Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць турыстам, якія адважыліся адпачыць у Крыме


Большасьць тых, хто прывыклі праводзіць летні адпачынак у Крыме, цяпер вымушаныя шукаць новыя месцы для адпачынку ля мора. Аднак многія, нягледзячы ні на што, ня хочуць адмаўляцца ад звыклых месцаў адпачынку. Свабода высьвятляла, зь якімі праблемамі могуць сутыкнуцца турысты, адпраўляючыся адпачываць на паўвостраў, і якія абставіны ім трэба ўлічваць.

Першае, пра што варта падумаць, плянуючы паездку цягніком — гэта купля зваротных квіткоў. На паўвостраве яны ў 3-4 разы даражэй, чым на мацерыку: кошт квіткоў у Крыме пераведзены на міжнародны тарыф.

Для таго, каб праехаць на паўвостраў цягніком, трэба прайсьці два памежных кантролі: украінскі — у Мелітопалі, і расейскі — у Джанкоі. Памежнікі правяраюць пашпарты і могуць правесьці агляд рэчаў.

Існуюць свае асаблівасьці зь перасячэньнем адміністрацыйнай мяжы з Крымам на аўтамабільным транспарце. Памежнікі могуць доўга правяраць фуры, якія завозяць тавары на паўвостраў, з-за чаго часам утвараюцца вялікія заторы.

У прэс-службе памежнай службы Ўкраіны таксама паведамілі, што ў выпадку паездкі ў Крым зь дзецьмі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, без аднаго з бацькоў, памежнікам трэба дазвол ад другога з бацькоў на перасячэньне дзіцем мяжы. Інакш у Крым яго ня пусьцяць. Пры гэтым дазвол неабходна запэўніць ў натарыюса.

Кошт пражываньня застаўся даступным. Агляд крымскіх гарадоў

Ад пачатку сёлетняга года адпачынак у Крыме падаражэў у сярэднім на 25-30% ад узроўню мінулага году, перастаўшы быць даступным нават для турыстаў з Расеі, якія заўсёды выбіралі для сябе сэгмэнты «вышэй за сярэдні» і «люкс». Крымскія гатэльшчыкі трымалі цану ўвесь чэрвень, чакаючы, што вось-вось на паўвостраў зьедуцца абяцаныя расейскімі ўладамі турысты. У ліпені настроі зьмяніліся.

Усьвядоміўшы, што летнія дні, а значыць, і магчымасьць адзінага заробку зьнікаюць незваротна, шматлікія ўладальнікі крымскіх гатэляў перагледзелі сваю цэнавую палітыку. У ліпені звычайна стартаваў «высокі сэзон» і традыцыйна ўзрастаў кошт пражываньня. Аднак сёлета цэны сталі зьніжацца.

Дырэктар этнаграфічнага комплексу «Одун-Базар къапусы» Дыляра Якубава распавяла, што сёлета ў траўні ў Эўпаторыі быў адкрыты этна-гатэль «Джаваль», які прапануе пажыць у атмасфэры крымскататарскіх традыцыяў. Кошт стандартнага двухмеснага нумару ў гатэлі, разьлічанага на сэгмэнт «вышэй за сярэдні», у чэрвені склаў 2.300 рублёў (каля 680 000 беларускіх), у ліпені павінен быў падняцца да 3500 рублёў (каля 1 мільёна беларускіх).

«Цяпер у нас занятыя толькі дзесяць нумароў, прычым у сямі зь іх — камандзіраваныя людзі, — распавядае Дыляра Якубава. — Паколькі гэтыя кліенты жывуць у нас ад траўня месяца, мы ня сталі павышаць для іх кошты і пакінулі на ўзроўні чэрвеньскіх».

Калі ў курортных гарадах гатэлі запоўненыя ў лепшым выпадку напалову, то лёс курортных пасёлкаў паўвострава, арыентаваных на сэгмэнт «эканом клас», зусім незайздросны. Большую частку турыстаў, якія прыяжджалі ў паселішча Міжводнае Чарнаморскага раёну, складалі сем’і з Украіны і Беларусі. Добра разьвітая інфраструктура пасёлка, прымальныя цэны і нядрэнныя пляжы дазволілі яму здабыць славу «паўночна-заходняй Ялты». Цяпер у Міжводным бязьлюдна. Не прыехалі ўкраінцы, не прыехалі і беларусы, якія не захацелі рабіць крук праз Краснадар.

Кошт пражываньня ў Міжводным застаўся, як мінімум, на ўзроўні мінулага году, а шматлікія ўладальнікі пансіянатаў гатовыя пайсьці на дадатковыя зьніжкі і саступкі. Кошты ў мясцовых кафэ і барах заўсёды былі на парадак менш, чым у курортных Ялце, Алушце або Судаку. А кошт садавіны і агародніны ніжэй, чым у сталіцы Крыму — Сімфэропалі.

Што да аблюбаванага турыстамі месца адпачынку — Судака — то сёлета тут ня сталі падымаць цэны на жытло, прычым выбар яго як ніколі вялікі. Як распавяла уладальніца хостэла «Sudak International» Натальля Кірычэнка, сёньня жыць у Судаку недалёка ад мора ў пакоі з выгодамі — душ, туалет, кандыцыянэр — можна ад 43000 да 103 000 бел.руб (у пераліку) за чалавека.

Кошт харчаваньня ў кафэ і рэстаранах Судака адрозьніваецца ў залежнасьці ад узроўню установы. Эканом-варыянт: сьняданак — 50 рублёў (15 тыс.бел), абед — 150 рублёў (44,5 тысяч бел).

На набярэжнай Ялты і Гурзуфа крыху ажыўлена. Як распавёў уладальнік двухпакаёвай кватэры ў Ялце, якую ён штогод здаваў турыстам, жытло цяпер можна знайсьці і ад 172 000 бел.рублёў на суткі за добрую адна-двухпакаёвую кватэру з выгодамі і добрым рамонтам. Сярэдні чэк у кафэ ў тутэйшых рэстаранах — у пераліку 130-172 тыс. бел. рублёў на чалавека.

Севастопаль стаў, бадай, самым дарагім горадам для пражываньня ў гэтым рэйтынгу. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, цэны на арэнду жыльля тут вырасьлі ў 1,5-2 разы. Зьняць звычайную аднапакаёвую кватэру на суткі будзе каштаваць ад 430 тыс.бел.рублёў. На працяглы час такое жыльлё абыдзецца ў 2.5 мільёны і больш на месяц. Цэны на прадукты ў Севастопалі вышэй на 20%, чым у Сімфэропалі, і на 30% вышэй, чым у Бахчысараі.

Усе фінансавыя разьлікі ў Крыме вядуцца толькі ў расейскіх рублях.

Пункты абмену валюты і пляжы

Сёлета на вуліцах курортных гарадоў і пасёлкаў дробных прыватных пунктаў абмену валют стала прыкметна менш. Як правіла, яны разьмяшчаюцца побач з набярэжнымі або ажыўленымі пешаходнымі вуліцамі. У курортных гарадах валюту можна абмяняць у адкрытых банках. У пасёлках гэта будзе зрабіць больш складана.

У Севастопалі, як запэўніваюць мясцовыя жыхары, ніколі не было закрытых або платных пляжаў. Зачынены доступ да мора толькі на ваенных аб’ектах з выхадам да мора і на дачы камандуючага Чарнаморскім флётам Расейскай Фэдэрацыі.

Новы крымскі «ўрад» пачаў паказальную барацьбу з платамі вакол пляжаў і з платным доступам. Шэраг раней закрытых пляжаў сапраўды сталі даступнымі. Але за дадатковыя паслугі ў выглядзе шэзлёнгаў або парасонаў прыйдзецца даплочваць у любым выпадку.

Усе суразмоўцы Свабоды ў Крыме выказалі ўпэўненасьць, што адпачываць тут бясьпечна. Разам з тым, разьлічваць на поўную бясьпеку ад прадстаўнікоў крымскай «самаабароны» для турыстаў складана, паколькі ў яе шэрагі часьцяком уваходзяць людзі, якія ня маюць спэцыяльных навыкаў забесьпячэньня грамадзкага парадку. Пры гэтым прадстаўнікі гэтай ваенізаванай структуры маюць шэраг паўнамоцтваў, якія дазваляюць ім правяраць у мінакоў дакумэнты і нават затрымліваць іх да прыезду паліцыі.

Курортнікам таксама раяць устрымацца ад палітычных дыскусіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG