Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: Беларусь будзе адным з бэнэфіцыяраў уступленьня Ўкраіны ў зону свабоднага гандлю з ЭЗ


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што пасьля ўвядзеньня зоны свабоднага гандлю паміж ЭЗ і Ўкраінай, беларускія тавары, якія экспартуюцца ў Расеі, будуць кантралявацца яшчэ больш пільна.

Зь 1 студзеня пачне дзейнічаць зона свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ. Расея ў адказ на гэта ўжо абвясьціла аб сваім выхадзе з зоны свабоднага гандлю з Украінай з 2016 году. Акрамя таго, Расея ўводзіць прадуктовае эмбарга супраць украінскіх тавараў.

Між тым, учора па выніку беларуска-ўкраінскіх перамоваў намесьніца міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Натальля Мікольская паведаміла ў сваім твітэры, што Беларусь ня будзе разам з Расеяй выходзіць з зоны свабоднага гандлю з Украінай.

Як адзначыў у інтэрвію Свабодзе Яраслаў Раманчук, зона свабоднага гандлю паміж Беларусьсю і Ўкраінай даволі ўмоўная: пэрыядычна то беларускі ўрад робіць нейкія захады супраць украінскіх тавараў, то ўкраінскі урад — супраць беларускіх. Але Беларусь, безумоўна, паспрабуе скарыстацца сытуацыяй, калі паміж Украінай і Расеяй будзе афіцыйна спыненая дзейнасьць зоны свабоднага гандлю.

«Так, безумоўна, Расея пачне „кашмарыць“ яшчэ больш тавары, якія будуць ехаць зь Беларусі, але ня ў межах нейкай мытні на мяжы, а кантролю з боку Рассельхазнагляду ці Расспажыўнагляду. А ў прынцыпе, думаю, мала што зьменіцца, бо беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб як мага больш тавараў уяжджала ў Беларусь, а потым нейкім магічным цудам гэтыя тавары будуць або перапрацоўвацца або пераапранацца ў беларускія ўпакоўкі і спрабаваць трапіць на расейскі рынак. Паколькі клясычнай зоны свабоднага гандлю паміж Беларусьсю і Ўкраінай не было, то і тое, што Ўкраіна зробіць зону свабоднага гандлю з Эўразьвязам, непасрэдна ў 2016 годзе ніяк не адаб’ецца на гандлёвых патоках паміж нашымі краінамі», — кажа Раманчук.

Увядзеньня нейкіх сыстэмных абмежаваньняў адносна ўкраінскіх тавараў у Беларусі Раманчук не прагназуе. Паводле ягоных слоў, калі ў беларускага ўраду зьявяцца нейкія пытаньні па асобных таварах, то гэта будзе проста вырашацца падчас двухбаковых перамоваў.

«На жаль, паміж Беларусьсю і Ўкраінай дзейнічаюць збольшага не клясычныя акты заканадаўства, а „паняцьці“. Тут таксама замешаная палітыка. Таму я думаю, што ў гэтым сэнсе Беларусь нават будзе адным з бэнэфіцыяраў таго, што Ўкраіна ўступіць у зону свабоднага гандлю з Эўразьвязам», — лічыць эканаміст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG