Жывая відэатрансьляцыя са слонімскай акцыі «недармаедаў»
«Плошча — ня месца для абмеркаваньня», — улады ў Слоніме
У Слоніме пачалася акцыя супраць дэкрэту № 3. У цэнтры гораду сабралася некалькі соцен чалавек. Да ўдзельнікаў выйшла прадстаўніца мясцовых уладаў прапануе прайсьці ў будынку райвыканкаму і абмеркаваць пытаньні, якія хвалююць людзей.
«Плошча — ня месца для абмеркаваньня», — сказала прадстаўніца ўладаў.
«Чым плошча кепская? Да вас зайсьці немагчыма. Там міліцыя, будуць абшукваць», — адказваюць людзі.
На 16-ю гадзіну 19 сакавіка быў анансаваны таксама «Марш недармаедаў» у Баранавічах. Яшчэ да пачатку маршу былі затрыманыя актывіст РЭП Рыгор Грык і сябра БНФ Мікалай Чарнавус. За мінулы баранавіцкі «Марш недармаедаў», які адбыўся 26 лютага, актывістаў каралі штрафамі і турмой.
«У Слоніме няма заробкаў, больш за 200 рублёў»
Удзельнікі акцыі па ходніках ідуць да будынку райвыканкаму, дзе іх чакаюць прадстаўнікі мясцовых уладаў. Людзі скардзяцца на маленькія заробкі і пэнсіі, на звальненьні і немагчымасьць уладкавацца на працу. Кажуць, што ў Слоніме немагчыма знайсьці працу з заробкам больш за 200 рублёў. Жанчыны кажуць, што іх мужы і сыны вымушаныя працаваць у Расеі.
Удзельнікі акцыі ў Слоніме пра арышты і затрыманьні
«Улады хочуць запужаць, таму ідуць арышту ўдзельнікаў пратэстаў. Хочуць, каб быў ціхі і мірны народ, каб ніхто не задаваў пытаньняў. Але мы не баімся, ужо няма чаго губляць».
Улады запрашаюць прайсьці ў будынак райвыканкаму 20-30 чалавек. Удзельнікі нязгодныя, лічаць, што ўлады павінны выйсьці да людзей і адказаць на пытаньні кожнага ўдзельніка.
"Чаго ён баіцца? Трэба паважаць народ. Усе хочуць размаўляць з уладамі. Няхай старшыня слонімскага райвыканкаму выходзіць і гаворыць з намі".
Старшыня слонімскага райвыканкаму заступіўся за пратэстоўцаў: Калі кагосьці будуць цкаваць, зьвяртайцеся за мяне
«Мы гаварыць пра праблемы, якія ёсьць у горадзе. Я лічу, што няма нічога важней здароўя і міру. Я буду рабіць усё, каб гэта было. У любы час можаце заходзіць да мяне і размаўляць пра тое, што вас хвалюю», — сказаў Алег Таргонскі ў размове з пратэстоўцамі.
Людзі кажуць, што старшыня не дапамог сланімчанам, калі іх звальнялі. Усе скардзяцца на адпіскі, якія дасылаў старшыня на просьбы пра дапамогу.
«Калі на кагосьці будуць ганеньні за ўдзел у гэтай акцыі, яны могуць зьвяртацца да мяне», — сказаў старшыня слонімскага райвыканкаму.
Нягледзячы на гэтыя словы, у пратэстоўцаў вельмі шмат прэтэнзій да Таргонскага: няма працы, не працуюць прадпрыемствы, маленькія пэнсіі. Адказваючы на гэта, Таргонскі запрашае людзей на асабістыя праёмы.
Тым часам у Баранавічах па стане на 15.30 людзей на плошчы Леніна амаль няма, але плошча цалкам ачэплена людзьмі ў цывільным адзеньні. Стаяць каля кінатэатру, насупраць у дварах, каля помніку Леніну і гарвыканкаму па чатыры-пяць чалавек. Адзін з арганізатараў сёньняшняга «Маршу недармаедаў» у Баранавічах Мікалай Чарнавус затрыманы а 15 гадзіне, пасьля наведваньня Гарадзкога аддзелу ўнутраных спраў паводле позвы. Затрыманы раніцай і прафсаюзны актывіст Рыгор Грык.
Людзі кажуць, што на месцах працы ў Слоніме пагражалі звальненьнем за ўдзел у сёньняшняй акцыі.
«Мы плянуем стварыць 200 новых працоўных месцаў», — старшыня Слонімскага райвыканкаму
Самае балючае пытаньне, якое хвалюе ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў» у Слоніме, — адсутнасьць працы і маленькія заробкі.
Старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі сказаў, што для выкананьня просьбы Аляксандра Лукашэнкі працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня, у Слонімскім раёне плянуецца стварыць 200 новых працоўных месцаў. Таксама ёсьць магчымасьць дасылаць будаўнікоў на Астравецкую АЭС.
Людзі запытваюць, калі будуць заробкі ў 500 даляраў, пра якія гаворыць Лукашэнка.
«Гэтыя грошы трэба зарабіць», — адказаў Таргонскі.
«Калі ў Слоніме будзе дзіцячая паліклініка?»
Удзельнікі акцыі абураныя, што замест дзіцячай паліклінікі, якая вельмі патрэбная гораду, у Слоніме будуюць новыя суды і адміністрацыйныя будынкі.
«Так склалася гістарычна, што ўсе ўстановы ў Слоніме раскіданыя па ўсім горадзе. Ёсьць праблемы», — адказаў Алег Таргонскі, старшыня Слонімскага райвыканкаму.
«Куды ідуць аўтападаткі?»
«Мы плацім вельмі шмат як уладальнікі аўтамашын? З кожнага аўта прыкладна 100 даляраў. Куды ідуць гэтыя грошы? Дарогі ўсё горш і горш», — задаюць пытаньне ўдзельнікі мітынгу.
Алег Таргонскі кажа, што праблема з дарогамі ёсьць і яе вырашыць вельмі складана.
У Баранавічах каля 30 чалавек цяпер на плошчы Леніна. Але людзі стаяць купкамі паасобку. Ніхто нічога не прамаўляе, няма арганізатараў. Ходзяць асобы ў цывільным і папярэджваюць прысутных пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
«Недармаеды» Слоніму прынялі рэзалюцыю: Памяняць эканамічны курс і правесьці свабодныя выбары
У дакумэнце, які прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці зачыталі прыступках слонімскага райвыканкаму, высунуты шэраг эканамічных і палітычных патрабаваньняў.
Так, сланімчане запатрабавалі адмяніць дэкрэт № 3, прыняць новы эканамічны курс у Беларусі: стварыць новыя працоўныя месцы, спыніць рост цэнаў і камунальных плацяжоў, вярнуць у Беларусі вяршэнства Канстытуцыі, а не антызаконных дэкрэтаў. Палітычнае патрабаваньне — правесьці свабодныя выбары.
Таксама патрабуюць адмяніць прымусовыя кантракты, даць годныя заробкі працоўным, стварыць умовы для разьвіцьця прыватнага прадпрымальніцтва, спыніць павышэньне пэнсійнага ўзросту.
Асобна ў рэзалюцыі адзначана, што ўдзельнікі мітынгу патрабуюць ад дзяржаўных СМІ праўдзівай інфармацыя пра эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў Беларусі, а таксама вярнуць «Газэту Слонімскую» у сыстэму распаўсюду"Белсаюздрук" і «Белпошта». За рэзалюцыю прагаласавалі адзінагалосна.
Арганізатар «Маршу недармаедаў» у Слоніме: Людзі не спалохаліся, акцыя ўдалася
Арганізатар «Народнага сходу» ў Сломіне, дэмакратычны актывіст Віктар Марчык сказаў, што задаволены вынікамі мерапрыемства:
«Людзі задавалі старшыні райвыканкаму Алегу Таргонскаму шмат прыватных пытаньняў. Агульныя пытаньні мы агучылі ў рэзацылюцыі, за якую прагаласавалі адзінагалосна. Рэзалюцыю заўтра аднясем старшыні райвыканкаму. Яшчэ плянуем дамовіцца зь ім пра пастаянныя круглыя сталы, на якіх будзем вырашаць пытаньні сланімчанам. Мы лічым, што людзі не спалохаліся, на мітынг прыйшло шмат людзей. Мерапрыемства можна лічыць удалым».