Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сочы супраць Крыму: хто перацягне беларускіх турыстаў?


Узьбярэжжа ў Сочы
Узьбярэжжа ў Сочы

8 красавіка ў менскім выставачным цэнтры на вуліцы Янкі Купалы пачынае працу веснавы кірмаш турыстычных паслугаў «Адпачынак-2015». Імпрэза лічыцца лякмусавай паперкай напярэдадні сэзону масавых адпачынкаў, вызначаючы геаграфічныя і цэнавыя прыярытэты беларусаў. Куды будуць скіраваныя позіркі на тле расейскай акупацыі традыцыйна прывабнага Крыму і зьніжэньня платаздольнасьці пасьля чарговай дэвальвацыі рубля?

Вось ужо другі год запар аматары крымскіх вакацыяў вымушаныя карэктаваць свае пляны. Бадай, самы даступны адпачынак зь відам на мора ўскладніўся як тэхнічна, так і з маральнага гледзішча. Але, як лічыць уладальнік турыстычнай кампаніі Holiday.by Андрэй Барашка, акурат сёлетняе лета павінна вызначыць, ці зьявіцца ў Крыму годны канкурэнт:

Андрэй Барашка
Андрэй Барашка

«Месца Крыму паступова займаюць курорты Краснадарскага краю, гэта ўжо відавочна. Адпачынак на марскім узьбярэжжы ў Расеі будзе фігураваць найперш з прычыны цэнавай — прынамсі, мяркуецца, што ён будзе адносна танны. А вось ці стане гэта паўнавартаснай заменай Крыму — пакажа якраз бягучы год, таму што расейскія курорты ў сьвятле ўкраінскіх падзеяў актыўна зьявіліся ў продажы толькі ў мінулым годзе, і тое ўжо ў сярэдзіне сэзону. Адпаведна, сёлета адбудзецца іх паўнавартасная абкатка — як з боку беларусаў, так і самі курорты пастараюцца паказаць, на што яны здатныя. Такія тэндэнцыі ў нас на Holiday.by мы сёньня заўважаем — адбываецца паступовы перагляд звыклых напрамкаў».

Сочынская экскурсаводка, этнічная беларуска Любоў Голубева пацьвярджае, што інтарэс да расейскага чарнаморскага ўзьбярэжжа заўважна падрос. З аднаго боку, паспрыяла гэтаму інфраструктурная рэарганізацыя да зімовай Алімпіяды-2014, зь іншага — санкцыі з боку краінаў Захаду. Але попыт тычыцца збольшага грамадзянаў Расеі, бо беларусам да краснадарскіх курортаў і далей геаграфічна, і накладней фінансава:

«Да нас актыўна паехалі турысты, пачынаючы ўжо ад мінулагодніх травеньскіх сьвятаў. Як толькі пачаліся першыя пасьля Алімпіяды вялікія вакацыі, паехалі машынамі, цягнікамі, аўтобусамі, паляцелі самалётамі. Пакуль што пераважаюць турысты з поўдня Расеі — Краснадар, Растоў-на-Доне — але пасьля вядомых падзеяў, мяркую, летам паток стане значна большы. Будуць і беларусы — чаму не? Ужо існуюць доўгатэрміновыя праекты, што цягам 10 гадоў горад цалкам абновіцца і здолее прымаць нашмат больш гасьцей. Яшчэ за Савецкім Саюзам мясцовыя курорты ў сэзон прымалі да 5–6 мільёнаў чалавек, таму ёсьць спадзяваньне, што на гэты паказьнік зноў удасца выйсьці. Таму што вельмі шмат пабудавалі новых гатэляў, ёсьць дзе адпачыць, як кажуць, на любы густ і на любы памер кашалька. І ў Краснай Паляне, і тут, у цэнтры. Так што ўсе спадзяюцца, што сёлета сапраўды будзе шмат гасьцей».

Пляж непадалёк ад Алімпійскага парку ў Сочы
Пляж непадалёк ад Алімпійскага парку ў Сочы

А вось колішні беларускі палітвязень, а цяпер жыхар анэксаванага расейцамі Севастопаля Ўладзімер Кудзінаў спадзяецца, што жарсьці паступова ўлягуцца і ў Крым зноў пацягнуцца апалітычныя прыхільнікі горна-марскога адпачынку. Прынамсі, разьлічвае, што сёлета прыедзе 60–70%, калі параўноўваць зь лепшымі часамі:

«Крым так уладкаваны, што ў летнія месяцы — перадусім гэта ліпень і жнівень — людзей на ўзьбярэжжы шмат пры любым раскладзе. Нават сваіх, тутэйшых. Гэтыя два месяцы для мясцовай інфраструктуры вырашальныя. Прымаўка, што месяц год корміць, адносна Крыму вельмі слушная, асабліва калі мець на ўвазе тых людзей, якія шчыльна зьвязаныя з турыстамі. На мой погляд, турысты ўсё роўна будуць прыяжджаць, няхай і ня так масава, як некалі. Але калі нават 60–70% прыедзе зь ліку тых, хто прызвычаіўся адпачываць на крымскіх курортах, — гэта будзе нядрэнна. Бо дабрабыт большай часткі грамадзянаў, якія жывуць пры моры, грунтуецца менавіта на курортным сэзоне. Многія адмыслова зьяжджаюць жыць на лецішчы, каб здаваць свае кватэры і мець нейкі прыбытак. Гэта таксама станоўчы фактар, адчувальная дапамога простым людзям».

Пляж непадалёк ад Севастопалю
Пляж непадалёк ад Севастопалю

У сувязі з паступовым выраўноўваньнем курсаў даляра і эўра не такім накладным, як раней, робіцца адпачынак у краінах эўразоны. Ён не настолькі бюджэтны, як у Баўгарыі ці Румыніі, але ўсё ж больш даступны. З гэтай прычыны аб’ектыўна падвышаецца інтарэс да курортаў Гішпаніі, Італіі, Кіпру. І каб не дарагі авіяпералёт ад беларускага манапаліста, колькасьць беларусаў у Заходняй Эўропе магла б істотна падвысіцца. Праўда, турыстычны экспэрт Андрэй Барашка раіць не рабіць пасьпешлівых высноваў:

«Тут трэба разумець іншы фактар: калі Эўропа таньнее, сюды можа прыехаць вялікая колькасьць амэрыканцаў. Таму трэба таксама ўлічваць і такую рэч. Бо калі турыстычныя мэнэджэры пабачаць значны попыт з боку згаданых амэрыканцаў, а таксама кітайцаў, якіх па ўсім сьвеце імкліва более, яны непазьбежна ўздымуць кошты. Я не гатовы цяпер адназначна сказаць, што Эўропа сёлета стане таннай. Практычна заўсёды ў турыстычны сэзон кошт паслугаў, пражываньня, прадуктаў і г.д. уздымаецца, а ніяк ня падае. Толькі дзякуючы зьмене парытэту валютаў сьцьвярджаць, што гэтыя краіны стануць дзешавейшымі, ня вельмі карэктна. Таму што ня толькі валютны парытэт, але і ўзровень коштаў у канкрэтных грашах уплывае на даступнасьць той ці іншай краіны».

Валянцін Цэхмэйстар
Валянцін Цэхмэйстар

Кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмэйстар прагназуе, што радыкальнай зьмены ў настроях беларусаў на аглядны сэзон чакаць складана: прыярытэт па-ранейшаму будзе вымярацца прапанаваным цэньнікам, і ўжо пасьля — напрамкам:

«Традыцыйна будзе запатрабаваная Баўгарыя. У мінулым годзе гэты кірунак перасягнуў нават самыя аптымістычныя чаканьні, плынь ахвотных вырасла дзесьці ў чатыры разы. Мы ў гэтым зьвязку былі вымушаныя наладзіць з баўгарамі шчыльнае супрацоўніцтва, каб консульская служба павялічыла свой штат. Вынікам перамоваў стала тое, што з Баўгарыі прыбылі яшчэ два супрацоўнікі, якія дапамагалі калегам у афармленьні дакумэнтаў, бо тыя не спраўляліся з актыўнасьцю кліентаў. Прагназуецца, што тэндэнцыя захаваецца, асабліва ў прыцэле страты Крыму. Што тычыцца іншых кірункаў, то збольшага будзе, як і звычайна: паток за кошт Паўночнай Афрыкі, Эгіпту і Тунісу. Пакуль не настаў летні сэзон са сваёй гарачынёй, сьпёкай, немалая колькасьць людзей паедзе акурат туды. Нягледзячы нават на пэрманэнтны неспакой у рэгіёне».

Вось ужо месяц беларускім турфірмам забаронена працаваць з замежнай валютай, што ўскладняе разьлікі з замежнымі партнэрамі. З гэтай прычыны істотна скараціўся аб’ём раньняга браніраваньня — з-за нестабільнасьці беларускага рубля кампаніі ня могуць замаўляць туры наперад, ня ведаючы, як будзе разьвівацца сытуацыя на фінансавым рынку. Пры такім раскладзе патэнцыйныя турысты пазбаўляюцца істотных бонусаў, якія можна атрымаць, плянуючы адпачынак загадзя. Значная колькасьць дамоваў з кампаніямі афармлялася якраз на спэцыялізаваных выставах кшталту «Адпачынак» ці «Турбізнэс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG