Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разважаючы пра свой лёс у Менску, Нямцоў памыліўся толькі на адзін год


Барыс Нямцоў у Менску, 2013 год
Барыс Нямцоў у Менску, 2013 год

Аляксандар Лукашэнка ніяк не адрэагаваў на забойства вядомага расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова: на афіцыйным інтэрнэт-партале кіраўніка Беларусі з гэтай нагоды нічога не сказана. І Нямцоў, і Лукашэнка крытычна ставіліся адзін да аднаго, іх выказваньні на гэты конт нярэдка выходзілі за межы афіцыйнай лексыкі.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі Санкт-Пецярбургу яшчэ 15 гадоў таму, вясной 2003 году, назваў Барыса Нямцова разам з Рыгорам Яўлінскім і Сяргеем Кірыенкам «небясьпечнымі для Расеі людзьмі». Яны, заявіў Лукашэнка, — «праваднікі палітыкі тых краін, каму не патрэбны Саюз Беларусі і Расеі».

Нямцоў адным зь першых у расейскай палітычнай эліце адчуў небясьпеку «лукашызацыі» Расеі і пачаў змагацца зь ёю. У сваёй кнізе «Споведзь бунтара» ён пісаў:

«Лукашэнка, дай яму волю, быў бы больш папулярны за Пуціна ў Расеі. Людзі хочуць бачыць дэмагога, харызматычнага, нібыта народнага заступніка, простага калгасьніка, які рве на сабе кашулю за народ. Але мы ведаем, што за гэтым стаяць забойствы, катаваньні, турмы, цэнзура, падман на выбарах, крадзяжы, карупцыя. Пагроза лукашызацыі Расеі сьмяротна небясьпечная».

Гэтая кніга выйшла ў 2007 годзе. І тады, падобна, Нямцоў яшчэ лічыў Пуціна меншым з двух ліх. Зь цягам часу яны абодва сталі для Нямцова аднолькава небясьпечнымі. У свой апошні прыезд у Менск, 25 красавіка 2013 году, на сустрэчы зь беларускімі журналістамі ён назваў іх «сіямскімі блізьнятамі»:

«Пуцінская Расея ідзе сямімільнымі крокамі па шляху Лукашэнкі. І Пуцін, які не вялікі прыхільнік Лукашэнкі (у іх гэтая нянавісьць узаемная), тым ня менш паўтарае ўсе тыя гнюснасьці, якія тут доўгія гады ўкараняліся...

Адрозьнівае нас, мабыць, толькі адно. Ваш правіць вамі ўжо гадоў пад дваццаць. А наш хоча ўладарыць яшчэ больш за яго. Пакуль у яго атрымліваецца каля трынаццаці гадоў. Гэта вельмі сумна. Яны ненавідзяць адзін аднаго. І разам з тым яны як сіямскія блізьняты. Ня зьнешне, а па нянавісьці да Захаду, шпіёнаманіі, абалваньваньні ўласнага народу, маніпуляцыях, фальсыфікацыях. Як дэжавю нейкае, што Масква, што Менск».

У кастрычніку 2002 году беларускія ўлады затрымалі ў менскім аэрапорце Барыса Нямцова і Ірыну Хакамаду. Абое яны на той час былі дэпутатамі Дзярждумы, а спадарыня Хакамада — нават віцэ-сьпікерам. Беларускае тэлебачаньне тады паказвала сюжэт — сядзіць затрыманы Нямцоў, а перад ім на стале даляры. Прадстаўнікі КДБ абвінавацілі Нямцова ў прывозе 59 тысяч даляраў і падрыўной літаратуры.

Ірына Хакамада назвала гэта «бруднай правакацыяй»:

«На стол быў вывалены невядомы нам чамадан з грашыма. Тут жа падасьпелі спэцыяльныя тэлекамэры. Я забараніла каму-небудзь, і Нямцову, і сабе, камэнтаваць. Мы толькі сказалі, што гэта ня нашы рэчы».

Нямцова, нягледзячы на дэпутацкую і дыпляматычную недатыкальнасьць, тады выслалі зь Беларусі. Хакамада на знак салідарнасьці далучылася да калегі. Абое дэпутаты абвінавацілі ў гэтай правакацыі асабіста Аляксандра Лукашэнку.

Апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў сьнежні 2010 году таксама выклікалі ўзаемныя папрокі. Спачатку Лукашэнка абвінаваціў Нямцова, што той падрыхтаваў групу баевікоў, якія спэцыяльна прыехалі з Расеі ў Менск для ўдзелу ў «беспарадках». Апанэнт назваў гэтыя сьцьверджаньні хлусьнёй і сказаў, што перамога Лукашэнкі наўрад ці была б магчымая, калі б «дыктатара Лукашэнку не падтрымаў Крэмль».

Барыс Нямцоў пры апошнім наведваньні Менску казаў:

Я вельмі хачу, каб Беларусь стала свабоднай. Бо калі вы станеце свабоднымі, то і ў Расеі зьявіцца шанец стаць свабоднай

«Я вельмі хачу, каб Беларусь стала свабоднай. Бо калі вы станеце свабоднымі, то і ў Расеі зьявіцца шанец стаць свабоднай. Я лічу, што ў вас, нягледзячы на драматызм шматгадовай дыктатуры, шанцаў стаць дэмакратычнай эўрапейскай краінай, гордай і незалежнай, болей, чым у Расеі. У першую чаргу таму, што ў вас няма імпэрскіх комплексаў. А па-другое, таму што вы — сарцавіна Эўропы».

Апошняе пытаньне, якое задаў калега-журналіст Барысу Нямцову ў Менску, гучала так: ці зьбіраецеся вы балятавацца ў 2018 годзе ў прэзыдэнты Расеі? На стужцы дагэтуль захоўваецца адказ:

«Казаць пра тое, што я буду кандыдатам на прэзыдэнта, можа, на мой погляд, толькі той чалавек, які не зусім разумее, як жыцьцё ўладкаванае. Загадваць наперад, што ў Расеі будзе праз год, можа альбо дурань, альбо бясконца далёкі ад Радзімы. Я ніколі такога не рабіў праз усё сваё доўгае палітычнае жыцьцё. Я ня ведаю, што будзе з маёй краінай і са мной праз год».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG