Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля чэмпіянату па хакеі пачнуць закручваць гайкі, — Севярынец


Павал Севярынец
Павал Севярынец
Павал Севярынец прапанаваў склікаць у красавіку 2014 году Кангрэс дэмакратычных сілаў, дэлегатамі якога стануць апазыцыйныя кандыдаты на мясцовых выбарах. На Кангэсе, як прапаноўвае Севярынец, апазыцыя вызначыцца з адзіным кандыдатам.

У інтэрвію Свабодзе палітык распавёў, навошта патрэбны адзіны кандыдат, чаму Кангрэс павінен адбыцца да Чэмпіянату сьвету па хакеі і што можа аб’яднаць розныя лягеры апазыцыі. Таксама Севярынец пракамэнтаваў выказваньні Валера Булгакава, Зьмітра Бандарэнкі, Андруся Такінданга і іншых, якія зьявіліся на нашым сайце ў зьвязку зь ідэяй Кангрэсу.

— У прапанаванай Вамі схеме дэлегатамі Кангрэсу стануць толькі кандыдаты на мясцовых выбарах. Зьміцер Бандарэнка мяркуе, што гэта заўчасна адсячэ палову апазыцыі, якая на выбары ня пойдзе

— Мы ўвогуле за тое, каб увесь працэс вызначэньня адзінага лідэра праходзіў як мага шырэй. Калі гэта можна сумясьціць з праймэрыз, інтэрнэт-галасаваньнем альбо са сходамі, як гэта было ў 2006 годзе — гэта ўвогуле цудоўна. Але мы схіляемся да найбольш простай працэдуры, каб гэта былі тыя, хто сабралі подпісы падчас мясцовай кампаніі. Задача максымум — шырокае вылучэньне, задача-мінімум — тыя, хто сабраў подпісы.
Мы ня ўдзельнічаем у выбарах. Мы проста выкарыстоўваем выбарчую кампанію.

— Дык ці ёсьць увогуле сэнс прывязвацца да мясцовай кампаніі, калі ані сярод актывістаў, ані сярод грамадзкасьці няма пэўнасьці, што ўдзел у іх можа нешта зьмяніць. Вось Уладзімер Колас адзначае, што вынік ад удзелу ў мясцовых выбарах будзе нулявы.

— Сабраць подпісы за Кангрэс сам па сабе будзе цяжка і немагчыма. Гэта рэальная праблема, калі ідзе па-за кампаніяй. Мы ня ўдзельнічаем у выбарах. Мы проста выкарыстоўваем выбарчую кампанію. Прапанова мая — вылучацца, сабраць подпісы, а далей — можаце здымацца. Я таксама лічу, што заклікаць галасаваць, цягнуць на датэрміновыя — гэта няслушна. А што тычыцца рэгістрацыі, гэта магчымасьць легальна пахадзіць па кватэрах. Тое самае, калі рэгіструецца шлюб, афармляецца кватэра... Гэтаксама сабраць подпісы, каб вылучыцца на кангрэс, — звычайная рэч.

— Дык што рабіць тым, хто ня хоча ці ня можа балятавацца на выбарах, як ім трапіць на Кангрэс?
Вядома, можна арганізаваць абраньне «адзінага» ў інтэрнэце, толькі большасьць палітычных лідэраў з гэтым не пагаджаецца.

— Аснову Кангрэсу складуць тыя, хто працуе зь людзьмі, вылучаецца, здымаецца ці ідзе да канца — галоўнае, каб былі подпісы. Але на Кангрэсе будзе і пэўная квота для вядомых людзей ці, напрыклад, тых, у каго судзімасьць не дазваляе вылучацца. Вядома, можна арганізаваць абраньне «адзінага» ў інтэрнэце, толькі большасьць палітычных лідэраў з гэтым не пагаджаецца.

— А ідэю супольнага байкоту ці «ігнору» вы адразу адкідаеце?

— Байкот правесьці на гэтай кампаніі немагчыма, парогу яўкі няма. Поўны байкот проста неверагодны. Калі ўжо байкатаваць, дык давайце не хадзіць у школы, ня езьдзіць у грамадзкім транспарце. На мой погляд, байкот — гэта ня прынцып жыцьця ці спосаб перамогі. Гэта пэўны мэханізм. Калі байкот спалучаны, напрыклад, са стратэгіяй нацыянальнай забастоўкі. Альтэрнатыўны ўрад, альтэрнатыўны прэзыдэнт...
Беларусы вельмі раззлаваныя, расчараваныя, кусаюць у інтэрнэце ўсё, што варушыцца.

— Але ў прыхільнікаў байкоту ёсьць досыць ясная аргумэнтацыя, маўляў, настрой у грамадзтве — на выбары не ісьці. Дык чаго іх туды цягнуць?

— Тыя, хто выступаюць за байкот, хай прапануюць стратэгію. Тады трэба ствараць альтэрнатыўныя органы ўлады, ладзіць нацыянальную забастоўку! Бярыцеся, распаўсюджвайце ўлёткі! Гэта цудоўна. Але ж ніхто за гэта не бярэцца. Беларусы вельмі раззлаваныя, расчараваныя, кусаюць у інтэрнэце ўсё, што варушыцца. Прапануецца згуртаваць тыя сілы, якія ёсьць. А потым дзейнічаць у залежнасьці ад сытуацыі. Гэта альбо ўдзел ў кампаніі 2015 год, альбо байкот, альбо альтэрнатыўны ўрад.

