Жанчына пэнсійнага веку адна даглядае 19-гадовага сына, у якога цэрабральны параліч. Ён ляжачы, не гаворыць, але рэагуе на размову. Просьбу выдзеліць сацыяльнага работніка для догляду за хлопцам сацыяльныя службы не задавальняюць, кажуць, што пасьля 18 гадоў — «не паложана». Хлопцу выплочваюць штомесячную пэнсію ў 170 рублёў. Яшчэ 280 рублёў пэнсіі мае ягоная маці. На гэта і жывуць.
Гарадзенка Валянціна Барадаўка 19 год ня ходзіць, як усе, на працу. Дзень пры дні толькі даглядае сына, у якога цэрэбральны параліч. Вадзім нават не размаўляе. Праўда, любіць, калі маці гаворыць зь ім, сьпявае песьні.
— Кожны дзень накарміць, бялізну памыць, зьмяніць падгузьнікі... — стомлена распавядае жанчына. — Калі быў малы, то было трохі лягчэй, бо мела ў помач сацыяльнага работніка, дый пуцёўкі давалі ў санаторыі і для мяне, і для яго. А як споўнілася 18 год, то ў сабесе сказалі, што сацыяльнага работніка больш даваць «не паложана», маўляў, ваш сын — вы і даглядайце.
Перасталі даваць і пуцёўкі ў санаторыі. Хоць паездкі на лячэньне заўсёды, кажа спадарыня Валянціна, давалі добрыя вынікі. Урэшце хадзіць па інстанцыях з просьбамі Валянціна перастала.
Мне вельмі цяжка хадзіць па гэтых інстанцыях, я потым плачу і хварэю
— Мне вельмі цяжка хадзіць па гэтых інстанцыях, я потым плачу і хварэю, а таму астатнім часам нікуды не хаджу...
Са спадарыняй Валянцінай мы сядзім у двары яе бацькоўскай хаты, недалёка ад гораду. На лета яна прывозіць Вадзіма сюды, дзе даглядаць яго дапамагае сястра-пэнсіянэрка. Вадзім ляжыць пад вінаградам на раскладушцы. У яго нерухомых нагах туліцца коцік.
Вакол хаты паўсюль прыгожыя кветкі, да якіх маці Вадзіма вялікая ахвотніца. Кажа, што лепей будзе садзіць кветкі, чым бульбу. А яшчэ яна кажа, што тут для яе зручней за ўсё, бо дапамагае сястра.
— Тут я магу калі-нікалі адарвацца ў горад па харчы, пахадзіць па крамах. Яму ўсю ежу тру на цёрках, бо ён інакш есьці ня можа, не дае рады глытаць. І так часам яда ў роце падоўгу, а потым ёю запырскаецца. Мне цяжка яго цяпер падымаць, няма нават вазка, каб яго транспартаваць. А ў горадзе яшчэ складаней, бо даводзіцца яго аднаго пакідаць, калі трэба схадзіць у краму. Гэта заўсёды трывожна, заўсёды сьпяшаюся, бо ўсякае можа здарыцца.
Жанчына распавядае, што нядаўна наважылася схадзіць да дзейнага дэпутата, каб дапамаглі з сацыяльным работнікам і вазком. Дэпутатка ўважліва выслухала, патэлефанавала ў сабес, і на гэтым усё скончылася. Праўда, пасьля візыту атрымалі разавую дапамогу, але праблема так і засталася зь імі.
Спадарыня Валянціна распавядае пра ўсё гэта праз сьлёзы. Ні ў якую помач з боку дзяржавы і проста чалавечую яна наагул ня верыць.
Кажа, што з гадамі ў яе таксама зьяўляюцца хваробы, трэба лячыцца, але няма як.
— Я цяпер нават у паліклініку не магу схадзіць, ня тое каб легчы ў шпіталь падлячыцца ці паехаць у нейкі санаторый. Але нікому да гэтага няма справы. А лекі дарагія, мне і цяжкога падымаць нельга, а куды падзенесься... Лепш сам сабе ва ўсім адмовіш, абы дзіцяці лепш было... і ад жыцьця адмовісься...
У аўтобус зь ім не залезем, у цягнік таксама, у краму ўвайсьці ня можам, бо ў нас для інвалідаў нічога нідзе не прадугледжана
Ейная сястра, спадарыня Марыя кажа, што ў Вадзіма няма вазка, і гэта дадае мноства праблемаў. Маўляў, зь дзіцячага ён вырас, а тыя, што прапаноўваюць, яму не пасуюць, патрэбны адмысловы.
— Яго ж і павезьці нікуды нельга, хоць на шпацыр, хоць куды. У аўтобус зь ім не залезем, у цягнік таксама, у краму ўвайсьці ня можам, бо ў нас для інвалідаў нічога нідзе не прадугледжана. У сабесе сказалі, каб мы самі шукалі вазок, а яны, маўляў, заплацяць. Але такі вазок каштуе да тысячы даляраў — адкуль мы такія грошы возьмем, каб яго набыць?
Жанчына дзівіцца, што дзяржава такая безудзельная ў даглядзе за інвалідам. Паводле яе, чыноўнікі толькі ветліва сустракаюць у сваіх кабінэтах, але дапамогі ад іх няма ніякай.
— Канечне, хто гэтага не перажыў сам, той не зразумее. А складанасьцяў шмат, бо ў нас нават грамадзкі транспарт для інвалідаў не прадугледжаны. Мне давялося быць у Ізраілі, дык там для інваліда ўсё зроблена, і інваліды там жывуць як нармальныя людзі, бо ім усё даступна. А тут няма ніякага выйсьця... Можа, ваша замежнае радыё нехта паслухае і дапаможа нам хоць з вазком, бо інакш ні на што спадзеваў няма.