Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура падтрымала судовае рашэньне выселіць сямʼю Галіны Ігнатовіч, якая штурмавала будаўнічы кран


Галіна Ігнатовіч на будаўнічым кране 31 студзеня
Галіна Ігнатовіч на будаўнічым кране 31 студзеня

1 сьнежня 2016 году суд Цэнтральнага раёну Менску прыняў рашэньне выселіць жыльцоў дому па вуліцы Ржавецкай, дзе жывуць 11 чалавек. Сярод іх гаспадыня Галіна Ігнатовіч, два яе сыны з жонкамі і дзецьмі, а таксама былы муж Галіны і яго новая жонка.

На гэтай тэрыторыі група кампаніяў «Тапас» будуе жылы комплекс «Алімпік парк». Забудоўшчык прапанаваў у якасьці кампэнсацыі тры двухпакаёўкі ў розных раёнах сталіцы. Але, дазнаўшыся пра напаўкрымінальныя гісторыі кватэраў, Ігнатовічы хочуць атрымаць дзьве кватэры для сыноў і грашовую кампэнсацыю для былых мужа і жонкі.

Рашэньне райсуду аб высяленьні было абскарджана ў Менскім гарадзкім судзе, але скаргу там не задаволілі.

1 лютага дом Ігнатовічаў павінны былі пачаць зносіць. Напярэдадні жанчына пайшла на адчайны крок — залезла на вежавы кран, патрабуючы справядлівай кампэнсацыі за знос дому. Празь некалькі гадзін пэнсіянэрцы стала дрэнна, яе спусьцілі на зямлю з дыягназам «пераахалоджаньне». Зрэшты, толькі дзякуючы такой ахвярнасьці яе сваякі атрымалі аўдыенцыю ў кіраўніцтва гораду, а пракуратура Менску прыпыніла судовае рашэньне аб высяленьні сямʼі Ігнатовічаў.

Неўзабаве рэзанансную гісторыю ўзяў на кантроль Аляксандар Лукашэнка, які загадаў разабрацца і не пакрыўдзіць людзей, удакладніўшы, што не павінен мужык жыць зь дзьвюма жонкамі адразу — старой і новай.

Галіна Ігнатовіч
Галіна Ігнатовіч

Аднак, як сказала Свабодзе нявестка Галіны Ігнатовіч Сьвятлана, сёньня яе сьвякроў атрымала ліст з пракуратуры Менску, у якім наглядны орган паведамляе, што падставаў адмяняць рашэньне суду няма. Ігнатовічаў падобнае рашэньне зьдзівіла: 28 лютага тое ж самае ведамства вынесла пратэст на рашэньне Менскага гарадзкога суду аб высяленьні сям’і, пра што заяўнікі даведаліся з афіцыйнага ліста. Аднак літаральна праз суткі пазыцыя пракуратуры рэзка зьмянілася – пратэст зь незразумелых прычынаў быў адкліканы:

«Цяпер нас рэальна могуць выселіць, — кажа Сьвятлана. — Справа ў тым, што пасьля таго, як раніцай 31 студзеня сьвякроў ад безвыходнасьці ўзьлезла на кран і ўвечары таго ж дня мы падалі наглядную скаргу пракурору, 1 лютага было вынесена рашэньне аб прыпыненьні адсяленьня на няпэўны час, пакуль ня будзе разгледжана наглядная скарга. Згодна з законам гэты дакумэнт сапраўдны цягам месяца. Але да апошняга моманту нам так і не дазволілі пазнаёміцца са зьместам, проста канстатавалі факт — няма падставы для адмены ранейшага судовага рашэньня».

Сямʼя Ігнатовічаў ня можа зразумець, на якой падставе цягам месяца дыямэтральна мяняецца пазыцыя нагляднага органа, таму зьбіраецца зьвяртацца па тлумачэньні ў Генэральную пракуратуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG