Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэт працэсаў над «вэгамі»: Пікетоўцаў у масках пазналі па здымках яшчэ да акцыі


Вячаслаў Касінераў у судзе
Вячаслаў Касінераў у судзе

У Партызанскім судзе Менску скончыліся суды над актывістамі ініцыятываў «Экалягічны пошуг» і «Кошт жыцьця» за несанкцыянаваны пікет каля цырку 17 красавіка.

Тады актывісты ў масках выйшлі да цырку з расьцяжкамі ў абарону цыркавых жывёл, зь якімі, на іх думку, падчас дрэсіроўкі абыходзяцца вельмі жорстка.

Пікет 17 красавіка
Пікет 17 красавіка

Пікет працягваўся дваццаць хвілін, і столькі ж часу спатрэбілася судзьдзям, каб сёньня разгледзець адміністрацыйныя справы на кожнага зь пікетоўцаў і прысудзіць ім штрафы. Толькі ў двух працэсах зь сямі судзьдзі апыталі сьведак-міліцыянтаў.

Дарэчы, высьветлілася, як апазналі актывістаў, у якіх падчас акцыі на тварах былі мэдычныя маскі. Здымаць на фота і відэа іх пачалі яшчэ да пачатку акцыі, а потым высьветлілі прозьвішчы.

Такое афармленьне месца правапарушэньня лічыцца незаконным, даводзілі адвакаты.

У судзе
У судзе

Пра правапарушэньне актывістаў ніхто не папярэджваў. З пратаколамі аб парушэньні іх азнаёмілі толькі празь некалькі дзён, прычым некаторыя атрымалі копіі пратаколаў, якія супярэчылі пратаколам у справе. Але судзьдзі на гэтыя акалічнасьці ўвагі не зьвярнулі.

Адкуль міліцыянты даведаліся пра пікет загадзя? Сьведка-міліцыянт Яўген Круты паведаміў суду, што пра акцыю ім было вядома яшчэ напярэдадні са «службовых крыніц». Яны нібыта ведалі пра тое, што пікет аганізавала актывістка Яна Каралёва. Тая ж казала суду, што прыйшла на пікет, «як усе іншыя».

Яна Каралёва
Яна Каралёва

Актывісты не адмаўлялі, што ўдзельнічалі ў акцыі ў абарону цыркавых жывёл, але не прызнавалі сябе вінаватымі, бо лічаць, што скарысталіся 33 артыкулам Канстытуцыі, які гарантуе права на выказваньне сваіх поглядаў. Да таго ж пікет нікому не замінаў, грамадзкі парадак падчас акцыі ня быў парушаны.

Максіміліян Бойчанка
Максіміліян Бойчанка

Менскі ліцэіст Макс Бойчанка патлумачыў, чаму выйшаў да цырку з банэрам «Цырк — турма для жывёлаў».

«Бо ў цырку жывёл катуюць, каб прымусіць іх рабіць тое, чаго ў прыродзе яны ня робяць. Калі я малым прыходзіў у цырк, гэтага дарослыя мне не тлумачылі, і цяпер дзецям пра гэта нічога ня кажуць. Але жорсткасьць да жывёл абарачаецца потым жорсткасьцю да людзей», — мяркуе актывіст.

Арцём Каралёў
Арцём Каралёў

Справы ўсіх удзельнікаў пікету разгледзелі менш як за дзьве гадзіны. Максіміліян Бойчанка, а таксама брат і сястра Каралёвы — Арцём і Яна, атрымалі па 20 базавых велічынь штрафу — гэта 4 мільёны 200 тысяч рублёў. Вячаслаў Касінераў, Даша Тылецкая і Юры Пучыла аштрафаваныя на 15 базавых.

Юры Пучыла
Юры Пучыла

Больш за іншых суд даў актывісту Паўлу Сяргею — ажно 30 базавых велічынь, гэта 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Такі штраф прысудзіла актывісту намесьнік старшыні Партызанскага суду Менску Вольга Паўлоўская.

Суд над актывісткай Ульянай Трэгубавай перанесены на 3 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG