Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Навумчык вярнуўся ў Беларусь пасьля 20 гадоў палітычнай эміграцыі.

абноўлена

Сяргей Навумчык з дачкой і жонкай у менскім аэрапорце.
Сяргей Навумчык з дачкой і жонкай у менскім аэрапорце.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык прыляцеў у Менск пасьля 20 гадоў палітычнай эміграцыі. Адразу з аэрапорту ён паехаў да магілы Васіля Быкава.

— Сяргей, ты ўпершыню ў Менску праз дваццаць год пасьля вымушанага ад’езду, які адбыўся ў выніку хвалі палітычных рэпрэсіяў вясны 1996 году. Як цяпер ацэньваеш той крок?

— Гэты быў вымушаны крок. Ня буду тут узгадваць усю гісторыю, скажу толькі, што, даўшы тады палітычны прытулак Зянону Пазьняку і мне (а для Вашынгтону гэта быў момант выбару, бо Эўропа ўжо была гатовая прызнаць палітыку афіцыйнага Менску дэмакратычнай), — ЗША фактычна далі адназначную ацэнку курсу, на які павярнуў рэжым у Беларусі. Наступныя трагічныя падзеі са зьніклымі асобамі пацьвердзілі слушнасьць такога рашэньня.

— Першым ты вырашыў наведаць месца апошняга спачыну Быкава...

— Для мяне Васіль Уладзімеравіч вельмі шмат значыў. У асабістым пляне ён папросту памяняў мой лёс. Добрыя зь ім адносіны я лічу Божым падарункам. Заўсёды адчуваў яго падтрымку. Думаю, што такія словы — пра падтрымку, у шырокім сэнсе — могуць сказаць усе, хто спрычыніўся да апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня. Я ня мог прыехаць на пахаваньне — але цяпер магу пакласьці кветкі на магілу. Тут пахаваны і мой аднакурсьнік, калега па апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Ігар Гермянчук, таксама Генадзь Карпенка, Генадзь Бураўкін...

— Чаму ты не абвясьціў публічна пра свой прыезд?

— Для блізкіх гэта не было сакрэтам, але рабіць публічны розгалас ня бачыў патрэбы. Паездка выкліканая прыватнымі прычынамі. Мае бацькі ў пажылым узросьце, у іх ня самае лепшае здароўе, апошнім часам ім ужо цяжэй прыяжджаць у Прагу. І калі яны выказалі жаданьне нас пабачыць — мы паехалі. Мы прыляцелі ўтрох: я, жонка і дачка, якая нарадзілася ў Амэрыцы і за свае чатырнаццаць гадоў увогуле ніколі не была ў Беларусі. У амбасадзе Беларусі ў Празе афіцыйна пацьвердзілі яе беларускае грамадзянства, і для нас гэта вельмі важна: дачка заўсёды ўсім кажа, што яна беларуска, хоць і з амэрыканскім пашпартам. Цяпер ужо — і зь беларускім. У нас шмат сямейных спраў, але, спадзяюся, за гэтыя некалькі дзён дачка на ўласныя вочы пераканаецца ў тым, пра што мы ёй увесь час казалі: яе гістарычная радзіма — эўрапейская краіна са славутай эўрапейскай гісторыяй і багатай эўрапейскай культурай.

— Раней ты не лічыў свой прыезд бясьпечным.

— Па зьвестках, сытуацыя з маёй бясьпекай зьмянілася. Хаця я разумею, што ніхто ні ад чаго тут не застрахаваны. На жаль, Беларусь яшчэ вельмі далёкая ад таго, каб сапраўды быць дэмакратычнай, прававой дзяржавай.

— Вы зьяжджалі разам зь Зянонам Пазьняком, таму лягічнае пытаньне: ці варта чакаць ягонага прыезду?

— Я ніколі не параўноўваў сябе з Пазьняком што да маштабу асобаў. Летась у верасьні ў цэнтры Менску прайшла прэзэнтацыя маёй кнігі пра рэфэрэндум 1995 году, сабралася больш за трыста чалавек, імпрэза прайшла безь якіх-небудзь перашкодаў з боку ўладаў. Нядаўна Радыё Свабода паведамляла пра арышт на мяжы кнігі Пазьняка — не пра палітыку, пра мастацтва фатаграфіі. Лягічная выснова з такога стаўленьня да яго напрошваецца сама сабой.

Першая імправізаваная прэс-канфэрэнцыя
Першая імправізаваная прэс-канфэрэнцыя

Сярей Навумчык журналіст. У 1990-96 быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ, уваходзіў у склад Канстытуцыйнай камісіі і парлямэнцкай камісіі па пытаньнях СМІ і правах чалавека. У красавіку 1995 г. удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якая праводзілася ў зале пасяджэньняў Вярхоўнага Савету на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У ноч на 12 красавіка 1995 году ўдзельнікі галадоўкі былі зьбітыя сьпецпадразьдзяленьнем КДБ і выкінутыя на вуліцу.

На магіле Васіля Быкава
На магіле Васіля Быкава

У канцы красавіка 1996 году Сяргей Навумчык разам зь лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком таемна выехаў зь Беларусі ва Ўкраіну, а потым эміграваў у ЗША. Незалежная газета "Свабода" ў траўні 1996 году паведаміла аб распараджэньні камандуючага памежнымі войскамі Беларусі затрымаць іх у выпадку ўезду на тэрыторыю краіны. У жніўні 1996 Навумчык і Пазьняк атрымалі палітычны прытулак у Злучаных Штатах.

Сяргей Навумчык жыве і працуе ў Празе.

Сяргей Навумчык на магіле Васіля Быкава
Сяргей Навумчык на магіле Васіля Быкава

Сяргей Навумчык зь сям'ёй наведалі магілы Васіля Быкава і Генадзя Бураўкіна. Ён паказаў журналістам свой пашпарт з Пагоняй, вокладку да якога яму падараваў Быкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG