Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2016 год для Ўкраіны: год вялікіх надзеяў і расчараваньняў


Ва Ўкраіне трэці год ідзе вайна ва ўсходнім рэгіёне, прамысловасьць якога да 2014 году складала больш як 15 адсоткаў нацыянальнага валавога прадукту краіны. Менавіта вайна стала дадатковай і галоўнай нагрузкай для эканомікі, якая ўжо з 2012 году знаходзілася ў стане рэцэсіі. Але сёлета ўлады змаглі пераадолець нэгатыўную тэндэнцыю, і ня толькі ў эканоміцы. 2016 год для Ўкраіны — у падзеях і лічбах.

Пасьля падзеньня заўсёды мае быць рост

Прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімер Гройсман прагназуе, што паводле вынікаў 2016 году валавы ўнутраны прадукт павялічыцца на 1,5 адсотка. Вельмі сьціпла для глябальных маштабаў, але абнадзейліва для нацыянальных. Паводле прагнозаў, ужо налета эканамічны рост можа дасягнуць 3 адсоткаў.

Экспэрты ж лічаць, што гэта адбылося ня столькі дзякуючы дзеяньням ураду ды Нацыянальнага банку, колькі адпаведна эканамічнаму закону, які называецца «цыкл».

Эканамісты сьцьвярджаюць: каб адчуць рэальныя зьмены, рост мае быць больш істотным і больш трывалым.

«Калі мы хочам, напрыклад, на працягу наступных 5-6 гадоў падвоіць наш ВУП, то сярэдні тэмп росту эканомікі мае складаць прыкладна 14 адсоткаў за год», — кажа дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі.

Ігар Буракоўскі
Ігар Буракоўскі

Паводле рэйтынгу аўтарытэтнага амэрыканскага часопісу Forbes, Украіна пагоршыла свае паказчыкі ў вядзеньні бізнэсу — зь леташняй 61-й пазыцыі перасунулася на 74-ю. А замежныя інвэстары пакуль не наважваюцца ўкладаць свае капіталы ў краіну, дзе ідзе вайна. Галоўная ўкраінская надзея ў прыватызацыі — Адэскі прыпартовы завод — так і ня змог знайсьці новага гаспадара.

«Можна доўга гаварыць, чаму так адбылося, але ключавая праблема застаецца ў тым, што працэдуры прыватызацыі не адпрацаваны да такой ступені, каб зацікавіць рэальных добрасумленных інвэстараў. Мы можам доўга гаварыць пра свае посьпехі, але бізнэс, здольны ўкладаць ва Ўкраіну грошы, гэтымі зрухамі не задаволены. Рынак вынес свой прысуд, і ён вельмі жорсткі», — сказаў дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі.

Уладныя ратацыі замежнікаў

У 2016 годзе ўкраінскі ўрад застаўся без замежных міністраў, запрошаных Пятром Парашэнкам для ажыцьцяўленьня рэформаў. У лютым пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю пакінуў літовец Айварас Абрамавічус — праз карупцыйны скандал, у якім фігуравалі прадстаўнікі атачэньня ўкраінскага прэзыдэнта.

У красавіку Вярхоўная Рада адправіла ў адстаўку ўвесь урад, і разам з прэм’ерам Арсеніем Яцанюком урадавыя пасады пакінулі міністарка фінансаў Натальля Ярэська (амэрыканка ўкраінскага паходжаньня) і міністар аховы здароўя, грузін Аляксандар Квіташвілі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны
Вярхоўная Рада Ўкраіны

У траўні ў адстаўку з пасады намесьніка міністра ўнутраных спраў папрасілася грузінка Эка Згуладзэ, хоць фармальна яна дагэтуль засталася ў групе дарадцаў у пытаньні правядзеньня рэформы праваахоўнай сыстэмы.

Увосень уладныя калідоры пакінулі Міхэіл Саакашвілі (старшыня Адэскай дзяржаўнай абласной адміністрацыі з траўня 2015-га да лістапада 2016 году) і кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Хатыя Дэканаідзэ, не адпрацаваўшы і году на гэтай пасадзе.

Беларус Дзьмітры Салагуб, прызначаны ў сакавіку 2015 году намесьнікам кіраўніка Нацыянальнага банку Ўкраіны, — фактычна адзіны замежнік, які застаўся ад першай хвалі экспатаў.

Новы ўрад на чале з Уладзімерам Гройсманам запрасіў на працу ўжо менш замежнікаў — у ліпені на пасаду міністра аховы здароўя прызначаная амэрыканка ўкраінскага паходжаньня Ульляна Супрун, а дзяржаўнае прадпрыемства «Укрзалізниця» узначаліў польскі прадпрымальнік і рок-музыка Войцэх Балчун.

Без расейскага газу, але з вольным гандлем у ЭЗ

Нягледзячы на зьнішчальную крытыку ў адрас першага, пострэвалюцыйнага, ураду Арсенія Яцанюка, усе экспэрты пагаджаюцца, што менавіта ён уратаваў краіну ад дэфолту і заклаў глебу для стабілізацыі эканамічнае сытуацыі.

Упершыню Ўкраіна не набывала газ у Расеі — яго пастаўкі ажыцьцяўляліся эўрапейскімі партнэрамі. Што праўда, для захаваньня энэргетычнага балянсу ўраду давялося ўстанавіць аднолькавыя цэны на газ для бытавога і прамысловага сэктараў. У выніку павялічыліся камунальныя тарыфы на гарачую ваду і ацяпленьне. Цяпер толькі за ацяпленьне, напрыклад, двухпакаёвай кватэры плошчаю 50 квадратных мэтраў даводзіцца плаціць 1,2 тысячы грыўняў (афіцыйны курс — 1 даляр = 26,89 грыўні), а кошт аднаго кубамэтра гарачай вады складае 83 грыўні 10 капеек. Як вынік — запазычанасьць у аплаце камунальных паслуг павялічваецца з кожным месяцам. Налета ўрад абяцае павялічыць мінімальны заробак з 1,6 да 3,2 тысячы грыўняў, ад памеру яго залежыць узровень заработных платаў работнікаў ва ўсіх сфэрах.

Першы год краіна гандлюе з краінамі Эўрапейскага зьвязу на падставе пагадненьня пра паглыбленую зону свабоднага гандлю, прадугледжаную асацыяцыяй Украіны з Эўразьвязам. Менавіта адмова папярэдняй украінскай улады ад яго падпісаньня прывяла ў 2013-2014 гадах да масавых акцыяў пратэсту, якія завяршыліся Рэвалюцый годнасьці, уцёкамі экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча, расейскай агрэсіяй, анэксіяй Крыму і вайной на Данбасе.

Да поўнай ратыфікацыі пагадненьня ўсімі 28 краінамі Эўразьвязу (затрымка толькі за Нідэрляндамі. — РС) яно дзейнічае на часовай аснове. Паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі, за студзень—кастрычнік 2016 году частка краінаў ЭЗ ва ўкраінскім экспарце дасягнула 37,3 адсотка, што на 2,4 адсотка больш, чым за той жа пэрыяд мінулага году. Імпарт з эўрапейскіх краінаў павялічыўся на 7,9 адсотка і склаў 43,8 адсотка ў агульным імпарце Ўкраіны.

Паглыбленыя дачыненьні Ўкраіны з Эўропаю не адбіліся нэгатыўна на гандлі зь Беларусьсю: узаемны таваразварот павялічваецца, паціху аднаўляючы перадкрызісную дынаміку. Пастаўкі ўкраінскай прадукцыі ў Беларусь павялічыліся на 0,7 адсотка, да 722 мільёнаў даляраў, а беларускай ва Ўкраіну — на 12 адсоткаў (да 2,235 мільярда даляраў).

Трэці год запар Украіна згортвае гандаль з Расеяю. За студзень—кастрычнік 2016 году пастаўкі ўкраінскай прадукцыі ў Расею скараціліся на 28,5 адсотка, а расейскай ва Ўкраіну — на 36,5 адсотка. І прычына гэтаму — вайна, а не збліжэньне Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам.

А вось бязьвізавы рэжым для Ўкраіны з краінамі Эўразьвязу, якога чакалі ўжо сёлета, зноў адкладзены. І гэта стала найбольшым расчараваньнем украінцаў у замежнай палітыцы.