— Да прэзыдэцкіх выбараў яшчэ амаль два гады, усё можа памяняцца. Чаму Кангрэс трэба праводзіць менавіта ў красавіку?

— Таму што пасьля правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі пачнуць закручваць гайкі і пачнуцца сур’ёныя эканамічныя праблемы, летам падзеі пойдуць больш хаатычна, і тут патрэбны будзе адзін голас, які будуць чуць унутры краіны і за мяжой. Застанецца ўсяго год да кампаніі 2015 году.

— Музыка Андрусь Такінданг, напрыклад, лічыць, што ўдзел у выбарах бессэнсоўны. У прыватнасьці, ён заявіў: «Хоць Янку Купалу ці Якуба Коласа адпраўляй на выбары — эфэкт будзе нулявы»

— Вызначэньне адзінага лідэра ня значыць запраграмаваны ўдзел у выбарах па схеме Ярмошынай. Гэты лідэр можа абвясьціць байкот і пачаць стварэньне альтэрнатыўнага ўраду. Мы вылучаем адзінага, які здольны зьяднаць, павесьці і перамагчы.
Людзі ня вераць уладам. Але ім трэба адзін голас ад апазыцыі. Мілінкевіч гаворыць: «дыялёг, трэба цягнуць беларусь у Эўропу», Саньнікаў кажа «байкот». Някляеў кажа «выбары, давайце ўдзельнічаць, пойдзем і толькі так пераможам».

Бандарэнка прыводзіць у прыклад Майдан у Кіеве, маўляў, ён моцны і бязь лідэра.

— Лідэр патрэбны. Ва Ўкраіне сытуацыя нашмат лепшая: па стане апазыцыі, нацыянальнай сьвядомасьці. У Беларусі ўсё больш падобна да Расеі. А ў Расеі лідэр Навальны. Прыблізна такая сытуацыя і ў Беларусі. Людзі ня вераць уладам. Але ім трэба адзін голас ад апазыцыі. Мілінкевіч гаворыць: «дыялёг, трэба цягнуць беларусь у Эўропу», Саньнікаў кажа «байкот». Някляеў кажа «выбары, давайце ўдзельнічаць, пойдзем і толькі так пераможам». Людзі, паслухаўшы гэта ўсё, ня ведаюць што рабіць, проста кажуць вы спачатку вызначыцеся. Патрэбны адзіны. Пасьля выявіцца мацнейшы. Калі па сытуацыі каманда, якая сфармуецца, вырашыць, што трэба байкатаваць, то трэба байкатаваць.

— Як заявіў у інтэрвію Свабодзе Валер Булгакаў, палітычныя працэдуры ў Беларусі не працуюць, маючы на ўвазе кангрэс, вылучэньне адзінага і выбары. Паводле яго словаў, апазыцыі трэба шукаць новыя інструмэнты...

— Вынаходзім ровар ужо 20 гадоў. Можна вядома, нешта прыдумаць, беларускае і непаўторнае. Давайце прапаноўвайце. Калі нехта гатовы прапанаваць праз інтэрнэт, жэрабя, вылучэньне праз вуліцу — дык давайце. Людзі чакаюць, давайце! Наперад! Крытыка ўспрымаецца як выйсьце з сытуацыі, а не як жаданьне зрабіць нешта. Ня бачу па-за звычайнымі традыцыйнымі спосабамі выбраньня адзінага спосабу, якімі можна штосьці зьмяніць. Няма беларускай вуліцы, няма.
Галоўнае, каб не было умераных і радыкалаў, якіх паміж сабой можна стравіць, падзяляць і ўладарыць. Апазыцыя павінна дзейнічаць па-рознаму, але з адзінай мэтай

— Відавочна, сярод дэмакратычных сілаў існуе пэўны раскол. І не паводле амбіцыяў, а паводле стратэгіі і стаўленьня да рэжыму. Многія палітычныя лідэры нават паміж сабой не рамаўляюць. Што іх прымусіць сабрацца на адным Кангрэсе?

— Іх усіх аб’ядноўвае ідэя незалежнасьці, і тое, што Лукашэнку трэба мяняць. Адныя лічаць, што цяпер гэта немагчыма, а іншыя — што магчыма. Добры і кепскі сьледчы — гэта два элемэнты адной стратэгіі. Напрыклад, ёсьць добры сьледчы Мілінкевіч і кепскі — Саньнікаў. Адзіны кандыдат павінен быць у нейкім сэнсе паміж, каб чаргаваць гэтыя інструмэнты. Калі існуе рэальная пагроза паглынаньня Расеяй, то з эўрапейцамі можна паразмаўляць, каб яны ўцягвалі Лукашэнку, як таго самага Януковіча. Калі гэта не працуе, то рашучыя дзеяньні, уключна з байкотам. Галоўнае, каб не было умераных і радыкалаў, якіх паміж сабой можна стравіць, падзяляць і ўладарыць. Апазыцыя павінна дзейнічаць па-рознаму, але з адзінай мэтай

ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG