Збор подпісаў за прыпынак на маршруце арганізаваў мясцовы актывіст Кастусь Шыталь. 20 лістапада ён заклікаў землякоў падпісваць зварот на імя начальніка «Беларускай чыгункі», каб новы цягнік, польскі дызэль фірмы Pesa, які пускаюць з 10 сьнежня, спыняўся на станцыі Парафʼянаў.
Станоўчаму вырашэньню пытаньня паспрыяла актыўнасьць людзей, перакананы Шыталь:
«У звароце я пісаў, што прыпынак у Параф'янаве павінны быць згодна з пунктам 4 Правілаў перавозак пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам агульнага карыстаньня ў Рэспубліцы Беларусь. Але пазьней даведаўся, што гэтае правіла ўжо ня дзейнічае. Тым ня менш, кіраўніцтва БЧ апэратыўна адрэагавала і на электронныя звароты, якія пачалі паступаць туды ўжо ў пачатку тыдня, і на розгалас у сацсетках.
У прынцыпе, унесьці зьмены ў расклад цягніка, які яшчэ толькі плянуюць пусьціць па рэйках, ня так і цяжка. Афіцыйнага адказу ад кіраўніцтва чыгункі я яшчэ, дарэчы, не атрымаў. Але зьмены ў раскладзе ўжо ўбачыў: на 3 хвіліны скарочаны час на прыпынак у Маладэчне і дадзены прыпынак у Параф'янаве — на адну хвіліну».
На ўплыў меркаваньня грамадзянаў, іхных подпісаў і электронных зваротаў, па праўдзе, спадзяваліся ня ўсё. Тым ня менш, Шыталь ужо паведаміў аднадумцам пра перамогу:
«З Параф’янава ў бок Менску існуе сталы пасажырапаток, — расказвае Шыталь. — У навучальных установах Мінска і Маладэчна вучацца многія выпускнікі школ з гэтай частцы Докшыцкага раёну. Многія жыхары Менску і Менскай вобласьці маюць сваякоў у гэтых ваколіцах, і часта іх наведваюць. Жыхары гэтага рэгіёну часта выяжджаюць у Менск па сваіх асабістых справах.
Але дагэтуль большасьць пасажыраў была вымушана езьдзіць да Менску цягнікамі рэгіянальных лініяў эканом-клясу зь перасадкай па станцыі Маладэчна, і траціць на паездку каля 4 гадзінаў. На лініі Маладэчна — Крулёўшчына (Круляўшчызна) курсуюць толькі дзьве пары такіх цягнікоў, і час зусім ня зручны. Праз гэта пасажыры маюць мала варыянтаў для плянаваньня паездкі. Яшчэ менш зручнай, з прычыны начнога часу, ёсьць паездка на цягніку №625 і 626».
Адсутнасьць добрага транспартнага злучэньня, на думку Шыталя, становіцца адной з прычынаў дэградацыі аддаленых ад сталіцы беларускіх рэгіёнаў. Гэта адбіваецца і на эканоміцы, а галоўнае, на сацыяльнай сфэры — на інтарэсах людзей. Менавіта таму, кажа ён, перамога грамадзкай ініцыятывы вельмі істотная.