Суд над Сіўчыкам завяршыўся. Пратаколы накіравалі на дапрацоўку.
Суд над Вячаславам Сіўчыкам завяршыўся. Судзьдзя Натальля Вайцяховіч вырашыла адправіць пратаколы аб правапарушэньнях у РУУС Цэнтральнага раёну на дапрацоўку ў сувязі з фактычнай неадпаведнасьцю.
Сьведкамі ў судзе сталі два міліцыянты — Давыдаў і Корсак. Яны не змаглі патлумачыць прычыну затрыманьня Сіўчыка ў пад’езьдзе, калі ён ішоў дадому. Судзьдзя абвясьціла перапынак.
Вячаслаў Сіўчык хадайнічаў аб вядзеньні працэсу па-беларуску. Судзьдзя адмовіла.
Адвакат хадайнічае аб накіраваньні пратаколаў на дапрацоўку, бо пратаколы аб хуліганстве і непадпарадкаваньні былі складзеныя раней, чым было затрыманьне. Судзьдзя хадайніцтва таксама адхіліла.
Судзьдзя зачытала пратаколы, складзеныя паводле артыкулаў аб хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Нібыта Сіўчык быў пʼяны, мацюкаўся і адмаўляўся сядаць у міліцэйскую машыну.
Вячаслаў Сіўчык сваёй віны не прызнаў і назваў пратаколы хлусьлівымі.
Вячаслаў Сіўчык сказаў, што знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС, дзе было вельмі холадна і цягам 10 гадзін не давалі ежы. Яго мае судзіць Натальля Вайцяховіч.
Вячаслава Сіўчыка прывезьлі ў будынак суду Цэнтральнага раёну Менску. Дагэтуль ён знаходзіўся ў РУУС гэтага ж раёну. Вячаслаў Сіўчык называе сваё затрыманьне незаконным і палітычна матываваным. Паводле Вячаслава — гэта чацьвёрты выпадак незаконных дзеяньняў міліцыі пасьля яго вяртаньня з Украіны.
Адвакат Сіўчыка паведаміў, што на яго падабароннага складзеныя два пратаколы: паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 адміністрацыйнага кодэксу — аб хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.