Э-дэклярацыі і барацьба з карупцыяй

Электронныя дэклярацыі ва Ўкраіне
Электронныя дэклярацыі ва Ўкраіне

Сёлета ўпершыню ва Ўкраіне адбылася кампанія электроннага дэкляраваньня даходаў і выдаткаў дзяржаўных службоўцаў. Менавіта дзякуючы гэтаму ўкраінцы даведаліся, колькі грошай чыноўнікі трымаюць «пад матрацам» і на банкаўскіх рахунках. А яшчэ пра іхныя футры, каштоўнасьці з дарагіх мэталяў, калекцыі сьвятых мошчаў, вінаў, самавараў, старадаўніх кніг, абразоў, зброі, марак, жывапісу і нават храмы. Цяпер Генэральная пракуратура правярае іх на прадмет карупцыйнасьці — матэрыялы пра 53 народныя дэпутаты ўжо накіраваныя ў створанае сёлета Нацыянальнае агенцтва папярэджаньня карупцыі.

Для барацьбы з карупцыяю створаныя таксама Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро і спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура. Праўда, гучных спраў пра карупцыянэраў пакуль не было.

Вызваленьне Надзеі Саўчанкі і забойства Паўла Шарамета

Два гады разам са сваімі міжнароднымі партнэрамі Ўкраіна змагалася за вызваленьне вайсковай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая трапіла ў палон да баевікоў на ўсходзе, а потым была незаконна вывезеная на тэрыторыю Расеі ды засуджаная да 22 гадоў зьняволеньня за нібыта забойства расейскіх журналістаў. Каб паскорыць ейнае вызваленьне, партыя «Бацькаўшчына» ўключыла яе пад першым нумарам у сьпіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах у 2014 годзе.

Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Паводле вынікаў выбарчай кампаніі, Надзея была выбраная дэпутаткай Вярхоўнай рады Ўкраіны і ўключаная ў склад украінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У траўні Надзея Саўчанка вярнулася ва Ўкраіну (яе абмянялі на двух расейскіх жаўнераў, затрыманых на Данбасе за ўдзел у баявых дзеяньнях) і пачала працаваць у парлямэнце. Але пасьля таемнай сустрэчы ў Менску зь лідэрамі так званых «ДНР» і «ЛНР» Героя Ўкраіны выключылі і з парлямэнцкай фракцыі «Бацькаўшчына», і са складу дэлегацыі ў ПАРЭ. Паводле вынікаў году экспэрты назвалі Надзею Саўчанку найбольшым расчараваньнем сярод палітыкаў.

У ліпені ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў беларускі журналіст Павал Шарамет.

Павал Шарамет
Павал Шарамет

Паліцыя кваліфікавала гэтае злачынства як «наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх асобаў». І паабяцала 200 тысяч грыўняў узнагароды за любую інфармацыю пра гэтае забойства. Прадстаўнікі выканаўчай і праваахоўнай уладаў адзін за другім называлі гэтае расьсьледаваньне «справай гонару», але і дагэтуль сьледзтва не прасунулася — інфармацыя закрытая да першых вынікаў. На гэты момант вядома, што паліцыя атрымала доступ да матэрыялаў, зьвязаных з апошнімі тэлефоннымі размовамі журналіста — у сьнежні сьледчыя пачалі правяраць некалькі расейскіх, беларускіх і польскіх нумароў.

Год дэкамунізацыі

У 2016 годзе Ўкраіна зрабіла больш у пераадоленьні спадчыны таталітарнага мінулага, чым за ўвесь час незалежнасьці: перайменавана 987 населеных пунктаў і 25 раёнаў, зьмененыя назвы больш як 50 тысяч вуліц і паркаў, дэмантавана 2389 помнікаў і памятных знакаў, зь іх у гонар Леніна — 1320. Днепрапятроўск стаў Дняпром, Кіраваград — Крапіўніцкім, палтаўскі Камсамольск — Гарышнімі Плаўнямі, большасьці крымскіх сёлаў вернутыя крымскататарскія назвы.

Шахматныя каралі

Ганна Музычук
Ганна Музычук

«Вішаньку» на навагодні торт Украіны сёлета падрыхтавалі ўкраінскія шахматысты. Ганна Музычук і Васіль Іванчук сталі чэмпіёнамі сьвету ў хуткіх шахматах. На турніры, які праходзіў у апошнія дні сьнежня ў Катары, Ганна Музычук атрымала 7 перамог, не прайграўшы ніводнай партыі, а Васіль Іванчук перамог двух чэмпіёнаў сьвету ў клясычных шахматах — Магнуса Карлсэна і Вішы Ананда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG