Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў пускаць у «прэзыдэнцкі мэдцэнтар» у Ждановічах ня толькі чыноўнікаў. Але за грошы

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле Лукашэнкі, у Ждановічах будуць абслугоўваць «3–4 тысячы» чыноўнікаў, а паводле Абельскай, усяго там змогуць абслугоўваць «да 10 тысяч» чалавек.

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Я падкрэсьліваю: па абслугоўваньні нашага насельніцтва, не толькі, як пішуць або разважаюць, чыноўнікаў ці дзяржаўных службоўцаў, хоць не бяз гэтага», — цытуе Аляксандра Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, спачатку плянавалася будаўніцтва вялікай лякарні за 300–500 млн эўра. Але «такіх грошай у дзяржаве сёньня няма», ды «хлеў будаваць сёньня ня толькі ў Менску, але і ў іншым горадзе непрымальна». На будаўніцтве ў выніку, паводле Лукашэнкі, «зэканомілі каля 400 млн эўра» і збудавалі невялікі мэдцэнтар, а Рэспубліканскі клінічны мэдцэнтар (верагодна, гаворка пра мэдцэнтар Упраўленьня справамі прэзыдэнта на вуліцы Чырвонаармейскай, што абслугоўвае 17 тысяч пацыентаў) перадаць ва ўласнасьць менскім уладам.

Колькі патрацілі на будоўлю ў Ждановічах, не гаворыцца. Тым ня меней, Лукашэнка сьцьвярджае, што «ніякіх схаваных крокаў» пры будаўніцтве не было, а «тыя, хто кажуць, што гэта мая лякарня – дзякуй богу, каб я і далей так лячыўся, як лячуся да гэтага часу: я па лякарнях не хадзіў і не хаджу».

Але абслугоўваньне ў «прэзыдэнцкім мэдцэнтры» ў Ждановічах для звычайных грамадзянаў будзе платным (таксама як платнае абслугоўваньне звычайных грамадзянаў у мэдцэнтрах сілавых структураў), кажа Лукашэнка:

«Калі цябе не задавальняе абслугоўваньне ў нейкі менскай лякарні, ты можаш прыйсьці, заплаціць грошы, паколькі не па месцы будзеш абслугоўвацца, і абслужыцца тут. Што ў нас, мала багатых людзей, якія сёньня гатовыя заплаціць грошы і правесьці нейкія дасьледаваньні, каб вызначыць дакладны дыягназ?»

Абноўлена: Паводле Лукашэнкі, у Ждановічах будуць абслугоўваць «3–4 тысячы» чыноўнікаў, а паводле словаў галоўнай лекаркі мэдцэнтру Ірыны Абельскай, усяго там змогуць абслугоўваць «да 10 тысяч» чалавек.

Таксама, паводле яе словаў, у мэдцэнтры будуць абслуоўвацца «дзяржаўныя службоўцы і асобы, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё дзяржавы», і шараговыя грамадзяне паводле дамоваў страхаваньня і дамоваў з мэдцэнтрам наўпрост.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG