Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўчанка абнародавала сьпіс украінскіх палонных у самаабвешчаных ЛНР-ДНР. Улады непакояцца, каб не сарваўся працэс абмену


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Народны дэпутат Украіны, Герой Украіны Надзея Саўчанка насуперак засьцярогам Службы бясьпекі Ўкраіны абнародавала на сваёй пэрсанальнай старонцы ў Facebook сьпіс украінскіх закладнікаў, якіх утрымліваюць на сваёй тэрыторыі самаабвешчаныя ўлады гэтак званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Паводле Надзеі Саўчанкі, у сьпісе тры катэгорыі грамадзян. Гэта ўкраінцы, якія ўтрымліваюцца на акупаванай тэрыторыі Данбасу; тыя, каго ўкраінскі бок патрабуе выдаць на абмен; і тыя, запыты на якіх падаюць да Ўкраіны прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР».

Надзея Саўчанка прапанавала формулы абмену па ўсіх трох катэгорыях. У той жа час у гэтак званай «ДНР» ужо назвалі яе прапановы непрымальнымі.

Служба бясьпекі Ўкраіны засьцерагала Надзею Саўчанку ад публікацыі сьпісу палонных, аргумэнтуючы тым, што такая публічнасьць можа пашкодзіць працэсу абмену.

«Гэтыя сьпісы нам вядомыя, мы працуем зь імі. І не сумнявайцеся, мы абавязкова правядзем пэўную тлумачальную працу (з Надзеяй Саўчанкай. — РС) у рамках дзейнага заканадаўства», — сказаў журналістам дарадца старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Юры Тандзіт.

Пры гэтым ён адзначыў, што ва Ўкраіне заканадаўства абмяжоўвае публікацыю любой інфармацыі, зьвязанай з дадзенымі пра ваеннапалонных.

«Новыя сьпісы палонных — гэта не фаервэрк, а цяжкая праца. Мы не павінны выкарыстоўваць гэтую інфармацыю дзеля карысьлівых мэтаў, маніпуляваць гэтымі сьпісамі, займацца палітычным піярам. Важна памятаць пра жыцьцё гэтых людзей. Трэба памятаць пра тых, хто зьнік бязь вестак, а іх больш за 490 чалавек», — дадаў Юры Тандзіт.

Юры Тандзіт
Юры Тандзіт

Дарадца старшыні СБУ патлумачыў, што распаўсюджваньне прозьвішчаў ваеннапалонных можа пашкодзіць іхнім блізкім, якія знаходзяцца ў цяжкім эмацыйным стане.

«Хачу запэўніць, што мы робім усё дзеля таго, каб урэшце вызваліць усіх ваеннапалонных», — падкрэсьліў Юры Тандзіт.

Аналягічнае меркаваньне выказаў і былы прадстаўнік Украіны ў трохбаковай менскай кантактнай групе Раман Бясьсмертны:

«Я дапускаю, што Саўчанка гэта рабіла з добрымі намерамі. Але не заўсёды, калі хочаш зрабіць добрае, добрае і атрымліваецца. Трэба быць вельмі асьцярожным. Калі чалавек бярэ на сябе адказнасьць за такія дзеяньні, ён павінен разумець, што ня толькі выстаўляе пэўныя патрабаваньні да ўлады, а і што можа прычыніць боль родным. Бо ў сьпісах тых, хто зьнік бязь вестак, ёсьць загінулыя, і гэта ўжо даведзена. І наадварот — калі яны лічыліся загінулымі, а знаходзяцца сярод незаконна затрыманых».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG