Больш за 18 тысяч вайскоўцаў зь 19 краінаў возьмуць удзел у вучэньнях NATO Saber Strike, што пройдуць 3–15 чэрвеня.
Вучэньні пачынаюцца неўзабаве пасьля заявы Польшчы аб тым, што яна разглядае прапанову аб разьмяшчэньні ў сябе пастаяннага кантынгенту войскі ЗША, як гэта зрабілі Нямеччына і Італія пасьля Другой усясьветнай вайны. Прэзыдэнт Польшчы называў Расею «самай сур’ёзнай пагрозай глябальнаму міру».
Злучаныя Штаты ўзначальваюць шматнацыянальную баявую групу NATO ў Польшчы, а саюзьнікі зь Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і Канады камандуюць трыма іншымі ў краінах Балтыі — Эстоніі, Латвіі і Літве.
«Трывалая супольная трэніроўка пад кіраўніцтвам арміі ЗША ў Эўропе накіраваная на павышэньне гатоўнасьці і ўзаемадзеяньня паміж саюзьнікамі і рэгіянальнымі партнэрамі», — заяўляюць у арміі ЗША. Паводле амэрыканскага вайсковага камандаваньня, манэўры «прадэманструюць рашучасьць і здольнасьць Альянсу дзейнічаць адзіным цэлым у адказ на любую агрэсію».
Злучаныя Штаты і NATO ўмацавалі сваю прысутнасьць у Польшчы і іншых краінах на ўсходнім флянгу альянсу пасьля анэксіі Расеяй украінскага Крыму ў 2014 годзе і падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны.
Расея рэзка адрэагавала на нядаўнюю прапанову Польшчы адносна амэрыканскага кантынгенту, заявіўшы, што такое разгортваньне «нічым не дапаможа бясьпецы і стабільнасьці на кантынэнце».
NATO ўжо разьмясьціла каля 6000 вайскоўцаў у рэгіёне, а войска ЗША стварыла новую эўрапейскую штаб-кватэру ў Польшчы, каб камандаваць гэтымі сіламі. Таксама ЗША рыхтуюцца разьмясьціць у Нямеччыне сыстэмы супрацьракетнай абароны.
Беларусь не выключае магчымасьці разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы на сваёй тэрыторыі
«Можна чакаць, што зноў пачнуцца размовы пра сумесны адказ на прасоўваньне NATO на ўсход у межах беларуска-расейскага вайсковага супрацоўніцтва, — казаў Свабодзе палітоляг, заснавальнік Belarus securety blog Андрэй Паротнікаў. — Да гэтага часу была пэўнасьць, што расейскіх базаў [у Беларусі] ня будзе».
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заяўляў, што ў Расеі зь Беларусьсю «адзіная пазыцыя»: «мы не шукаем канфрантацыяў». Але выказваў занепакоенасьць Крамлю дзеяньнямі NATO.