Тыдзень таму Мікола Статкевіч праінфармаваў Менгарвыканкам аб правядзеньні акцыі пратэсту — накіраваў паведамленьне па электроннай пошце і зарэгістраваў на сайце Менгарвыканкаму.
Ініцыятар «Маршу» — Беларускі нацыянальны кангрэс. Асноўныя патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі — адмена дэкрэту № 3, павышэньне заробкаў і пэнсій. Таксама будзе ўзьнята праблема дзедаўшчыны, беззаконьня і бясчынства ў беларускім войску.
У пятніцу, 20 кастрычніка пры перадачы мэгафона затрымалі арганізатараў акцыі, пратрымалі паўтары гадзіны ў пастарунку, мэгафон забралі, паведаміў Свабодзе Статкевіч.
Напярэдадні акцыі ўлады прэвэнтыўна затрымліваюць актывістаў.
11 кастрычніка ўвечары каля крамы быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня адзін з арганізатараў Маршу, сустаршыня БХД Павал Севярынец. 2 кастрычніка яго асудзілі на 15 сутак, але з суду на Акрэсьціна не забралі, бо тады вызваліцца ён павінен быў бы 17 кастрычніка. Забралі толькі праз 9 дзён, так што на свабоду Севярынец выйдзе толькі 26 кастрычніка.
Таксама 11 кастрычніка на 15 сутак пасадзілі яшчэ аднаго з арганізатараў другога Маршу абураных беларусаў, актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля.
13 кастрычніка пасадзілі на 10 сутак Максіма Вінярскага — за перапост у інтэрнэце артыкула, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
На першы «Марш абураных беларусаў» 17 лютага Беларускі нацыянальны кангрэс вывеў на вуліцы сталіцы каля 3000 чалавек.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.