Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачынаецца рост эканомікі Беларусі, але вельмі павольны», — Сяргей Гурыеў


Сяргей Гурыеў
Сяргей Гурыеў

Галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сяргей Гурыеў прагназуе рост беларускай эканомікі ў 2017 годзе на 1%.

Пра гэта ён заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

«Наш прагноз больш аптымістычны, чым у іншых арганізацыяў, але ён не надзвычай аптымістычны. Мы лічым, што ў 2017 годзе тэмпы росту Беларусі складуць прыкладна 1%. Рэцэсія сканчаецца, пачынаецца рост, але вельмі павольны», — кажа ён.

Эканоміка Расеі, паводле прагнозу ЭБРР, у 2017 годзе вырасьце на 1,2% у выпадку, калі цана на нафту будзе трымацца на ўзроўні 50–55 даляраў за барэль.

«Але мы не чакаем у Расеі хуткага росту без правядзеньня рэформаў. Гэта наўпрост датычыць эканомікі Беларусі, бо эканомікі дзьвюх краін вельмі інтэграваныя», — дадаў ён.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, як будуць уплываць заходнія санкцыі супраць Расеі на расейскую і беларускую эканоміку, Гурыеў адзначыў:

«Наш прагноз росту расейскай эканомікі — 1–1,5% у год — грунтуецца на сцэнары статус-кво: адсутнасьці рэформаў, наяўнасьці заходніх санкцыяў і цяперашняй цаны на нафту. Калі санкцыі будуць зьнятыя, цалкам магчыма, што расейская эканоміка атрымае доступ да заходніх рынкаў капіталу і, адпаведна, будзе расьці хутчэй — што, вядома, добрая навіна для Беларусі. Наколькі хутчэй будзе расьці расейская эканоміка, будзе залежаць ад таго, наколькі будуць зьнятыя заходнія санкцыі. Санкцыяў было шмат і розных, і пакуль гэта цяжка прадказаць. Безумоўна, беларуская эканоміка моцна інтэграваная з расейскай. Некаторыя нашы ацэнкі кажуць, што кожны пункт росту расейскай эканомікі — гэта палова працэнту росту беларускай эканомікі. Некаторыя ацэнкі кажуць, што і больш».

Гурыеў падкрэсьліў, што для росту эканомікі Беларусі патрэбныя рэформы.

«Ключавы напрамак рэформаў — гэта макраэканамічная стабілізацыя, якая пакуль ня скончаная, хаця рух ёсьць. У сфэры структурных рэформаў ключавыя — гэта стварэньне канкурэнцыі (то бок камэрцыялізацыя дзяржпрадпрыемстваў, прыватызацыя і паляпшэньне якасьці іх кіраваньня). Гэта важна для стварэньня канкурэнтнай эканомікі. Таксама патрэбная пэнсійная рэформа, якая ўжо пачалася», — сказаў ён.

Недахоп канкурэнцыі і абмежаванасьць прыватнага сэктару Гурыеў лічыць галоўнай праблемай эканомікі Беларусі:

«Так ці інакш, прыватныя прадпрыемствы будуць заўсёды больш эфэктыўныя, чым прадпрыемствы дзяржаўныя. У іх заўсёды будзе больш стымулаў інвэставаць у прадукцыйнасьць працы. Адпаведна, гэта галоўная крыніца эканамічнага росту і росту даходаў».

Гурыеў адмовіўся камэнтаваць нафтагазавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй, спаслаўшыся на свой статус супрацоўніка ЭБРР. Ён адзначыў толькі, што «гэтая спрэчка мае сурʼёзныя наступствы».

Патэнцыял Эўразійскага эканамічнага саюзу Гурыеў назваў нерэалізаваным.

Гурыеў паведаміў, што ЭБРР пастараецца «дапамагчы беларускай дзяржаве камэрцыялізаваць абʼекты інфраструктуры, каб зьнізіць ціск на бюджэт».

«Хаця ў цэлым сытуацыя зь дзяржаўным доўгам не катастрафічная. Мы сочым за сытуацыяй і стараемся дапамагчы Беларусі пазьбегнуць залішняй нагрузкі», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG