На прэсавай канфэрэнцыі 13 сакавіка пракурор Менскай вобласьці Алег Лаўрухін расказаў, што на пачатку 2018 году ў суд была накіраваная справа прапаршчыка з навучальнага цэнтру ў Печах, дзе раней загінуў салдат Аляксандар Коржыч.
«Было ўстаноўлена звыш трыццаці фактаў ужываньня гвалту і атрыманьня хабараў ад вайскоўцаў. Напрыклад, за наведваньне буфэту», — перадае Tut.by словы Алега Лаўрухіна.
Паводле пракурора, справа прапаршчыка разглядаецца ў судзе Барысаўскага раёну асобна ад справы аб сьмерці Аляксандра Коржыча, прысуду пакуль няма.
Лаўрухін адзначыў, што пасьля сьмерці Коржыча работнікі пракуратуры ня раз выяжджалі ў Печы, але да здарэньня салдаты ня скардзіліся на дзедаўшчыну ў частцы.
«Восеньню 2017 году да гэтага выпадку не было ніводнай скаргі ад тэрміновай службы ні пісьмова, ні вусна. Гэта зразумела, яны думаюць: вы прыехалі і зьехалі, а нам яшчэ жыць», — разважаў Лаўрухін.
У справе аб сьмерці салдата Коржыча дапыталі каля 400 чалавек, завялі крымінальныя справы на восем вайскоўцаў, звольнілі чатырох службовых асобаў, прызначылі новага начальніка цэнтру падрыхтоўкі вайскоўцаў. Справа Коржыча расьсьледуецца дагэтуль, але маці памерлага лічыць, што справу «спускаюць на тармазах».
Як разьвіваліся падзеі ў Печах
Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвалу, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве.
Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.