Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве пачынаецца суд над «беларускім шпіёнам». Пакуль што ў адкрытым рэжыме


Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, затрыманы ва Ўкраіне праз падазрэньне ў шпіянажы, і ягоны ліст з турмы
Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, затрыманы ва Ўкраіне праз падазрэньне ў шпіянажы, і ягоны ліст з турмы

Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці сёньня правядзе папярэдняе слуханьне справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага летась у чэрвені ў гэтым абласным цэнтры Ўкраіны праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы.

Судовая калегія ў складзе трох судзьдзяў пачне слуханьне справы а 16.00 паводле кіеўскага часу.

Прызначаны суд над украінскім журналістам Паўлам Шаройкам, якога ў Беларусі вінавацяць у шпіянажы

На мінулым тыдні суд даручыў Цэнтру бясплатнай прававой дапамогі Чарнігава забясьпечыць пераклад судовага працэсу на расейскую мову, паколькі Юры Палітыка зьяўляецца грамадзянінам замежнай краіны.

Прадугледжваецца, што на папярэднім паседжаньні суд мае разгледзець шэраг хадайніцтваў з боку абароны і абвінавачаньня, у тым ліку ад пракуратуры аб падоўжаньні арышту (16 лютага заканчваецца тэрмін дзеяньня ранейшага рашэньня аб утрыманьні Юрыя Палітыкі пад вартай), а таксама аб прымяненьні прымусовых захадаў мэдыцынскага або выхаваўчага характару і аб вызваленьні яго ад крымінальнай адказнасьці, якія ініцыюе адвакат беларуса.

Папярэдняе слуханьне справы мае адбывацца ў адкрытым рэжыме. Разам з тым пры далейшым разглядзе справы суд можа ўхваліць рашэньне аб закрытым фармаце працэсу, паколькі гаворка ідзе пра «сакрэтную інфармацыю», якую Юры Палітыка нібыта зьбіраў ў інтарэсах іншай дзяржавы.

23 студзеня Юры Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт — яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.

На пачатку 2018 году стала вядома пра заяву грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, у якой ён абвінаваціў супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны ў прымяненьні катаваньняў ды псыхатропных рэчываў. У той жа час, як паведамілі Свабодзе ў офісе Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, Юры Палітыка не зьвяртаўся да іх з прычыны парушэньня сваіх правоў. У Службе бясьпекі Ўкраіны зьняпраўдзілі такія абвінавачаньні.

Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі — адказ на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.

У КДБ Беларусі Свабодзе паведамілі, што працягваюць расьсьледаваньне справы Шаройкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Пра тэрміны завяршэньня сьледзтва і пачатку суду над Шаройкам у КДБ Беларусі пакуль ня кажуць.

КДБ пра сувязь шпіёнскіх справаў Шаройкі і Палітыкі: «Домыслаў не камэнтуем»

Маці «беларускага шпіёна», арыштаванага ў Чарнігаве: «Ня веру, што сын працаваў на КДБ»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG