Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пушкін» і містыфікацыі: МУС не завяла справы на беларуса-баевіка ЛНР, а Матольку выклікае сьведкам


Іван Яравы, беларускі баец з пазыўным «Пушкін»
Іван Яравы, беларускі баец з пазыўным «Пушкін»

Пад канец лютага Радыё Свабода апублікавала інтэрвію з Іванам Яравым — грамадзянінам Беларусі, які ў лістападзе 2014 году паехаў ваяваць на Данбас.

Перасекшы расейска-ўкраінскую мяжу праз КПП «Даўжанскі», Яравы трапіў у горад Антрацыт Луганскай вобласьці, дзе ўступіў у 16-ты казачы батальён тэрытарыяльнай абароны і атрымаў пазыўны «Пушкін». Амаль праз год, у кастрычніку 2015 г., ён прыехаў адпачыць на родную Магілёўшчыну. 31 кастрычніка мужчына быў затрыманы, меркавана, супрацоўнікамі МУС на чыгуначным вакзале ў Воршы.

Першай пра затрыманьне баевіка паведаміла дзяржаўная газэта «СБ Беларусь сегодня» ў артыкуле «Гастарбайтэры вайны» ад 11 лютага 2016. Аўтар матэрыялу Андрэй Дзяменцьеўскі сьцьвярджае, што ў міліцыі яму дазволілі азнаёміцца з даведкамі аб апэратыўна-вышуковых мерапрыемствах у дачыненьні да беларусаў, якія ваююць з абодвух бакоў канфлікту ва Ўкраіне. Пра далейшае разьвіцьцё падзей пасьля затрыманьня «Пушкіна» (сапраўднае імя аўтар не называе) у «СБ» не напісана нічога.

«СБ» піша пра «Пушкіна»
«СБ» піша пра «Пушкіна»

Артыкул быў перадрукаваны, ў тым ліку, на сайце МУС.

Артыкул «Гастарбайтэры вайны» на афіцыйным сайце МУС, перадрукаваны з сайту «Советской Белоруссии»
Артыкул «Гастарбайтэры вайны» на афіцыйным сайце МУС, перадрукаваны з сайту «Советской Белоруссии»

Неўзабаве карэспандэнт Свабоды адшукаў «Пушкіна» па фота, зьмешчаным у «СБ» — гэта быў Іван Яравы. Той узгадваў, як у кабінэце сьледчага ў Магілёўскім СІЗА яму дазвалялі гуляць у кампутарныя гульні, частавалі цыгарэтамі і хатняй ежай. Праз тыдзень затрыманага адпусьцілі пад расьпіску, што ён папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці за наёмніцтва. Яравы вярнуўся на Данбас, атрымаў раненьне і пэўны час знаходзіўся ў шпіталі пад Растовам.

Сумнявацца, што чалавек з публікацыі «Гастарбайтэры вайны» і Іван Яравы — адна і тая ж асоба, не даводзіцца
Сумнявацца, што чалавек з публікацыі «Гастарбайтэры вайны» і Іван Яравы — адна і тая ж асоба, не даводзіцца

У сакавіку менскі блогер Антон Матолька даслаў у Сьледчы камітэт запыт з просьбай правесьці праверку ў дачыненьні да супрацоўніка органа дазнаньня, які працаваў зь Яравым.

«СК адказаў, што ня ведае, і перакіраваў мяне ва Ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй па Віцебскай вобласьці. Мяркую, таму, што баевіка затрымалі ў Воршы. Далей была цішыня да чэрвеня, у пазначаны тэрмін адказу зь Віцебску я не атрымаў», — расказвае Матолька.

На пачатку траўня блогер зноў зьвярнуўся да праваахоўнікаў праз адпаведную форму для запытаў на сайце МУС, пасьля чаго яму патэлефанавалі з Магілёўскага 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК, сказалі, што праводзіцца праверка і запрасілі на размову ў Магілёў. Матолька папрасіў перадаць даручэньне ў Менск, каб «нехта зь мясцовых узяў тлумачэньні». Але ўжо 14 чэрвеня блогеру прыйшла афіцыйная позва ў якасьці сьведкі.

Антон Матолька заўважае, што сьведкам можна стаць толькі пры наяўнасьці распачатай крымінальнай справы. На сьведку ў такім працэсе накладаюцца сур’ёзныя абавязкі. Сапраўды, паводле артыкулу 60 КПК Рэспублікі Беларусь, за адмову ад дачы паказаньняў прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Таксама блогер падкрэсьлівае: у позьве яму не патлумачылі гарантаванае законам права кампэнсацыі за праезд да Магілёва. Матолька патэлефанаваў ва УБАЗ, папярэдзіў дзяжурнага, што ня зможа зьявіцца на месцы і папрасіў нумар апэратыўніка, які выклікаў яго на размову. Дзяжурны паабяцаў: хутка з Матолькам зьвяжуцца. «Дагэтуль цягнецца маўчаньне, хоць ўжо некалькі тыдняў сышло...» — кажа вядомы блогер.

22 чэрвеня Магілёўскае ГУБАЗіК даслала Матольку пісьмовы адказ пад подпісам кіраўніка ўпраўленьня. Выходзіць, «з 2015 па 2016 год у дачыненьні да І. Ю. Яравога на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь крымінальныя справы не ўзбуджаліся». І самае цікавае: «з 01.01.2014 па 24.02.2016 грамадзянін Яравы ў СІЗА папраўчай установы „Турма № 4“ г. Магілёва ня ўтрымліваўся», а таму зьвесткі ў інтэрвію Свабоды органы МУС называюць недакладнымі.

У такім выпадку, «недакладнай» варта было б назваць і інфармацыю «СБ», бо менавіта гэтае выданьне ўпершыню згадвае пра існаваньне баевіка. Аднак спэкуляваць на праўдзівасьці артыкулу ў дзяржаўнай газэце міліцыянтам не выпадае: аўтар упэўнена кажа, што даведаўся пра гісторыю «Пушкіна» і іншых баевікоў зь міліцэйскіх даведак, якія непасрэдна трымаў у руках. Сумнявацца, што чалавек з публікацыі «Гастарбайтэры вайны» і Іван Яравы — адна і тая ж асоба, не даводзіцца.

У МУС Беларусі на пытаньне Свабоды, чаму праваахоўнікі адпусьцілі Яравога, адказваюць: «Гэта не прадмет размовы... У вас няма падставаў для запыту інфармацыі, а ў нас няма падставаў для яе прадстаўленьня». Прэсавы сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын сказаў Свабодзе, што затрымлівалі Яравога не яны, а іншае ведамства. Начальнік Упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч не ўдакладняе прычынаў, па якіх баевіку дазволілі вярнуцца на Данбас і працягнуць ваяваць.

Такім чынам, Антона Матольку спрабавалі зрабіць сьведкам, але нумар крымінальнай справы не паведамілі. Пасьля высьвятляецца, што справы не было ўвогуле і ў СІЗА Яравога не зьмяшчалі. Важна, што сам факт затрыманьня ў Воршы міліцыя не адмаўляе. Нагадаем: першапачатковы запыт Матолькі перакіравалі як раз у Віцебскае ўпраўленьне, да якога належыць Ворша. Між тым, далейшы дыялёг з Матолькам вялі з Магілёўскага УБАЗ. Гэта ўскосна даказвае, што праваахоўныя органы ў Магілёве маюць дачыненьне да гэтай гісторыі.

Позва Антону Матольку
Позва Антону Матольку

Трэба падкрэсьліць важную юрыдычную дэталь: паводле артыкула 110 КПК Рэспублікі Беларусь «неадкладна пасьля дастаўленьня затрыманага ў орган крымінальнага перасьледу службовай асобай, якая зьдзейсьніла фактычнае затрыманьне, складаецца пратакол». У законе замацавана, што цягам 3 гадзін пасьля гэтага орган дазнаньня альбо сьледчы мусіць вынесьці пастанову аб затрыманьні, якая ёсьць прававой падставай для кароткатэрміновага зьмяшчэньня пад варту падазраванага ў злачынстве. Пра затрыманьне праваахоўнікі абавязаныя пісьмова паведаміць пракурору цягам сутак. Таксама орган перасьледу выносіць пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы, якую перадае на разгляд пракурору. Затрыманы можа быць вызвалены з-пад варты, толькі калі рашэньне аб узбуджэньні такой справы не было прынятае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG