Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч прапануе правесьці незалежную экспэртызу дакладнасьці подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты.
Паводле Губарэвіча, створаная дзеля гэтага грамадзкая камісія на этапе збору подпісаў стане альтэрнатывай Цэнтравыбаркаму і падкантрольным яму рэгіянальным выбаркамам.
Мэта стварэньня грамадзкай камісіі палягае ў тым, каб «не дапусьціць параду кандыдатаў, якія былі б зарэгістраваныя з сумнеўнымі 100 тысячамі подпісаў», як гэта было на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, паведамляе прэс-служба руху «За свабоду».
Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў Губарэвіч зьбіраецца прапанаваць ім прайсьці такую праверку подпісаў. У грамадзкую камісію могуць увайсьці праваабаронцы, незалежныя назіральнікі, журналісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, любых дэмакратычных структур, якія не прымаюць удзелу ў выбарах і не падтрымліваюць некага з кандыдатаў.
«У ЦВК выказалі асьцярогу, што выбары-2015 будуць нецікавымі пры малой колькасьці кандыдатаў, — сказаў Губарэвіч. — Гэта азначае, што, як і пяць гадоў таму, ва ўлады і яе апанэнтаў могуць супасьці жаданьні рэгістраваць і рэгістравацца любой цаной, без сумленнага пераадоленьня падпіснога цэнзу ў 100 тысяч подпісаў грамадзян».
Губарэвіч нагадаў, што на выбарах 2010 году выказвалася шмат сумненьняў, ці ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты сапраўды назьбіралі 100 тысяч подпісаў. Зараз, на думку Губарэвіча, сабраць іх будзе яшчэ больш складана.
Выбары, якія і так нічога добрага не абяцаюць, могуць зусім стаць для апазыцыі апошнімі
«У рэальны збор 100 тысяч подпісаў павінен у першую чаргу паверыць дэмакратычны электарат. Толькі тады ён зможа разгледзець у прэтэндэнтах на прэзыдэнцтва тых, хто не зьяўляецца статыстам або спарынг-партнэрам Лукашэнкі. Інакш цяперашняя апазыцыя прайграе і ў маральна-палітычным пляне ў вачах мільёнаў прыхільнікаў пераменаў. Маючыя адбыцца выбары, якія і так нічога добрага не абяцаюць, могуць зусім стаць для яе апошнімі», — сказаў ён.
Незалежная праверка подпісаў, лічыць Губарэвіч, можа быць праведзена паралельна з аналягічнай працай афіцыйных выбарчых камісіяў. У прыватнасьці, падпісныя лісты як у арыгіналах, так і ў ксеракопіях могуць быць правераны ў прысутнасьці прадстаўнікоў кандыдатаў, а ацэнка подпісаў можа ажыцьцяўляцца дэцэнтралізавана — у любым абласным або буйным горадзе.
Камэнтуючы гэтую ініцыятыву, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў карэспандэнту Свабоды:
«Можа, яны створаць нейкую камісію, якая будзе арганізоўваць і праводзіць выбары?! Выбарчы кодэкс выразна вызначае функцыі ўсіх структураў і суб’ектаў, якія бяруць удзел у выбарах. Стварэньне нейкімі рухамі паралельных выбаркамам структураў законам не прадугледжана. Гэта будуць незаконныя фармаваньні. Калі яны хочуць правяраць лісты тых, каго яны вылучаюць, то гэта іх права. Але пасьля таго як падпісныя лісты здадзеныя ў тэрытарыяльныя камісіі, ніхто ўжо да іх адносін, апроч камісіі, мець не павінен. То бок гэта проста мастацкая самадзейнасьць».