На сумесным паседжаньні кіраўніцтва Слонімскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў і раённага абʼяднаньня вэтэранаў дэпутат раённага савету Васіль Афанасік унёс прапанову заняцца рэканструкцыяй дома былога галоўнага ахоўніка Сталіна генэрала Мікалая Ўласіка ў вёсцы Бабынічы Слонімскага раёну.
Аб прапанове дэпутата Афанасіка рэканструяваць дом былога галоўнага ахоўніка Сталіна напісала слонімская раённая газэта. Старшыня Слонімскай раённай вэтэранскай арганізацыі Анатоль Кудэрка пацьвердзіў Свабодзе, што сапраўды на сумесным паседжаньні прэзыдыюмаў радаў Слонімскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў і раённага абʼяднаньня вэтэранаў дэпутат Слонімскага раённага савету Васіль Афанасік унёс такую прапанову.
— Мы прынялі пакуль такое рашэньне, што параімся з аддзелам ідэалёгіі, параімся з адмыслоўцамі ад гісторыі адносна гэтай прапановы. Дарэчы, падчас нашага паседжаньня прагучала рэпліка, што варта разабрацца з асобай генэрала Ўласіка да канца і толькі потым прымаць рашэньне: варта ўшаноўваць яго памяць у нашым раёне ці не. І я таксама згодзен з такой пастаноўкай пытаньня.
Дэпутат Слонімскага райсавету Васіль Афанасік сказаў Свабодзе, што гэта сапраўды ягоная ініцыятыва і ўшанаваць памяць генэрала Ўласіка патрэбна, на яго думку, таму, што Ўласік — гістарычная асоба.
— Ня так шмат было начальнікаў аховы ў Сталіна, ад якіх залежаў лёс і кіраўнікоў дзяржавы, а можа, нават лёс і самой дзяржавы. А што да рэпрэсіяў, то той час быў вельмі супярэчлівы, што проста жах. Ну чаму, да прыкладу, у Сьвіслачы стаяць помнікі ўсім гістарычным асобам — Каліноўскаму, Леніну, Сталіну? Гэта проста наша гісторыя, і яе трэба ведаць...
Сёньня катамі робяць усіх. Усе, хто да вайны быў, усіх робяць катамі. З аднае крайнасьці кідаюцца ў іншую — сказаў дэпутат Афанасік.
Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын шмат часу прысьвяціў пошукам зьвестак пра асобу генэрала Мікалая Ўласіка. У яго напісаная кніга пра генэрала зь вёскі Бабынічы, ён доўгі час ліставаўся з прыёмнай дачкой Уласіка, якая жыве ў Маскве.
Паводле Чыгрына, ён не валодае дакумэнтамі, якія наўпрост сьведчаць пра датычнасьць Уласіка да рэпрэсіяў, але ў яго няма ніякіх сумненьняў, што генэрал браў у іх удзел.
— Справа ў тым, што многія дакумэнты ў архівах ФСБ надалей застаюцца недасяжнымі для дасьледчыкаў. Тым ня менш многія расейскія навукоўцы ня маюць сумневаў, што гэты генэрал, які на працягу больш чым 20 гадоў быў кіраўніком аховы Сталіна, быў датычны да рэпрэсіяў.
Сяргей Чыгрын кажа, што Ўласік быў чалавекам без адукацыі і для яго —Чыгрына — дагэтуль застаецца таямніцай тое, як ён мог уцерціся ў давер да Сталіна. Зрэшты, паводле Чыгрына, лёс завёў яго туды, куды ён усё жыцьцё і кіраваўся.
— У 1952 годзе ён быў паніжаны на пасадзе кіраўніка Першага аддзелу Першага ўпраўленьня НКУС СССР і прызначаны намесьнікам начальніка Бажэнаўскага папраўча-працоўнага лягеру ў горадзе Асбэсьце Сьвярдлоўскай вобласьці, дзе знаходзіліся тысячы рэпрэсаваных людзей. Нават дачка Сталіна Сьвятлана Алілуева характарызавала Ўласіка як «малограмотного, глупого, грубого и чрезвычайно наглого сатрапа». Напрыканцы 1952 году за перавышэньне паўнамоцтваў ён быў асуджаны. Яго асудзілі па так званай «справе лекараў», а потым яшчэ і вылезьлі крадзяжы маёмасьці, якую ён вывез зь Нямеччыны пасьля Патсдамскай канфэрэнцыі. У стэнаграмах допытаў зьмешчаны яго прызнаньні адносна амаральнага ладу жыцьця і г.д. Вядома, што пісаў лісты Сталіну з турмы, але гэта ні на што не паўзьдзейнічала. Некалькі гадоў ён усё ж адбыў у лягерах.
Чыгрын кажа, што яго таксама вельмі зьдзівіла прапанова дэпутата Афанасіка заняцца рэканструкцыяй дома былога галоўнага ахоўніка Сталіна генэрала Ўласіка ў вёсцы Бабынічы і гэтым ушанаваць у раёне яго памяць.
— Ну пра што тут можна казаць, калі прозьвішча Ўласіка стаіць у шэрагу трох найбольш значных асобаў, якіх расейскія гісторыкі называюць найперш датычнымі да масавых рэпрэсій у СССР — гэта Сталін, Берыя і Ўласік? Пра якое ўшанаваньне можна казаць, калі ён быў правай рукой галоўнага ката? У 2000 годзе Ўласік быў рэабілітаваны пасьмяротна, але відавочна, што з адкрыцьцём закрытых архіваў ФСБ усплывуць новыя факты пра Ўласіка. Мушу сказаць, што ў нас у Слонімскім раёне не ўшанавалі памяць Міхала Валовіча, генэрала Яна Канопкі, якія змагаліся за свабоду свайго народу і па-сапраўднаму лічацца нацыянальнымі героямі. Вось бы на што зьвярнулі ўвагу ўлады і дэпутаты.
Мікалай Уласік нарадзіўся 22 сакавіка 1896 году ў вёсцы Бабынічы Слонімскага раёну ў беднай сямʼі. Скончыў царкоўнапрыходзкую школу. У 1915 годзе быў прызваны на вайсковую службу.
У 1919 годзе па мабілізацыі партыі быў накіраваны ў асобы аддзел ВЧК у распараджэньне Дзяржынскага, пасьля пераведзены ў апэратыўны аддзел. Мікалаю Ўласіку было даручана арганізоўваць ахову асобага аддзелу ВЧК, Крамля, чальцоў ураду, а таксама асабістую ахову Сталіна. У 1935–1936 гадах быў начальнікам асабістай аховы Апэратыўнага аддзелу ОГПУ НКВД СССР. З 1936 году ўзначальваў апэратыўную групу, а таксама Першы аддзел Першага ўпраўленьня НКВД СССР. Потым быў начальнікам першага аддзелу Галоўнага ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі. З сакавіка 1946 году быў начальнікам аховы МГБ СССР, і г.д. У 1952 годзе па так званай «справе лекараў» быў асуджаны і сасланы ў Краснаярск. Праз чатыры гады яму дазволілі вярнуцца ў Маскву. 18 чэрвеня 1967 году Мiкалай Уласiк памёр ад раку лёгкiх.
Міхал Карневіч, Горадня