Пракурор штату Нью-Ёрк падаў у суд на кампанію галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна, паведамляе BBC.
Абвінавачваньне лічыць, што кіраўніцтва Weinstein Company не прадухіліла сэксуальных дамаганьняў у дачыненьні сваіх супрацоўніц, хоць неаднаразова атрымлівала доказы.
Пазоў заснаваны на матэрыялах сьледзтва, сабраных за апошнія чатыры месяцы. Сярод іх такія эпізоды, як пагрозы забойства супрацоўніц і іх сем’яў, прымус да аказаньня сэксуальных паслуг, а таксама наяўнасьць у дамовах пункта аб штрафах за скаргі на непрыстойныя адносіны.
Пазваным зьяўляецца як сузаснавальнік Weinstein Company Робэрт Вайнштэйн, так і сам кіраўнік кампаніі. Пракурор штату Нью-Ёрк Эрык Шнэйдэрман лічыць яго вінаватым у сэксуальных дамаганьнях і жорсткім стаўленьні да падначаленых.
У кастрычніку 2017 году дзясяткі вядомых акторак абвінавацілі Гарві Вайнштэйна ў дамаганьнях. Неўзабаве пасьля гэтага падобныя абвінавачваньні паступілі і ў адрас іншых славутасьцяў са сьвету кіно і палітыкі. Самога Вайнштэйна звольнілі з рады дырэктараў кампаніі і выключылі са складу Амэрыканскай кінаакадэміі, а паліцыя пачалі расьсьледаваньне.
Паводле The Wall Street Journal, у кампаніі, якую прадусар заснаваў разам з братам, пачаліся сур’ёзныя фінансавыя цяжкасьці, і яе неўзабаве прададуць.