёнаў Віктара Чумачэнкі і Зьмітра Каўтунова. Чакаюць, ніякай інфармацыі пра суды няма. Сюды ж маюць прывезьці Аляксандра Процку, Алу Раманчык, Натальлю Шчукіну.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG