Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прапанавала абараніць замежных інвэстараў ад нацыяналізацыі


Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 19 сьнежня прынялі ў першым чытаньні дапаўненьні і зьмены да закону Рэспублікі Беларусі «Аб інвэстыцыях». Адметнасьць гэтага заканадаўчага акту ў тым, што яго падрыхтавалі самі дэпутаты — Уладзіслаў Шчэпаў і Аляксей Сокал.

Гэта другі выпадак у Палаце прадстаўнікоў 6-га скліканьня, калі разглядаецца заканадаўчы акт, падрыхтаваныя самімі дэпутатамі, а не адміністрацыяй прэзыдэнта і ўрадам.

Абгрунтоўваючы перад калегамі сваю ініцыятыву, Уладзіслаў Шчэпаў сказаў, што яна скіраваная найперш на прывабнасьць Беларусі для замежных інвэстараў.

Ён нагадаў, што пляны прыцягненьня замежных інвэстыцыяў «на чыстай аснове» (без уліку запазычанасьці за тавары, работы, паслугі) у нас не выконваюцца.

Уладзіслаў Шчэпаў, архіўнае фота
Уладзіслаў Шчэпаў, архіўнае фота

«У гэтым паказьніку Беларусь адстае ад краінаў Эўразьвязу ў 5 і болей разоў, а ад Казахстану больш, чым удвая. Таму і патрэбныя зьмены ў заканадаўстве, якія найперш давалі б гарантыі замежным інвэстарам», — адзначыў Шчэпаў.

Галоўнае ў прапановах дуэту дэпутатаў – унясеньне ў закон новага артыкулу аб кампэнсацыі міжнародным інвэстарам сродкаў, укладзеных у аб’екты, што падпалі пад нацыяналізацыю.

На думку дэпутатаў, патрэбна прапісаць у законе прыстойную кампэнсацыю дзеля большай прывабнасьці беларускай эканомікі для іншаземцаў.

Сёньня прыклады такой кампэнсацыі прапісаныя толькі ў заканадаўчых актах, якія тычацца супрацы Беларусі з краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу і з Азэрбайджанам. У інвэстараў зь іншых краін, адзначылі аўтары законапраекту, ёсьць адзін шлях вярнуць сродкі — празь Міжнародны арбітражны суд, але «гэта вельмі дарагая працэдура».

Калегі Шчэпава і Сокала прагаласавалі за прыняцьцё закону ў першым чытаньні.

Цікава, што абодва заканадаўчыя акты — і сёньняшні, і папярэдні (зьмены і дапаўненьні ў закон «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці») — уносілі дэпутаты з адной і той жа камісіі эканамічнай палітыкі Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG