Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі памахаць зялёнай паперкай перад носам — любы кавалак мяжы ў арэнду могуць здаць»


Пракурор. 8 жніўня ў Менскім абласным судзе абвясьцілі прысуды 16 фігурантам гучнай справы ашмянскіх мытнікаў.
Пракурор. 8 жніўня ў Менскім абласным судзе абвясьцілі прысуды 16 фігурантам гучнай справы ашмянскіх мытнікаў.

У Менскім абласным судзе вынесены прысуд 16 фігурантам гучнай справы мытнікаў. Практычна ўсе яны прызнаныя вінаватымі ў даваньні і атрыманьні хабару. Яшчэ ў трох судах сталіцы праходзяць аналягічныя працэсы. На думку экспэртаў, прынамсі палова шараговых мытнікаў сядзе ні за што, бо ўся доказная база трымаецца толькі на словах.

13 былых супрацоўнікаў мытні «Каменны Лог» атрымалі тэрміны ад 5 да 11,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Толькі трое маюць прысуды, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. Мытнік Віктар Букель — 5 гадоў «хіміі», прадпрымальнік з Астраўца Павал Равака — 3 гады «хатняй хіміі». Літоўскаму бізнэсоўцу Артуру Тураеву прысудзілі штраф у суме 2000 базавых велічыняў, ён выходзіць на волю.

Гарнік Сарумянц — па вэрсіі сьледзтва, арганізатар злачыннай групы — атрымаў 11,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці; былы начальнік пункту мытнага афармленьня «Каменны Лог» Ігар Высоцкі — 8 гадоў; былы начальнік пунктаў «Каменны Лог», «Гудагай» і «Катлоўка» Віктар Фалевіч — 7,7 года; мытнік Валер Башлыкевіч — 7,5 года. Гаральскі, Лапшэвіч, Горбаль, Карповіч, Ермалаеў асуджаныя на 6 гадоў, Попчанка — на 5 гадоў.

Юры Кавальчук і Ігар Бубнаў, якія не прызналі сваёй віны, асуджаныя на 5 і 6 гадоў адпаведна. Адзіная жанчына, якая праходзіла па справе, начальнік аддзелу мытні Марына Мароз атрымала 6 гадоў пазбаўленьня волі, хоць выплаціла амаль 120 тысяч даляраў.

Віктар Федаровіч: «У тым, што бралі хабар — сумненьняў няма. Але доказная база — толькі словы»

Віктар Федаровіч, фота з сайту naviny.by
Віктар Федаровіч, фота з сайту naviny.by

Журналіст, аглядальнік парталу naviny.by Віктар Федаровіч прысутнічаў на ўсіх паседжаньнях па справе мытнікаў. У камэнтары Свабодзе ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад працэсу:

«Практычна ўсе 16 фігурантаў справы атрымалі абвінаваўчыя прысуды. Толькі літоўскі бізнэсовец Артур Тураеў — для яго пракурор прасіў 2 гады пазбаўленьня волі — абышоўся штрафам 2 тысячы базавых велічыняў. 10 тысяч эўра было выплачана ягонымі бацькамі, і суд гэта ўлічыў. Віктару Букелю пракурор прасіў 3 гады зьняволеньня, атрымаў 5 гадоў абмежаваньня волі з адпраўкай на «хімію». Прадпрымальнік Павал Равака быў вызвалены — для яго пракурор прасіў «хімію», але ён будзе адбываць пакараньне дома. Яго таксама абвінавачвалі ў даваньні хабару, гучала сума ў 6600 даляраў. Адзіны эпізод, які праходзіў па справе — аўтазапчасткі, якія везьлі ў Казахстан. Яго нейкі літоўскі бізнэсовец папрасіў, каб хутчэй аформілі, той выйшаў на знаёмых мытнікаў. Усе астатнія атрымалі тэрміны на 1–1,5 года меншыя за тыя, што прасіў пракурор.

Максымальны тэрмін атрымаў Гарнік Сарумянц, былы супрацоўнік мытні, у якога дома пад ваннай знайшлі больш за 1,8 мільёна даляраў — ён асуджаны на 11,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Пракурор прасіў 12,5 года. Больш за 2 гады ён пад вартай, засталося яшчэ 9 гадоў. Самае дзіўнае, што паводле прысуду яму далі тэрмін па артыкуле 430 — браў хабар, хоць ён звольніўся задоўга да ўзбуджэньня гэтай справы. А абвінавачваецца Сарумянц паводле 431 артыкула — «даваньне хабару». Тут ёсьць пытаньні, думаю, адвакаты зьвернуць на гэта ўвагу пры абскарджваньні прысуду. І самае цікавае — у абвінавачаньні не паведамляецца сума атрыманага хабару, колькі грошай усё ж ён узяў.

Агульная сума хабару, якую агучылі, — 870 тысяч даляраў. Паводле маіх падлікаў, больш за 600 тысяч даляраў мытнікі вярнулі.

А наагул тэрміны астатнім мытнікам даволі вялікія — ад 5 да 8 гадоў. Актыўнаму фігуранту справы Ігару Высоцкаму пракурор прасіў даць 9 гадоў, прысудзілі 8. Да таго ж некаторыя засталіся яшчэ вінныя дзяржаве.

Адзіную жанчыну, былую начальніцу аддзелу мытні Марыну Мароз у залі суду ўзялі пад варту, раней яна была пад хатнім арыштам. Калі пракурор зачытаў абвінавачаньне і папрасіў для яе 11 гадоў пазбаўленьня волі, бо больш за 100 тысяч даляраў хабару, які яна атрымала, не было выплачана — дык за два дні яе родныя знайшлі 100 тысяч даляраў і заплацілі. Таму пакараньне істотна зьмякчылі — яна атрымала 6 гадоў пазбаўленьня волі.

ніякіх пацьвярджальных фактаў няма. Усе лічылі, што гэта дадатковая плата за паслугу, якая была хутка і добрасумленна аказаная

Што да гэтай справы, ніякай шкоды Рэспубліцы Беларусь не нанесена. Фабула фігурантаў справы такая: супрацоўнікі мытні вельмі добра працавалі, вельмі хутка афармлялі гэтыя машыны з кветкамі, якія вельмі хутка праяжджалі мяжу. А вось фабула абвінавачваньня — мытнікі вельмі фармальна праводзілі надгляд. Але ніякіх пацьвярджальных фактаў няма. Усе лічылі, што гэта дадатковая плата за паслугу, якая была хутка і добрасумленна аказаная. Вось гэта мяне больш за ўсё ўразіла — стаўленьне да гэтага саміх мытнікаў. Калі ў іх пыталіся: «За што вы бралі грошы?» — ня ўсе маглі патлумачыць, за што. Шараговым мытнікам, якіх цяпер судзяць у іншых судах, начальнікі проста давалі грошы гатоўкай і не казалі, за што. А людзі проста тупа бралі грошы. На жаль, гэта наша бяда ў барацьбе з карупцыяй, якая ўжо 23 гады доўжыцца, а толку ніякага — калі памахаць зялёнай паперкай перад носам — любы кавалак мяжы ў арэнду могуць здаць.

Што тычыцца прагнозу па астатніх працэсах — а яшчэ ў трох судах Менску разглядаюцца аналягічныя справы — думаю, што палова шараговых мытнікаў сядзе ні за што, бо ўся доказная база трымаецца толькі на словах. У апошнім слове падсудныя казалі, што іх прымушалі «агаворваць» адзін аднаго. Доказная база і ў гэтым працэсе — толькі паказаньні саміх мытнікаў, тое, што яны самі на сябе далі і на астатніх. Тое, што бралі хабар — сумненьняў няма. Але дэталізацыі, падрабязнасьцяў няма».

Прафэсар Міхаіл Пастухоў: «Ідзе нейкі „дагаварняк“, аднак незразумела, паміж кім і кім».

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

​Доктар юрыдычных навук, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў зьвяртае ўвагу на атмасфэру, у якой абвяшчаўся прысуд і наагул праходзіў працэс:

«Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што судзьдзя прысуд чытаў вельмі ціха, бубніў пад нос, нічога не было чуваць. Асабліва для тых людзей, якія знаходзіліся ў клетцы.

Фактычна былі абвешчаныя тэрміны, набліжаныя да тых, што прасіў пракурор, некаторым на год меншыя. Але асабіста ў мяне гэты судовы працэс пакідае шмат пытаньняў. Ён ня мае тых дакладных формаў, якія прапісаныя заканадаўствам: каб гэта быў адкрыты, галосны працэс, каб было ўсё чуваць, што гаворыць судзьдзя, каб было прасторнае памяшканьне, а не такая скучанасьць — народу як селядцоў у бочцы.

У мяне поўнае расчараваньне ў нашай судовай сыстэме і перакананасьць, што неабходна рэфармаваньне суду

У мяне поўнае расчараваньне ў нашай судовай сыстэме і перакананасьць, што неабходна рэфармаваньне суду. Нам патрэбны зусім іншы суд, дзе б адкрыта і галосна вырашалася пытаньне вінаватасьці людзей, каб людзі маглі даведацца праўду, а не такая пародыя на правасудзьдзе, якую мы бачылі сёньня.

Ідзе нейкі „дагаварняк“, аднак незразумела, паміж кім і кім. Усё пакрыта цемраю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG