Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт «Усходняга партнэрства» вітаў ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю. Галоўныя вынікі

абноўлена

Падчас саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі
Падчас саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі

У Брусэлі на сустрэчы кіраўнікоў краін і ўрадаў праграмы Эўрапейскага Зьвязу «Ўсходняе партнэрства» ўхвалілі выніковую дэклярацыю.

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск запытаў у прысутных кіраўнікоў дэлегацый, ці няма ў іх пярэчаньняў па зьмесьце выніковай дэклярацыі. Пярэчаньняў ад ніводнай з дэлегацый не было, і дакумэнт ухвалілі.

Тэкст дэклярацыі ўзгадняўся да апошняга дня перад самітам. У апошняй вэрсіі праекту дэклярацыі, які мае Свабода, не было ніякіх зьменаў у пункце, які тычыцца Беларусі:

«Саміт вітае крытычнае ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю, якое стала больш комплексным, уключна з працай Каардынацыйнай групы „ЭЗ-Беларусь“, Дыялёгам аб правах чалавека і Дыялёгам аб гандлі».

Расею абмінулі

Да апошняга дыскусіі працягваліся адносна пункту 6 — аб падтрымцы мірнага вырашэньня тэрытарыяльных спрэчак і збройных канфліктаў на тэрыторыі краін «Усходняга партнэрства». Украіна хацела, каб саміт больш жорстка выказаўся наконт агрэсіўнай палітыкі Расеі ў рэгіёне, анэксіі Крыму і вайны на Данбасе. У выніку ўхвалены дыпляматычны кампрамісны варыянт:

«Удзельнікі саміту застаюцца занепакоенымі працягам парушэньня прынцыпаў міжнароднага права ў многіх частках рэгіёну.

Удзельнікі саміту заклікаюць аднавіць намаганьні дзеля мірнага вырашэньня існуючых канфліктаў у рэгіёне на базе прынцыпаў і нормаў міжнароднага права».

Расея ў гэтым пункце дэклярацыі не згадваецца зусім. На мінулым тыдні міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей казаў свайму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову, што Беларусь на саміце «Ўсходняга партнэрства» не дапусьціць антырасейскай рыторыкі.

Вынікі саміту ў рэпартажы спэцыяльнага карэспандэнту Свабоды з Брусэлю

Чаму не прыехаў Лукашэнка

Беларускую дэлегацыю на саміце «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі ўзначаліў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Аляксандар Лукашэнка ехаць адмовіўся, а ў дзень саміта заявіў, што рашэньне накіраваць у Брусэль міністра замежных спраў Уладзімера Макея было прынята «яшчэ за паўгода да саміту, можа і раней».

Ён сказаў, што «з тым парадкам дня, з тым, што там у Брусэлі адбываецца, міністар заўсёды спраўляўся і справіцца гэтым разам».

Макей сядзеў побач з Мэркель

На саміце ў Брусэлі міністра замежных справаў Беларусі пасадзілі побач з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркэль.

Раней частка беларускіх палітолягаў тлумачыла рашэньне Аляксандра Лукашэнкі ня ехаць у Брусэль верагоднай адсутнасьцю на саміце Мэркэль, якая, нібыта, праз клопаты з урадавай кааліцыяй у Нямеччыне, застанецца ў Бэрліне.

Літва крытыкуе БелАЭС. Макей: ня бачу перашкод зь іх боку

Макей: «Ня бачу ніякіх перашкод з боку Літвы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:03 0:00

Падчас агульных дэбатаў на саміце «Ўсходняга партнэрства» прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце скрытыкавала Беларусь за тое, што яна будуе АЭС у Астраўцы непадалёк ад літоўскай мяжы ў парушэньне міжнародных нормаў. Апрача таго яна выступіла з крытыкай вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якія прайшлі на тэрыторыі Беларусі.

Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск падтрымаў Далю Грыбаўскайце ў крытыцы будаўніцтва Беларускай АЭС паблізу межаў краін Эўразьвязу.

Беларусь на саміце прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімер Макей, ён заявіў перад пачаткам пасяджэньня, што афіцыйны Менск гатовы да супрацоўніцтва з Эўразьвязам у пытаньнях бясьпекі станцыі.

Макей пра стаўленьне Эўразьвязу да АЭС у Астраўцы: «Мы гатовыя супрацоўнічаць»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00

Аналітыка: Рутынны саміт ініцыятывы, што ператварылася ў шырму

«Саміт прайшоў без сэнсацый, скандалаў, быў хутчэй рутынным, чым прарыўным, — падсумоўвае палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч. — Магчыма, у гэтай рутыннасьці, паступовасьці, пасьлядоўнасьці і палягае галоўны сэнс цяперашняга канцэпту «Ўсходняга партнэртства». Здаецца, Эўразьвяз пераадолеў першапачатковы амбітны намер стварыць на сваёй усходняй мяжы зону дэмакратычных, рынкавых, праэўрапейскіх краін і гатоўнасьць уступіць у канкурэнцыю з Расеяй за кантроль над рэгіёнам Усходняй Эўропы і Закаўказьзя».

«Усходняе партнэрства», якое стваралася для паглыбленьня супрацы Эўразьвязу і шасьці краін былога СССР, канчаткова ператварылася ў шырму, — дадае журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч, які працаваў на трох папярэдніх самітах «Усходняга партнэрства». — Эўрапейскія палітыкі пра яго ўзгадваюць толькі тады, калі трэба давесьці, што ЭЗ цікавіцца Ўсходняй Эўропай. Але гэта перастае працаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG