Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «пэнсійнай пасткі» вызвалілі яшчэ адну катэгорыю беларусаў: тых, хто шмат гадоў працаваў


У Беларусі прынятыя (PDF) зьмены ў закон «Аб пэнсійным забесьпячэньні». Некаторыя катэгорыі грамадзянаў змогуць цяпер атрымліваць пэнсію, ня маючы патрэбнага для гэтага стажу працы з выплатамі ў фонд сацыяльнай абароны.

Права на пэнсію па ўзросьце цяпер маюць мужчыны са стажам працы, ня меншым за 40 гадоў, і жанчыны са стажам працы, ня меншым за 35 гадоў, па дасягненьні пэнсійнага ўзросту. А вайскоўцы, якія маюць стаж вайсковай службы, ня меншы за 10 каляндарных гадоў, маюць права на пэнсію па ўзросьце пасьля сумарнага стажу працы (і ў войску, і па-за ім) хаця б 25 гадоў для мужчын і 20 — для жанчын.

Восеньню мінулага году абавязковы страхавы стаж для атрыманьня пэнсіі скарацілі да 10 гадоў для тых, хто працяглы час і амаль бесьперапынна даглядаў непрацаздольных, а таксама для вайскоўцаў, якія маюць стаж працы, большы за 10 гадоў, але не напрацавалі на вайсковы стаж.

Да 2014 году страхавы стаж для атрыманьня працоўнай пэнсіі складаў 5 гадоў, але ад 2014 году яго павялічылі да 10, ад 2015-га — да 15 гадоў, затым да 15 гадоў і 6 месяцаў, да 16 гадоў і ўрэшце ў 2018 годзе — да 16 гадоў 6 месяцаў (штогод ніжняя мяжа страхавога стажу будзе павышацца на паўгода да дасягненьня 20 гадоў).

Неабходны стаж вялізны, а пэнсіі могуць быць мінімальныя, — юрыстка

Ці шмат людзей цяперашнія праўкі ў закон уратуюць ад «пэнсійнай пасткі»? Юрыстка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова кажа Свабодзе, што наўрад ці гэтыя зьмены тычацца вялікай колькасьці людзей, і гаварыць пра «нейкія вельмі пазытыўныя» зьмены не даводзіцца.

Яськова адзначае, што калі людзі працавалі, але ня сплачвалі ўнёскі, то за той пэрыяд пэнсію «паводле агульнага стажу» будуць выплочваць ня з Фонду сацыяльнай абароны, а зь бюджэту, і чакаць у такім выпадку можна хіба нейкую мінімальную суму. Але яна лічыць, што наўрад ці шмат людзей працавалі 35–40 гадоў і не рабілі выплаты ў фонд сацыяльнага забесьпячэньня цягам больш як 16 гадоў.

«40 і 35 гадоў — гэта вялізны стаж, але ўсё ж гэта магчымасьць атрымаць пэнсію, — разважае Яськова. — Ды будзе вельмі мала людзей, якія атрымаюць тую мізэрную пэнсію паводле гэтага артыкулу. Я лічу, што і гэта, і тыя страхавыя стажы — гэта дыскрымінацыя людзей, якія працавалі, але ня могуць пацьвердзіць унёскі дакумэнтамі».

Яна згадвае: цяпер для атрыманьня пэнсіяў трэба падаваць дакумэнты аб атрыманьні заробкаў і пералічэньнях у фонд сацыяльнага забесьпячэньня, але ў Беларусі быў такі пэрыяд, калі не было пацьверджаньня сплаты ўнёскаў, а стаж пацьвярджаўся паводле запісаў у працоўнай кніжцы. Праз адсутнасьць патрэбных дакумэнтаў людзі не маглі пацьвердзіць, што яны працавалі і плацілі ўнёскі.

На думку Яськовай, пэнсійная сыстэма патрабуе сур’ёзных зьменаў: базавая велічыня пэнсіі павінна быць гарантаваная дзяржавай, а ў дадатак да гэтага павінна быць дабраахвотнае пэнсійнае страхаваньне.

«Апошнім часам такая тэндэнцыя, што пэнсійнае заканадаўства робіцца больш жорсткім: і падвышэньне пэнсійнага ўзросту, і новыя патрабаваньні да атрыманьня пэнсіяў, — адзначае Яськова. — І самае галоўнае, што пэнсіі ў нас атрымліваюць толькі з Фонду сацыяльнай абароны, адкуль выплачваюць таксама і дапамогу на дзяцей, і дапамогу па беспрацоўі, і па бальнічных лістах... Бюджэт у гэтым ніяк ня ўдзельнічае, нагрузка на фонд вялікая, пэнсіі зьніжаюцца, і зьніжаюцца гарантыі іх атрыманьня для грамадзянаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG