Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім прадпрымальніцам дадуць дапамогу ад ПРААН. Гаворка пра мільёны даляраў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праграма разьвіцьця Архагнізацыі аб’яднаных нацыяў (ПРААН) акажа дапамогу беларускім жанчынам-прадпрымальніцам дзеля пашырэньня ўдзелу жанчынаў у эканоміцы, перадае БелаПАН.

Канкрэтная сума, якую затрацяць на дапамогу беларускім прадпрымальніцам не называецца: як заявіў прадстаўнік ПРААН у Беларусі Зак Тэйлар, аб аб’ёме фінансаваньня цяжка казаць, бо ёсьць некалькі крыніцаў фінансаваньня. Прынамсі 10 млн даляраў дае Эўразьвяз на праграмы мясцовага разьвіцьця, Расея дае на сацыяльнае прадпрымальніцтва і ўдзел жанчынаў у ім 2 млн даляраў. Таксама да праграмы могуць далучыцца беларускія ўлады.

На думку Тэйлара, Беларусь сярод дзяржаваў ААН «займае адну зь лідэрскіх пазыцыяў па ўдзеле жанчынаў у эканоміцы краіны, паказвае высокія паказьнікі ў гэтай сфэры, у краіне высокі ўзровень пісьменнасьці жанчынаў і ўцягнутасьці ў жыцьцё грамадзтва».

Праект накіраваны на фінансавую падтрымку на пачатак уласнага бізнэсу як у Менску, так і па ўсёй астатняй Беларусі. У якасьці прыкладу Тэйлар прывёў магчымасьць будаўніцтва фэрмаў, якія ўзначаляць жанчыны, або розныя галіны «гамэапатычнай мэдыцыны» (эўрапейскія навукоўцы заяўлялі, што гамэапатычныя сродкі ня толькі ня дзейнічаюць на карысьць, але і могуць нанесьці шкоду пацыенту; у Беларусі гамэапатыя ліцэнзуецца як «нетрадыцыйная мэдычная дзейнасьць»).

Паводле міністра эканомікі Беларусі Ўладзімера Зіноўскага, словы якога перадае БЕЛТА, у Беларусі «адсутнічаюць бар’еры для жаночага прадпрымальніцтва і рамесьніцтва». Патэнцыял жанчынаў у эканоміцы ён ацэньвае высока.

Тым часам улады Беларусі абяцаюць у бліжэйшы час спрасьціць падыходы да вядзеньня бізнэсу, але пакуль прынятая толькі частка рэформаў з анансаванага дэкрэту Лукашэнкі па разьвіцьці прадпрымальніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG