Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія НПЗ працуюць на палову магутнасьці», — Манёнак


Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Сёлета ў студзені—кастрычніку экспарт нафтапрадуктаў склаў у фізычным выражэньні 11,6 млн тон, скараціўшыся на 15% у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году.

У вартасным выражэньні экспарт нафтапрадуктаў за 10 месяцаў гэтага году склаў 3,5 млрд долараў, што на 38% менш за аналягічны леташні паказчык, паведамляе БелаПАН.

Сёлета Беларусь павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Польшчу (экспарт у фізычным выражэньні вырас у 5,1 раза), Нідэрлянды (у 2,2 раза) і Ўкраіну (амаль у 1,5 раза). У той жа час у Расею ў студзені — кастрычніку было пастаўлена каля 259 тыс. тон нафтапрадуктаў, што ў тры разы менш у параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам. Раней беларускія чыноўнікі тлумачылі гэта тым, што такі экспарт нявыгадны для Беларусі з цэнавых меркаваньняў.

У другой палове 2016 году Расея, спасылаючыся на невыкананьне Беларусьсю абавязацельстваў у пастаўках нафтапрадуктаў і запазычанасьць за газ, рэзка скараціла пастаўкі нафты на Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, што адбілася на абʼемах экспарту беларускіх нафтапрадуктаў.

Экспэрт у нафтагазавай галіне інтэрнэт-выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак канстатуе, што скарачэньне паставак нафты з Расеі і адпаведна зьніжэньне экспарту нафтапрадуктаў — гэта адчувальны ўдар па бюджэце Беларусі і нафтаперапрацоўчых заводах краіны.

«Відавочна, што скарачэньне экспарту адчувальнае для бюджэту і нафтаперапрацоўчых заводаў. Дакладна невядома, колькі атрымае беларускі бюджэт ад экспартных мытаў на нафтапрадукты па выніках году, але Беларусь відавочна не атрымае мільярду даляраў, як гэта меркавалася раней, будзе значна меней. Для нафтаперапрацоўчых заводаў гэта вельмі адчувальна, яны сёньня і так працуюць ледзь на палову магутнасьці. Вядома, гэта зьніжэньне для іх прыбытку, зьніжэньне магчымасьцяў працягваць праграмы мадэрнізацыі, якія ўжо былі намечаны. Паводле маіх зьвестак, „Нафтан“ ужо перанёс тэрміны праграмы мадэрнізацыі — меркавалася, што наступныя этапы скончацца ў 2017 годзе, а цяпер яны перанесены на 2018 год», — адзначыла яна ў камэнтары Свабодзе.

Пры гэтым дэфіцыту нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку няма, як няма і падвышэньня цэнаў. Дэфіцыт нафтапрадуктаў не пагражае Беларусі і ў далейшым, упэўнена Тацяна Манёнак:

«Пакуль невядома, ці дамовяцца бакі (Масква і Менск. — РС) да 15 сьнежня пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь на наступны год. Але, нягледзячы на праблемы з загрузкай нафтаперапрацоўчых заводаў, дэфіцыту нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку ня будзе ў любым выпадку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG