Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дазволілі зьбіраць подпісы ў лякарнях і забаранілі на плошчах


Плошча Якуба Коласа. Зьбіраць подпісы можна толькі ву-унь там
Плошча Якуба Коласа. Зьбіраць подпісы можна толькі ву-унь там

Менгарвыканкам вызначыў месцы, дзе забаронена праводзіць пікеты для збору подпісаў.

Сябры ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты сёлета ня змогуць зьбіраць подпісы на аб’ектах метрапалітэну, чыгуначнага і паветранага транспарту, у падземных пешаходных пераходах. Таксама гэтая забарона тычыцца плошчаў у цэнтры Менску: Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі, Дзяржаўнага сьцяга, Прывакзальнай, Якуба Коласа.

Нельга зьбіраць подпісы выбарцаў на адлегласці менш за 200 м ад будынкаў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, Нацыянальнага сходу, Савету міністраў.

Зборшчыкам подпісаў нельга набліжацца менш за 50 м да будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіраваньня, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забясьпечваюць абароназдольнасць і бясьпеку дзяржавы.

Пікетаваньне дазваляецца з 8 да 22 гадзіны.

Гэтае рашэньне менскіх уладаў дзейнічае з 23 ліпеня да 21 жніўня.

Праваабарончы сайт spring96.org адзначае, што параўнальна зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году сьпіс забароненых для пікетаваньня месцаў папоўніўся некалькімі новымі аб’ектамі. Гэта аб’екты чыгуначнага і паветранага транспарту, падземныя пешаходныя пераходы, Прывакзальная плошча, плошча Якуба Коласа і плошча Дзяржаўнага сьцяга.

Як і раней, ГУУС Менгарвыканкаму будзе прымаць меры па недапушчэньні правядзеньня пікетаваньня на забароненых аб’ектах.

Аднак праваабаронцы адзначаюць, што параўнальна з прэзыдэнцкай кампаніяй 2010 году ў сьпіс забароненых месцаў ня трапілі тэрыторыі арганізацый, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць насельніцтва (грамадзкі транспарт, вода-, цепла- і энэргазабесьпячэньне, установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, а таксама тэрыторыі ядзернай устаноўкі або стацыянарных аб’ектаў і збудаваньняў, прызначаных для захоўваньня ядзерных матэрыялаў, адпрацаваных ядзерных матэрыялаў і (або) эксплюатацыйных радыеактыўных адходаў, і іх санітарна-ахоўныя зоны).

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Адзін з прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты Сяргей Калякін сказаў карэспандэнту Свабоды, што не разглядае гэтае рашэньне менскіх уладаў як дыскрымінацыйнае да ўдзельнікаў выбарчай кампаніі:

«Ну, забаронена зьбіраць на плошчы Якуба Коласа. Але ніхто не забараняе зьбіраць на вуліцы Веры Харужай ці на на праспэкце, на вуліцы Якуба Коласа. Сама плошча выключана, але я не лічу гэта абмежаваньнем для збору подпісаў. У цэлым рашэньне можна лічыць здавальняючым, якое дае магчымасьць зьбіраць подпісы. Таксама там жа ёсьць і іншае. Калі ласка, у паліклініках зьбірайце подпісы, у гандлёвых цэнтрах. Мы цяпер вызначымся па тых месцах, якія, на наш погляд, зьяўляюцца прыярытэтнымі. І ў нас ня будзе ўзьнікаць вялікіх праблем. Напрыклад, няма забароны зьбіраць подпісы каля прахадных прамысловых прадпрыемстваў. Там нават абмежаваньня няма па адлегласьці. Рашэньне Менгарвыканкаму можа стаць добрым прыкладам для іншых рэгіёнаў. Калі і там так вырашаць, то ў прынцыпе можна весьці збор подпісаў».

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Першы намесьнік старшыні «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што асноўную частку подпісаў раней зьбіралі па месцы жыхарства выбарцаў, бо там можна прасьцей знайсьці чалавека з пашпартам. А пікеты — гэта спроба нагадаць пра сябе яшчэ да агітацыйнай кампаніі.

«Плошчы ў летні пэрыяд найбольш наведвальныя менчукамі месцы. Таму дзіўна выглядаюць падобныя забароны з боку ўладаў. Я думаю, улады стараюцца не дапусьціць візуалізацыі на папярэднім этапе. Бо калі згадаць мінулыя выбары, то наянаўсьць пікетаў дэмакратычных кандыдатаў, аздобленых сьцягамі, сымболікай, прыцягвала ўвагу. І людзі на гэта адпаведна рэагавалі, гэта стварала візуалізацыю альтэрнатывы ў краіне. А цяпер загнаць зборшыкаў у кватэры — азначае пазбавіць выбары нейкай прывабнасьці і адметнасьці ў вачах выбарцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG