Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шкада Колю


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Цікавае паведамленьне прыйшло з Узбэкістану. Пачаўся новы крымінальны перасьлед Гульнары Карымавай, дачкі былога прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава. Яе доўгі час разглядалі экспэрты як магчымую пераемніцу бацькі на пасадзе прэзыдэнта. Гульнара актыўна і вельмі імкліва рабіла кар’еру, займала шэраг дзяржаўных пасадаў, мела сваю вялікую бізнэс-структуру, была ня вельмі пераборлівая ў сродках. Інакш кажучы, вяла традыцыйны лад жыцьця дзіцяці правадыра.

Але яшчэ сам Карымаў пасадзіў яе пад хатні арышт. Падзея вельмі неардынарная, якая лішні раз сьведчыць, што ў дыктатараў уладны інстынкт мацнейшы за бацькоўскія пачуцьці. І вось цяпер яе абвінавачваюць у махлярстве, парушэньні мытнага заканадаўства, утойваньні замежнай валюты, парушэньні правілаў гандлю, падробцы дакумэнтаў і легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам. То бок поўны стандартны набор.

Як звычайна бывае пасьля сьмерці дыктатара, перасьлед дзяцей выконвае некалькі функцыяў. Па-першае, гэта нэўтралізацыя іхнага магчымага палітычнага уплыву, які можа перашкаджаць пераемніку. Па-другое, у пэрсаналісцкіх рэжымах пасьля зьмены першай асобы часьцей за ўсё пачынаецца дэсакралізацыя былога лідэра. Выкрыцьцё злачынстваў дзяцей — найпрасьцейшы спосаб гэта ажыцьцявіць.

І, па-трэцяе, помста. Кожны дыктатар пасьля сьмерці пакідае вялікую колькасьць крыўдаў на сябе ў «элітным» асяродзьдзі. Таму існуе спакуса адыграцца на дзецях.

Важна зьвярнуць увагу, што цярпяць толькі тыя нашчадкі, якія вялі актыўнае публічнае жыцьцё, за якімі цягнецца вялікі шлейф скандалаў. А вось тыя зь дзяцей, хто вёў сьціплы лад жыцьця, асабліва нідзе не сьвяціўся, адносна спакойна перажылі сыход бацькоў з высокай пасады.

Пра п’яныя выбрыкі Васілія Сталіна ведала ўся сьвецкая Масква. Пасьля сьмерці бацькі атрымаў восем гадоў турмы.

За сям’ю Брэжнева расплаціўся зяць Леаніда Ільліча Юрый Чурбанаў, муж скандальна вядомай Галіны. Ён зрабіў выдатную кар’еру ў МУС, а потым быў асуджаны за карупцыю на 12 гадоў.

Сын Нікаляе Чаушэску, Ніку Чаушэску — кіраўнік румынскага камсамолу, вёў багемнае жыцьцё (памёр у 45 гадоў ад цырозу пячонкі). Бацька не хаваў, што рыхтаваў яго на пераемніка. Пасьля расстрэлу Нікаляе Чаушэску і ягонай жонкі сына арыштавалі і прысудзілі яму 20 гадоў турмы.

Таму быць сынам ці дачкой дыктатара — небясьпечная прывілея. Вельмі вялікая рызыка, што давядзецца расплочвацца за бацькавы грахі. Асабліва рызыкуюць тыя, хто пастаянна мільгае на інфармацыйным экране.

Таму, можа, найбольш правільна робіць Уладзімір Пуцін, які ўсяляк хавае сваіх дачок. Ня буду цяпер ацэньваць яго як палітыка, але як бацька ён паступае вельмі разумна і дальнабачна, клапоціцца пра іхны лёс у будучыні.

У гэтым сэнсе шкада Колю. Прыгожы і, думаю, таленавіты хлопчык, нічым і ні перад кім не вінаваты, празь неразумныя паводзіны бацькі стаў аб’ектам анэкдотаў, жартаў і шматлікіх нядобразычлівых камэнтароў у сацыяльных сетках. Аляксандар Рыгоравіч чамусьці вырашыў выцягнуць яго ў публічную сфэру. Лукашэнка зрабіў тое, чаго да яго не дадумаўся рабіць, здаецца, ніводзін аўтарытарны лідэр. На вачох агаломшаных беларусаў ён пачаў кіраваць дзяржаваю з сынам на руках. Коля міма сваёй волі апынуўся ў ролі насьледнага прынца. У выніку замест ачалавечаньня вобразу суровага правадыра атрымаўся адваротны эфэкт. Усё раздражненьне насельніцтва палітыкай прэзыдэнта сёньня выліваецца на няшчаснага хлопца. Хоць, як казаў таварыш Сталін, сын за бацьку не адказвае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG