Дакумэнт пашырае пералік відаў эканамічнай дзейнасьці, якімі грамадзяне могуць займацца без рэгістрацыі ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.
Удакладняецца, што памер стаўкі будзе дыфэрэнцыяваны па тыпах населеных пунктаў.
У першую групу ўваходзяць Менск і раён, Берасьце, Віцебск, Гомель, Горадна, Магілёў. У другую — Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладэчна, Наваполацк, Ворша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Сьветлагорск, Слуцк, Салігорск. У трэцюю — усе райцэнтры.
Каб выпякаць хлеб, заплаціце 16 рублёў у Менску і 10 у Ашмянах
Так, стаўкі адзінага падатку пры рэалізацыі хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі для першай групы населеных пунктаў складуць ад 16 да 97 рублёў, для другой — 15-60 і для трэцяй — 10-60.
Пры здачы фізычным асобам жылых памяшканьняў для кароткатэрміновага пражываньня стаўкі адзінага падатку будуць раўняцца 15-145 рублёў, 42-145 і 23-120 адпаведна за кожнае памяшканьне, здадзенае ў наём.
Памер базавай стаўкі адзінага падатку за выкананьне працаў і аказаньне паслугаў па дызайне інтэр’ераў, графічным дызайне, афармленьні аўтамабіляў і ўнутранай прасторы капітальных пабудоваў, мадэляваньні прадметаў інтэр’еру, тэкстыльных вырабаў, мэблі, адзеньня і абутку складзе 55-97 рублёў, 50-87 і 30-57 адпаведна.
За дзейнасьць, зьвязаную з рамонтам гадзіньнікаў, абутку; рамонтам і аднаўленьнем хатняй мэблі; наладкай музычных інструмэнтаў адзіны падатак вызначаны ў памеры 25-86 рублёў, 20-86 і 15-79 адпаведна.
Каб распрацаваць вэб-сайт, адлічыце 55 рублёў у Магілёве і 30 у Лоеве
Стаўкі адзінага падатку пры распілоўцы дроваў, пагрузцы і разгрузцы грузаў складуць 5-39 рублёў, 4,5-37 і 4-18 адпаведна.
Пры вытворчасьці адзеньня, галаўных убораў, абутку стаўкі вызначаны ў памеры 25-113 рублёў, 19-113 і 17-80.
Пры ажыцьцяўленьні тынкавых, малярных, шкляных працаў, абліцоўваньні сьценаў, абклейваньні шпалерамі, рамонце печаў і камінаў — 52-145 рублёў, 42-145 і 23-120 адпаведна.
Распрацоўкай вэб-сайтаў, наладкай кампутараў і праграмнага забесьпячэньня, аднаўленьнем кампутараў пасьля збою, рамонтам і тэхабслугоўваньнем пэрыфэрыйнага абсталяваньня, навучаньнем рабоце на пэрсанальным кампутары можна будзе займацца, выплаціўшы стаўку адзінага падатку ў памеры 55-97 рублёў, 50-87 і 30-57 адпаведна.
Стаўкі пры аказаньні цырульных і касмэтычных паслугаў па манікюры і педыкюры складуць 38-116 рублёў, Br32-60 і Br21-47 адпаведна.
Палажэньні ўказу №337 набудуць моц празь месяц пасьля апублікаваньня, гэта значыць, пад канец другой дэкады кастрычніка.