Прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына пракамэнтавала чарговы працяг санкцыяў ЗША супраць атачэньня Аляксандра Лукашэнкі:
«Гэты крок амэрыканскага боку паўтарае аналягічныя рашэньні ранейшых гадоў. Шкадуем, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША захоўваюцца састарэлыя і зусім неабʼектыўныя стэрэатыпы ў дачыненьні да Беларусі.
Для нас абсалютна непрымальным зьяўляецца сьцьвярджэньне амэрыканскага боку аб тым, што Беларусь, якая робіць усё магчымае для ўмацаваньня рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі, можа прадстаўляць для ЗША якую б там ні было пагрозу. Верагодна, трэба больш часу для таго, каб пераадолець пэўную інэрцыю, якая ўсё яшчэ прысутнічае ў нашых стасунках.
Мы нацэленыя на працяг пачатага канструктыўнага дыялёгу з ЗША і пасьлядоўна выступаем за ўзаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва, разьвіцьцё якога, мы ўпэўненыя, будзе спрыяць пазытыўным зьменам у зьнешнепалітычных падыходах Вашынгтону».
10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 13 чэрвеня працягнуў на год дзеяньне санкцыяў у дачыненьні шэрагу беларускіх чыноўнікаў, уведзеных у 2006 годзе ў сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў, прызнаных Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам недэмакратычнымі, а таксама гвалтоўным разгонам «Плошчы» і акцыі пратэсту на Дзень Волі.
Злучаныя Штаты тым часам прыпынілі санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, уведзеныя ў 2007 годзе. Першае прыпыненьне адбылося ў кастрычніку 2015 году, затым працягвалася раз на 6 месяцаў. Апошні раз прыпыненьне гэтых санкцыяў падаўжалі 30 красавіка 2017 году.
Эўразьвяз жа летась прыпыніў «ў чаканьні пазытыўных сыгналаў» большую частку санкцыяў, уведзеных у 2004 годзе супраць афіцыйнага Менску. Дзейнымі засталіся санкцыі адносна Ўладзімера Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнкі, Юрыю Сівакова і Віктару Шэймана, падазраваных у датычнасьці да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў, таксама дзейнічае эмбарга на пастаўкі зброі.