Панэль, госьцем якой стаў палітык, называлася «Ўрокі незалежнасьці». Цягам гадзіны Станіслаў Шушкевіч распавядаў пра «будаўніцтва Беларусі» і раіў, што рабіць аднагодкам незалежнасьці, каб зрабіць Беларусь лепшай.
Адно з пытаньняў публікі было пра хуткасьць ператварэньняў пасьля зьмены ўлады: шокавую тэрапію ці паступовыя рэформы. Адказваючы на яго, Шушкевіч сказаў:
«Я за зьмены без ахвяраў. Я не так актыўна цяпер займаюся зьменамі. Тое, што мне хацелася зрабіць, не ўдалося. Пасьля таго, як вызвалілі Статкевіча, хаця ў мяне зь ім былі няпростыя адносіны, я лічу, што ў нас ёсьць сьцяг, пад якім нам можна працаваць. Гэта Мікола Статкевіч. Чалавек, які адсядзеў чатыры гады ў турме, і не зламаўся, не прызнаў сваёй віны, гэта сьцяг. Пад гэты сьцяг на жаль ня сталі, але другога сьцяга я пакуль што не бачу».
Падчас выбараў 2010 году Станіслаў Шушкевіч падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.
Канфэрэнцыя Reshape2017 адбылася ў Менску, у прасторы EventSpace. Галоўнымі тэмамі дыскусіяў сталі новая эканоміка, трансфармацыя грамадзтва і будучыня мэдыяў.
Падрабязны рэпартаж з канфэрэнцыі чытайце на нашым сайце пазьней.