Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Галівуд 30 гадоў маўчаў пра сэксуальны гвалт з боку ўплывовага прадусара


Гарві Вайнштэйн
Гарві Вайнштэйн

«Маё сэрца разьбіваецца з-за велізарных пакутаў, якія перажылі жанчыны з-за гэтых недаравальных дзеяньняў». Так Джарджына Чапмэн, жонка галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна, абвясьціла аб разьвітаньні з мужам пасьля таго, як некалькі жанчынаў абвінавацілі Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганьнях.

41-гадовая дызайнэрка Чапмэн і 65-гадовы Вайнштэйн, адзін з самых уплывовых галівудзкіх прадусараў, былі ў шлюбе 10 гадоў. У іх ёсьць двое сумесных дзяцей — сямігадовая дачка і чатырохгадовы сын.

Як прадусар мноства папулярных фільмаў — у тым ліку «Крымінальнага чытва» і «Джанга вызвалены» — апынуўся ў цэнтры скандалу?

У чым абвінавацілі Вайнштэйна

Газэта The New York Times 5 кастрычніка апублікавала расьсьледаваньне «Дзесяцігодзьдзі абвінавачваньняў Гарві Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганьнях». Былыя і цяперашнія падначаленыя прадусара распавялі журналістам пра дамаганьні з боку Вайнштэйна.

Газэта спасылалася на афіцыйныя паперы, перапіску і ўнутраныя дакумэнты абедзьвюх кінакампаніяў Вайнштэйна, якія пацьвярджаюць гэтую інфармацыю.

У прыватнасьці, двое падначаленых Вайнштэйна заявілі, што ў розныя гады ён улагодзіў канфлікты з прынамсі васьмю жанчынамі, якія абвінавачвалі яго ў дамаганьнях і непажаданых фізычных кантактах. Сярод іх былі дзьве асыстэнткі (у 1990 і 1998 гадах), актрыса (1997), італьянская мадэль (2015) і супрацоўніца The Weinstein Company Лорэн ОʼКонар (таксама ў 2015 годзе).

У 1997 годзе з дамаганьнямі Вайнштэйна сутыкнулася акторка Роўз Макгоўэн: паводле яе, прадусар дамагаўся яе ў нумары гатэлю падчас кінафэстывалю «Сандэнс», а пазьней улагодзіў канфлікт у пазасудовым парадку. Памер кампэнсацыі не называўся, але газэта паведаміла, што за маўчаньне жанчынам плацілі па 80-150 тысячаў даляраў.

Афіцыйна аб дамаганьнях упершыню заявіла акторка Эшлі Джад («Амнэзія», «Цалуючы дзяўчат» і «Падвойны пралік») у 2015 годзе. Пазьней Джад назвала імя прадусара. Актрыса заявіла, што калі яна прыехала да Вайнштэйна на сустрэчу абмеркаваць магчымае супрацоўніцтва, ён папрасіў яе падняцца да яго ў нумар і прапанаваў ёй масаж. Актрыса адказала адмовай і пасьля гэтага, сьцьвярджае Джад, студыя Вайнштэйна ні разу не прапаноўвала ёй ролю.

«Я стараюся выправіцца»

5 кастрычніка ў камэнтары The New York Times Вайнштэйн папрасіў прабачэньня: «Я стараюся выправіцца, але мне яшчэ трэба будзе шмат працаваць над сабой». У афіцыйнай заяве ён сказаў, што вырас у 60-я і 70-я гады, калі правілы паводзінаў былі іншымі, і прасіў даць яму другі шанец.

Паводле прадусара, ён зьвярнуўся па дапамогу да псыхатэрапэўтаў. Вайнштэйн таксама паведаміў, што зьбіраецца падаць у суд на The New York Times за паклёп.

Адразу пасьля публікацыі расьсьледаваньня ён распавёў аб некалькіх «вельмі жорсткіх» размовах з жонкай і што яна «дала яму высьпятка», каб ён стаў добрым чалавекам і заслужыў прабачэньня ў тых, каго пакрыўдзіў.

Як адрэагавалі калегі прадусара

Праз падазрэньні ў сэксуальных дамаганьнях Вайнштэйна 9 кастрычніка звольнілі з заснаванай ім жа кампаніі Weinstein Co. Рада дырэктараў Weinstein Co., гаворыцца ў афіцыйнай заяве кампаніі, вырашыла звольніць Вайнштэйна «ў сьвятле новай інфармацыі пра яго непрыстойныя паводзіны, якая зьявілася ў апошні час».

Перад звальненьнем Вайнштэйн прасіў агентаў галоўных галівудзкіх знакамітасьцяў і кіраўнікоў іншых кінастудыяў заступіцца за яго перад Радай дырэктараў The Weinstein Company.

З назвы Weinstein Co. прыбяруць імя прадусара.

Гарві Вайнштэйн з братам Бобам Вайнштэйнам заснавалі знакамітую незалежную кінастудыю Miramax ў канцы 1970-х, дзе выпускалі аўтарскае кіно: ад фільмаў Стывэна Содэрбэрга да Пітэра Грынуэя і Пэдра Альмадовара. Сярод самых вядомых стужак Miramax:

  • «Разумнік Уіл Хантынг»,
  • «Закаханы Шэксьпір»,
  • «Крымінальнае чытво», «Чыкага»,
  • «Кароль гаворыць»,
  • «Бясслаўныя вырадкі»,
  • «Джанго вызвалены».

Шматгадовае супрацоўніцтва з Квэнцінам Таранцінам Вайнштэйн называў «22-гадовым шлюбам».

Кастынг на канапе

  • Першай пра дамаганьні пасьля публікацыі расьследаваньня распавяла зорка «Выкупленьня» Джо Райта і «Анёла» Франсуа Азона — Рамола Гарай. Паводле яе слоў, гэта здарылася ў 2000 годзе, калі ёй было 18 гадоў. «Як у любой іншай жанчыны ў індустрыі, у мяне было «пэрсанальнае інтэрвію» ў Вайнштэйна; пасьля праслухоўваньня трэба было, каб ён асабіста ўхваліў тваю кандыдатуру«, — сказала Гарай. Паводле яе словаў, яе папрасілі падняцца да Вайнштэйна ў нумар гатэлю, дзе ён сустрэў яе ў халаце. Яна адчула сябе зьняважанай, але не змагла нікому сказаць пра гэта. «Гэта было злоўжываньне ўладай» — сказала Гарай і дадала: «Вы не зможаце знайсьці акторку, у якой няма такой гісторыі пра Гарві».
  • Актрыса і тэлевядучая Лорэн Сівіян распавяла, як у 2007 годзе прадусар заціснуў яе на вечарыне ў куце, загадаў «заткнуцца» і пачаў мастурбаваць, пакуль не дасягнуў аргазму. Як патлумачыла жанчына, яна не стала заяўляць аб тым, што здарылася, бо баялася скандалу і самога Вайнштэйна, які валодаў вялікім уплывам.
  • Аб дамаганьнях з боку Вайнштэйна ў 1997 годзе таксама паведаміла былая мадэль Зоі Брок. Паводле яе словаў, у 23 гады яна пазнаёмілася з прадусарам на Канскім кінафэстывалі, дзе ён падманам зьвёз яе ў гатэль, сказаўшы, што туды перанесьлі вечарыну. Вайнштэйн паспрабаваў зрабіць ёй масаж, Брок схавалася ў ваннай.
  • Актрыса і рэжысёр Азія Арджэнта (дачка легендарнага рэжысэра фільмаў жахаў Дарыё Арджэнта) распавяла, што ў 1997 годзе Вайнштэйн запрасіў яе на вечарынку ў гатэль. Прыехаўшы туды, яна ўбачыла, што ў нумары, акрамя яго, нікога няма. Па словах актрысы, яна доўгія гады вініла сябе за тое, што не знайшла ў сабе сіл адбівацца, калі прадусар пачаў рабіць ёй куннілінгус.
  • Пачаткоўка-акторка Люсія Эванс паведаміла The New Yorker, што прадусар запрасіў яе пагаварыць пра справы да сябе ў офіс, хваліў яе і абяцаў ролі, а потым расшпіліў штаны і прымусіў заняцца зь ім аральным сэксам. «Ён дужы мужчына і ён мяне перадужаў. Гэта самае жудаснае, і менавіта таму ён так доўга рабіў гэта з жанчынамі: людзі проста здаюцца, а потым яшчэ адчуваюць, што самі вінаватыя ў тым, што адбылося», — сказала акторка.
  • Актрыса Разана Аркет, па яе словах, дала адпор Вайнштэйну. Пасьля гэтага, сказала акторка, прадусар псаваў ёй жыцьцё на працягу многіх гадоў.
  • The New Yorker апублікаваў паліцэйскі аўдыёзапіс дамаганьняў Вайнштэйна да італьянскай мадэлі Амбрэ Гутыерас ў 2015 годзе (пасьля першых заляцаньняў мадэль зьвярнулася ў паліцыю, і запісала наступную сустрэчу на стужку). На запісы чуваць, як Вайнштэйн клянецца сваімі дзецьмі, што не зробіць нічога дрэннага, і працягвае настойваць на кантакце з Гутыерас. На яе пытаньне, чаму напярэдадні ён схапіў яе за грудзі, прадусар адказаў: Проста прызвычаіўся так рабіць.

  • Аб дамаганьнях з боку Вайнштэйна распавяла акторка Гвінэт Пэлтраў. Паводле яе слоў, калі ёй было 22 гады, Вайнштэйн яе чапаў. Яна распавяла пра гэта свайму хлопцу, Брэду Піту, які пайшоў на канфлікт з прадусарам. Пасьля гэтага Вайнштэйн загадаў ёй маўчаць, а яна пагадзілася, бо баялася, што яе звольняць са здымак.
  • Анджэліна Джолі сутыкнулася з дамаганьнямі Вайнштэйна, калі ёй было 23 гады. «У мяне быў дрэнны досьвед з Гарві Вайнштэйнам ў юнацтве, і з таго часу я вырашыла ніколі зь ім не працаваць і папярэджвала іншых» — сказала Джолі, удакладніўшы, што ён чапляўся да ёй у пакоі гатэля.

Мужчынскае маўчаньне

Актрыса і рэжысэр «Дзяўчат» Лена Данэм ў сваім артыкуле ў The New York Times «Гарві Вайнштэйн і мужчынскае маўчаньне» напісала, што прадусар — далёка не адзіны, хто так паводзіць сябе ў кінаіндустрыі.

«Менавіта гэтага ён баіцца больш за ўсё: што зьнікне маўклівая мужчынская падтрымка такіх паводзінаў», — напісала ў сваім твітэры акторка Міндэн Калінг.

Кінаактор і сцэнарыст Сэт Роген напісаў: «Я веру ўсім жанчынам, якія распавялі пра дамаганьні з боку Гарві Вайнштэйна», а Бэн Афлек заявіў, што «мы павінныя лепш абараняць нашых сясьцёр, сяброў, калег і дачок, падтрымліваць тых, хто знаходзіць у сабе сьмеласьць расказаць аб тым, што здарылася, і імкнуцца да таго, каб больш жанчынаў мелі ўплыў ».

Сытуацыю пракамэнтавала і Гілары Клінтан, чыю выбарчую кампанію Вайнштэйн падтрымліваў, у тым ліку грашыма.

«Паводзіны, апісаныя жанчынамі, недапушчальныя. Іх сьмеласьць і падтрымка грамадзкасьці вельмі важныя для таго, каб падобныя рэчы не паўтараліся», — заявіла Клінтан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG