Акрамя рэактару, у склад Цэнтру ўвойдуць радыехімічны, матэрыялазнаўчы, выпрабавальны і навуковы комплексы — каб весьці дасьледаваньні, а таксама вучыць і рыхтаваць кадры. Пра гэта піша партал Саюзнай дзяржавы.
Часткі старога рэактару сталі дэкорам фантану ў Соснах і начнога клюбу «Рэактар»
У 1960–1980-я гады ў Аб’яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Нацыянальнай акадэміі навук дзейнічаў дасьледчы атамны рэактар ІРТ-1000 магутнасьцю да 4 МВт. Там таксама былі створаныя мабільныя атамныя электрастанцыі «Памір», што разьмяшчаліся на колавых цягачах і маглі выпрацоўваць каля 1 МВт. Адна з установак прайшла выпрабаваньні.
Але пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС абедзьве ўстаноўкі «Памір» былі зьнішчаныя. Ад адной ва ўнутраным дворыку інстытуту пакінулі корпус рэактару — гэта цяпер дэкаратыўная частка фантану. А другая ўстаноўка з трубаў парагенэратара стала часткай дэкарацыі ў начным клюбе «Рэактар» на вуліцы Веры Харужай, які некалькі гадоў таму закрылі.
«Трэці рэактар — справа даволі далёкай будучыні»
Прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Жанна Зянькевіч сказала Свабодзе, што сапраўды пляны збудаваць новы навукова-дасьледчы рэактар існуюць:
«У Акадэміі навук ёсьць адмысловая навуковая праграма, там усё прапрацоўваецца. Але пакуль гэта толькі на стадыі праекту, гэта яшчэ толькі задумка».
У прэсавай службе Нацыянальнай акадэміі навук Свабодзе сказалі, што сапраўды 25 жніўня на круглым стале, арганізаваным для ўдзельнікаў прэс-туру «Ўзаемадзеяньне Беларусі і Расеі ў сфэры ядзернай бясьпекі» дырэктар Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў — Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Кузьмін казаў пра пляны збудаваць дасьледчы ядзерны рэактар і Цэнтар ядзерных дасьледаваньняў. Але гэта справа даволі далёкай будучыні — трэці рэактар, магчыма, запусьцяць не раней, чым у сярэдзіне наступнага дзесяцігодзьдзя.
Гэта сумесны праект інстытуту «Сосны» пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук і ў супрацоўніцтве зь дзяржаўнай карпарацыяй «Росатом», сказаў Свабодзе Андрэй Кузьмін:
«Але канчатковага рашэньня пакуль няма. Падпісаны мэмарандум аб намерах паміж урадамі Расеі і Беларусі. Больш ніякіх падрабязнасьцяў, дэталяў няма».
«Трэба думаць пра падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў. А без рэактару гэта немагчыма зрабіць»
Ці патрэбны Беларусі трэці рэактар?
Прафэсар, фізык-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч — прыхільнік разьвіцьця ядзернай энэргетыкі:
«Калі будуецца АЭС, калі мы будзем выкарыстоўваць ядзерную энэргію, то трэба сур’ёзна рыхтаваць спэцыялістаў, і трэба, каб людзі арыентаваліся ў тым, што і як адбываецца. Трэба думаць пра падрыхтоўку сваіх, уласных кваліфікаваных кадраў. А без рэактару гэта немагчыма зрабіць.
Калі вы будзеце тэарэтычна вучыць чалавека езьдзіць на матацыкле, ён ніколі не навучыцца. Такія асяродкі павінны быць. Рэактар для дасьледчых, навуковых мэтаў патрэбны. Павінна быць дамоўленасьць паміж дзяржавамі.
Уяўляеце, я ў 1966 годзе быў на навуковай канфэрэнцыі ў Югаславіі. У Югаславіі тады працавалі ажно тры рэактары! Трэба на практыцы кожную дэталь, кожны вузел, кожны мэханізм вывучыць, патрымаць, памацаць.
Я не выступаю супраць такой праграмы — узьвядзеньня рэактару для навукова-дасьледчых мэтаў — ніякім чынам. Толькі рабіць гэта трэба разумным чынам, бо калі гэта будзе проста мабілізацыя нашых сродкаў на расейскія „выкрунтасы“ (а такая верагоднасьць ёсьць), то тады нічога карыснага ня будзе».
«Практычна ў рысе Менску разьмяшчаць новы рэактар неразумна»
Фізык, кандыдат тэхнічных навук, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў катэгарычна супраць будаўніцтва рэактару:
«Вельмі мала інфармацыі. Як мне сказала адна дасьведчаная крыніца, дзесьці хтосьці абмовіўся, што было б нядрэнна нам рэанімаваць гэты кірунак — а ў Соснах сапраўды некалі былі дастаткова пэрспэктыўныя ўстаноўкі, кшталту мабільнага маленькага рэактару на колах — і пачалі прасоўваць гэтую ідэю.
Я ня ведаю, навошта нам патрэбны рэактар, калі ёсьць магчымасьць вучыць у расейскіх цэнтрах, дзе ёсьць і база, і школа.
Любы ядзерны аб’ект уяўляе сабой патэнцыйную небясьпеку, пагрозу. На дасьледчых, навуковых рэактарах таксама здараюцца аварыі. Да таго ж любы рэактар вырабляе адкіды. А куды мы іх будзем дзяваць? Практычна ў рысе гораду Менску разьмяшчаць новы рэактар — гэта неразумна. Так што я катэгарычна супраць», — кажа Юры Варонежцаў.