Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец — самая небясьпечная прафэсія ў Беларусі


Не пасьпеў аціхнуць скандал з затрыманьнем Юрыя Чыжа, як у Магілёве затрымалі шостага нумара ў рэйтынгу самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі, кіраўніка кампаніі «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна і чатырох ягоных падначаленых.

Гэта не пачатак і не канец, гэта працяг. Мінулым годам былі арыштаваныя вядомы IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня; кіраўнік аўстрыйскай фірмы ATEC Holding, уладальнік заводу «Мотавела» Аляксандар Мураўёў; заснавальнік кампаніі «Биоком», чалец Савету Рэспублікі Андрэй Паўлоўскі; галоўныя акцыянэры кампаніі «Консул» Віктар Раўкоў і браты Гільманы.

Калі падзеі паўтараюцца раз за разам, то гэта ўжо не выпадковасьць, а заканамернасьць, трэнд, ці, як кажуць апэратыўнікі з папулярных дэтэктываў, сэрыя. Здаецца, адкрыты сэзон паляваньня на алігархаў.

Напэўна, ня варта ўсур’ёз абмяркоўваць фармальныя юрыдычныя падставы для гэтых арыштаў. Мы жывём у неправавой дзяржаве, дзе дзейнічаюць не законы, а «паняцьці». Той жа Юры Чыж рабіў свой бізнэс па «паняцьцях», дзякуючы блізкасьці да «цела» меў прывілеі, атрымліваў вольны доступ у прыбытковыя сфэры, куды пускалі толькі абраных, напрыклад, у гандаль нафтапрадуктамі. Наўзамен аказваў паслугі кіраўніку дзяржавы, будаваў лядовыя палацы за свой кошт. А цяпер яго «закрылі» па «паняцьцях».

Пра што сьведчаць гэтыя «наезды» на алігархаў?

У апошнія месяцы СМІ шмат пісалі, што ў Юрыя Чыжа ўзьніклі сур’ёзныя фінансавыя праблемы, ён пачаў распрадаваць свой бізнэс. Калі нават прыдворныя бізнэсмэны, якія маюць найвышэйшы «дах», апынуліся на мяжы банкруцтва, то гэта выяўляе сапраўдны маштаб эканамічнага крызісу, які накрыў краіну. Крах імпэрыі «Трайпл» — вельмі добры індыкатар стану эканомікі Беларусі.

І тут можна вылучыць вэрсію пра сапраўдныя падставы паляваньня на алігархаў. Магчыма, добра разумеючы, куды ідзе Беларусь, яны пачалі выводзіць свае капіталы за мяжу. Няма сэнсу інвэставаць у краіне, якая ня мае эканамічных пэрспэктываў. І захоўваць вялікія грошы тут небясьпечна, бо лёгка страціць. Можна меркаваць, што як толькі бізнэсоўцы спрабуюць вывесьці грошы за мяжу, іх і садзяць за краты.

Гэтыя скандальныя падзеі дазваляюць выявіць шырэйшую праблему. Якая функцыя бізнэсу ў беларускай сацыяльнай мадэлі? Гэта ў іншых краінах прадпрымальніцтва — асноўны рухавік эканомікі. А галоўнае прызначэньне бізнэсу ў Беларусі палягае ў тым, каб падтрымліваць жыцьцяздольнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, ствараць для яе дадатковыя пункты апоры, абслугоўваць дзяржаўны сэктар. А калі здараецца крызіс, дзяржпрадпрыемствы апынаюцца ў фінансавай яме, утвараецца дэфіцыт у бюджэце, то да каго зьвяртаецца позірк дзяржаўных органаў? Правільна, да тых, у каго яшчэ засталіся грошы. Іх «закрываюць» і патрабуюць выкуп за свабоду. Менавіта так адбылося зь Віктарам Пракапенем. А той, хто не зразумеў, у якой краіне жыве, і спрабуе даказаць, што невінаваты, будзе сядзець.

Арышты багатых алігархаў або высокіх чыноўнікаў — гэта, акрамя ўсяго іншага, рытуальныя ахвяры на пацеху непатрабавальнай публіцы

Думаю, што па меры абвастрэньня крызісу ўсё больш бізнэсмэнаў будзе апынацца ў падобнай сытуацыі. Улады пачынаюць «стрыгчы» бізнэс. Вельмі вобразна пра гэта выказалася Сьвятлана Калінкіна: «Я шмат разоў параўноўвала беларускіх бізнэсмэнаў, нават прыдворных, з парсючкамі да Калядаў. Іх адкормліваюць і нават дазваляюць сьвінячыць толькі з адной мэтай — аднойчы паласавацца сьвежанінкай». І калі ўжо справа дайшла да прыдворнага Чыжа, то сытуацыя ў дзяржаве зусім дрэнная.

Ва ўсім сьвеце вялікія грошы робяць чалавека свабодным, незалежным ад дзяржавы. У Беларусі ўсё з дакладнасьцю да наадварот. І блізкасьць да «цела» не дае ніякіх гарантыяў. Тут людзі, якія жадаюць стаць багатымі, павінны прайсьці працэс прыніжэньня, ператварыцца ў блазнаў. Алігарх, які зьбірае бульбу ў гаспадара — відовішча для багоў.

Але затрыманьне буйных бізнэсоўцаў можа мець папулісцкі эфэкт. Цяпер народ заклапочаны ростам камунальных тарыфаў, павышэньнем пэнсійнага ўзросту. І яго трэба адцягнуць ад жыцьцёвых нягод якім-небудзь яркім відовішчам. Арышты багатых алігархаў або высокіх чыноўнікаў — гэта, акрамя ўсяго іншага, рытуальныя ахвяры на пацеху непатрабавальнай публіцы. Народу гэта падабаецца, беларусы ня любяць багатых і пасьпяховых.

На гэтым фоне ўсе развагі пра рынкавыя рэформы, пра падтрымку бізнэсу з боку дзяржавы, пра прыцягненьне замежных інвэстыцыяў выглядаюць наіўнымі. Бо рынкавая эканоміка прадугледжвае прававую дзяржаву, недатыкальнасьць уласнасьці і асобы, незалежны суд. А тут мы бачым нешта зусім супрацьлеглае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG