Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысцкая кааліцыя прапаноўвае альтэрнатыву парлямэнцкім выбарам


Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч
Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч

Лідэры АГП, БХД, руху «За свабоду» — Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч абвясьцілі пра супольны ўдзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі ў складзе правацэнтрысцкай кааліцыі.

На 110 выбарчых акругаў кандыдатамі ад кааліцыі вылучаныя 95 чалавек. Сярод іх — Мікалай Казлоў, Андрэй Клімаў, Юры Хашчавацкі. Яны будуць вылучацца ад партыяў і шляхам збору подпісаў. Лідэры кааліцыі адзначаюць высокі патэнцыял кандыдатаў, за якіх групы падтрымкі плянуюць сабраць да 100 тысяч подпісаў. Працэдура збору будзе адкрытая і даступная для кантролю грамадзкасьці. Пра гэта лідэры кааліцыі заявілі на супольнай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай пачатку парлямэнцкай выбарчай кампаніі.

Правацэнтрысцкія кандыдаты будуць выкарыстоўваць у сваіх праграмах сумесна выпрацаванае пасланьне пра адстойваньне ідэяў свабоды, годнасьці асобы, нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў, унутрыпалітычных і эканамічных рэформаў, эўрапейскага выбару Беларусі.

Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі плянуюць стаць даверанымі асобамі кандыдатаў і асабліва падтрымаць вылучэнцаў рэгіёнаў. Як паведаміў Анатоль Лябедзька, ужо на пачатковым этапе на асобных прадстаўнікоў кааліцыі ў рэгіёнах распачаўся адміністрацыйны ціск. Так, пасьля заяваў аб вылучэньні кандыдатамі на выбары пачалі перасьледаваць прыватных прадпрымальнікаў у Акцябрску і Слуцку — Андрэя Павука і Софʼю Міцяшову.

Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі таксама паведамляюць пра перамовы з прадстаўнікамі іншых палітычных партыяў і рухаў у справе адзінага сьпісу прадстаўнікоў дэмакратычных сіл ва ўсіх выбарчых акругах. На сёньня гэты сьпіс складаюць 283 кандыдаты, у 49 выбарчых акругах дэмакратычныя сілы маюць аднаго прадстаўніка. Як падкрэсьліў Анатоль Лябедзька, кааліцыя гатовая абмяркоўваць зьняцьцё сваіх кандыдатаў на карысьць больш моцных прадстаўнікоў іншых палітычных партыяў:

«На сёньня не стаіць пытаньне ўдзелу альбо няўдзелу ў выбарчай кампаніі. Цяпер стаіць пытаньне абмеркаваньня адзінага сьпісу і формы ўдзелу ў выбарах».

Адначасна лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі заяўляюць, што свабодных і справядлівых выбараў няма, бо няма зьменаў у выбарчым заканадаўстве, прапанаваных БДІПЧ АБСЭ. Каб супрацьстаяць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, яны плянуюць рэалізаваць два стратэгічныя кірункі дзейнасьці.

Першы — гэта стварэньне арганізаванай кампаніі назіраньня на кожным этапе выбарчай кампаніі. Як падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі, удзел у працэдуры фальшаваньня — ад збору подпісаў да падліку галасоў — бяруць каля 70 тысяч прадстаўнікоў выбарчых камісіяў, таму трэба мець адпаведную колькасьць грамадзкіх назіральнікаў. І ў гэтай сувязі чальцы кааліцыі заклікаюць, каб як найбольш грамадзян узялі ўдзел у назіраньні за выбарамі. Інакш ёсьць высокая імавернасьць легітымізацыі дзейнай улады і прызнаньня яе міжнароднай супольнасьцю.

«Другой альтэрнатывай псэўдавыбарам павінна стаць „Асамблея народных прадстаўнікоў“. Яе маюць скласьці актыўныя і ўплывовыя рэгіянальныя грамадзкія актывісты», — сказаў Віталь Рымашэўскі.

Задача асамблеі — абарона правоў грамадзян у палітычных, грамадзкіх і сацыяльных пытаньнях. Гэта будзе своеасаблівы працяг дзейнасьці Кангрэсу дэмакратычных сіл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG