Свабодзе ўдалося зьвязацца з Тацянай Мельнік, сястрой Палойкі. Паводле яе слоў, яна нічога ня ведае пра абставіны затрыманьня брата:
«Я не жыву ў Баранавічах. З братам ад 2012 году сувязь не падтрымліваю. Ведаю, што ў 2013 годзе ён працаваў у горадзе Сасновы Бор Ленінградзкай вобласьці Расеі. А што ён быў ва Ўкраіне я, шчыра кажучы, да гэтага нават ня ведала».
На пытаньне, ці цікавіліся ў яе праваахоўныя органы інфармацыяй пра брата, Тацяна адказала адмоўна.
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша апавёў Свабодзе, што Зьміцер Палойка сапраўды асуджаны на 10 сутак за дробнае хуліганства:
«Быў суд па адміністрацыйнай справе. Зьмітра Палойку зьнялі зь цягніка, перастрэлі на вакзале. Быццам бы ён махаў рукамі, нешта выкрыкваў ды не падпарадкоўваўся міліцыі. Ён быў абсалютна цьвярозы. Судзіў судзьдзя Кміта — старшыня суду. Праз адваката Зьміцер паведаміў нявесьце, што ўсё нармальна. Ніякіх скаргаў пісаць не захацеў».
Нявеста Зьмітра Палойкі — украінка Віта зь гораду Курахова. Маладыя людзі зьбіраюцца пабрацца шлюбам і жыць ва Ўкраіне. У Баранавічы Зьміцер вярнуўся, каб прадаць сваю кватэру.
Як апавёў Сяргей Гоўша, Зьміцер Палойка вядомы ў асяродку баранавіцкай дэмакратычнай супольнасьці, ён быў сябрам «Моладзі БНФ», прымаў удзел у многіх акцыях, пікетах.
Спадар Гоўша мяркуе, што рана рабіць высновы наконт затрыманьня, трэба дачакацца выхаду Палойкі з «сутак». Тэрмін арышту Зьмітра Палойкі заканчваецца ўначы на нядзелю 21 сьнежня.