«Нашая палітсіла выступае катэгарычна супраць любых перамоваў з тэрарыстамі, супраць амністыі забойцаў украінцаў, супраць легалізацыі бандгруповак на Данбасе, тады як Надзея лічыць, што «дзяржаўная пазыцыя Ўкраіны не зьяўляецца дакладна вызначанай і даказанай ва ўжываньні менавіта такой тэрміналёгіі», — падкрэсьліваецца ў заяве фракцыі.
13 сьнежня стала вядома, што некалькі тыдняў таму былая крамлёўская вязьніца выйшла са складу партыі «Бацькаўшчына», але вырашыла застацца ў аднайменнай парлямэнцкай фракцыі.
На мінулым тыдні, 7 сьнежня, Надзея Саўчанка ў Менску тайна сустракалася зь лідэрамі так званых «ЛНР» і «ДНР» Ігарам Платніцкім і Аляксандрам Захарчанкам з удзелам расейскага боку.
«Сустрэча была дзейсная» — Саўчанка пра сваё зьяўленьне ў Менску
Па зьвестках Службы бясьпекі Ўкраіны, на гэтай сустрэчы размова ішла ня толькі пра абмен палоннымі, але таксама і пра амністыю для ўдзельнікаў незаконных узброеных фармаваньняў і зняцьце эканамічных санкцыяў зь непадкантрольных Украіне тэрыторыяў Данбасу.
Афіцыйны Кіеў не прызнае ніякіх простых кантактаў з сэпаратыстамі. Прэзыдэнт Пётр Парашэнка заявіў, што перамовы Саўчанкі з сэпаратыстамі «ня йдуць на карысьць ні ёй самой, ні Ўкраіне». Шэраг украінскіх палітыкаў, экспэртаў і СМІ расцанілі менскую паездку Саўчанкі як акт «нацыянальнай здрады».
У Вярхоўнай Радзе ўжо падрыхтаваны праект пастановы аб выключэньні Надзеі з парлямэнцкага камітэту пытаньняў абароны і нацыянальнай бясьпекі. Акрамя таго, шэраг дэпутатаў заяўляюць, што пасьля сустрэчы Саўчанкі зь лідэрамі «ЛНР» і «ДНР» яна не павінна прадстаўляць Украіну ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.