Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Гузь: Агентура КДБ спрабавала трапіць у атрад «Пагоня»


Беларусы з добраахвотніцкага атраду «Пагоня»
Беларусы з добраахвотніцкага атраду «Пагоня»

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігар Гузь абяцае зрабіць усё магчымае, каб абараніць беларусаў, якія ваююць супраць сэпаратыстаў, ад перасьледу праваахоўных органаў Беларусі.

11 сьнежня былы актывіст «Моладзі БНФ» Зьміцер Палойка быў затрыманы на баранавіцкім вакзале, калі ён вяртаўся з Украіны, дзе жыў апошнія паўгады. Яго асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту і накіравалі ў сьледчы ізалятар. Пры гэтым, паводле праваабаронцаў, міліцыя выклікае на допыты яго сваякоў, чаго звычайна ня робяць, калі чалавек абвінавачаны па адміністрацыйным артыкуле. Усё гэта выклікала здагадкі, што праваахоўныя органы падазраюць Палойку ва ўдзеле ў ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны.

Адначасова высьветлілася, што Палойка значыцца ў апублікаваных на сайце «КиберБеркут» сьпісах батальёна «Данбас», а ўсяго ў сьпісе — 6 беларусаў. Ці зьяўляецца гэты дакумэнт сапраўдным — невядома. Але, як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх, інфармацыя пра грамадзянаў Беларусі, названых у сьпісе ўдзельнікаў украінскага батальёна «Данбас», правяраецца.

Адзін з арганізатараў добраахвотніцкага атраду «Пагоня» з украінскага боку Ігар Гузь у інтэрвію Радыё Свабода ня змог пацьвердзіць або абвергнуць сапраўднасьць сьпісаў, якія былі апублікаваныя на сайце «КиберБеркут». Але, паводле яго слоў, пагроза бясьпекі беларускіх добраахвотнікаў сапраўды існуе.

Нашы байцы таксама падпадаюць пад усе гэтыя непрыемнасьці, таму многія цяпер за мяжой, некаторыя — ва Ўкраіне, і ня могуць прыехаць у Беларусь.

«Нашы байцы таксама падпадаюць пад усе гэтыя непрыемнасьці, таму многія цяпер за мяжой, некаторыя — ва Ўкраіне, і ня могуць прыехаць у Беларусь. Я, як дэпутат Вярхоўнай Рады, сёньня або заўтра напішу зварот да прэзыдэнта Ўкраіны, каб ён усё ж такі на сваім узроўні ўзьняў пытаньне перад Лукашэнкам, што калі будуць нейкія, скажам так, прэтэнзіі да гэтага грамадзяніна (Зьмітра Палойкі — РС) даказаныя, то адназначна я лічу, што ён не павінен быць асуджаны. Я лічу, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб абараніць грамадзянаў Беларусі, якія дапамагаюць Украіне ў барацьбе з інтэрвэнцыяй. Але я не магу пацьвердзіць або не пацьвердзіць тое, што гэты грамадзянін быў у „Данбасе“ ці не, — гэта не зразумела. Што тычыцца байцоў „Пагоні“, то я кажу: яшчэ некалькі месяцаў таму мы ў прынцыпе закансьпіравалі гэтыя пытаньні і лічым, што гэта правільна, таму што многія нашы байцы пад пагрозай былі і ёсьць», — падкрэсьліў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Гузь ня можа сказаць, ці сапраўдныя сьпісы батальёна «Данбас», апублікаваныя сайтам «КиберБеркута».

Як распавёў Гузь, некаторыя добраахвотнікі «Пагоні» ўжо вярталіся ў Беларусь, але пакуль праблемаў з праваахоўнымі органамі ў іх не было.

Мы бачылі, што, калі яшчэ фарміраваўся атрад, і нашу электронную пошту спрабавалі ўзламаць, і іншыя рэчы былі. Былі выпадкі, калі падаваліся дакумэнты ад людзей, якія дакладна не зьяўляюцца патрыётамі Беларусі, — гэта была агентура КДБ.

«Але хто яго ведае? — кажа ён. — Мы бачылі, што, калі яшчэ фарміраваўся атрад, і нашу электронную пошту спрабавалі ўзламаць, і іншыя рэчы былі. Былі выпадкі, калі падаваліся дакумэнты ад людзей, якія дакладна не зьяўляюцца патрыётамі Беларусі, — гэта была агентура КДБ. То бок, мы разумеем, што Лукашэнка і КДБ бачаць у гэтых людзях пагрозу для сябе».

Сёньня на фронце ў Данбасе знаходзяцца толькі некаторыя байцы «Пагоні», таму што актыўныя дзеяньні цяпер не вядуцца. Але, як паведаміў Гузь, цяпер адбываецца перафарматаваньне працы «Пагоні». Новы фармат павінен быць запушчаны з новага году, пра што будзе паведамлена асобна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG