Саборны мячэт урачыста адкрылі ў Менску. Сымбалічную стужку перарэзалі прэзыдэнты Беларусі і Турэччыны. Гэта першы саборны мячэт у сталіцы Беларусі. Ён будаваўся з 1997 году.
Першы камень у падваліны саборнага мячэту быў закладзены ў 1997 годзе. Будоўля ня раз перапынялася. Толькі ў ліпені 2016 году будынак быў афіцыйна здадзены.
Адкрыцьцё мячэту — гістарычная падзея для мусульманаў краіны і ўсяго беларускага народу, лічыць старшыня Мусульманскага рэлігійнага абʼяднаньня ў Беларусі муфцій Абу-Бекір Шабановіч.
«Яна ў тым ліку стане сымбалем сяброўства беларускага і турэцкага народаў», — перадае словы Рэджэпа Таіпа Эрдагана БЕЛТА.
У залі мячэту можа зьмясьціцца больш за 1,5 тысячы вернікаў. На цокальным паверсе — заля на 250 месцаў для прэс-канфэрэнцыяў і адукацыйных праграмаў. Таксама тут — два санітарна-гігіенічныя блёкі, памяшканьні абмывацца перад малітвай, адміністрацыйныя кабінэты, бібліятэка для масавага карыстаньня.
Першапачаткова будоўлю новага мячэту ў Менску фінансавала Саудаўская Арабія, на апошніх этапах — Упраўленьне па справах рэлігіі Турэцкай Рэспублікі.