Зьміцер Палойка асуджаны на 10 сутак. 11 сьнежня яго затрымалі на баранавіцкім вакзале, калі ён вяртаўся з Украіны.
Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Баранавічаў.
«Зьміцер Палойка ўжо чацьвёрты дзень знаходзіцца ў нас. Ён асуджаны за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», — паведаміў дзяжурны ІЧУ Баранавічаў Дзьмітры Дранчук.
Падрабязнасьці затрыманьня Дзьмітры Дранчук распавесьці адмовіўся. Але сказаў, што ніякага ціску на сям’ю Зьмітра Палойкі не аказваецца.
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша паведаміў Радыё Свабола, што заўтра да Зьмітра Палойкі пойдзе адвакат — тады стануць вядомыя акалічнасьці затрыманьня.
«У Баранавічах Зьміцер Палойка быў актывістам. Браў удзел у розных мерапрыемствах, у тым ліку і ў пікетах. Але Зьміцер адышоў ад гэтых спраў, паехаў працаваць за мяжу. Быў пэўны час у Маскве. Апошнія паўгады — у Кіеве», — распавёў Сяргей Гойша.
Пра прычыну затрыманьня, паводле праваабаронцы, пакуль можна толькі здагадвацца. Зьміцер Палойка ехаў у Баранавічы, каб прадаць там сваю кватэру. Пасьля гэтага хлопец меркаваў вярнуцца ў Кіеў.