Колькасьць беларускамоўных груп адпавядае запытам бацькоў, гаворыцца ў адказе камітэту адукацыі Менгарвыканкаму на пэтыцыю супраць «дыскрымінацыі дзетак паводле моўнай прыкметы».
Што патрабавалі аўтары пэтыцыі?
- Весьці адкрытую статыстыку пажаданьняў бацькоў наконт мовы навучаньня ў садках.
- Стварыць блянкі на беларускай мове.
- Сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць беларускамоўнай дашкольнай адукацыі для сваіх дзяцей.
- Разьмяркоўваць дзяцей з асобнай чаргі разам.
- Увесьці і замацаваць законамі паняцьце «група зь беларускай мовай навучаньня».
- Увесьці патрабаваньні наконт валоданьня беларускай мовай да пэдагагічных работнікаў.
- Укамплектаваць садкі настаўнікамі музыкі і фізкультуры, якія б валодалі беларускай мовай.
- Спыніць штогадовую ратацыю групаў зь беларускай мовай.
- Сварыць у кожным раёне Менску хаця б адзін цалкам беларускамоўны садок.
- Стварыць рознаўзроставыя групы навучаньня.
«Упраўленьне адукацыі раёну адкрывае групы (садкі) зь беларускай мовай навучаньня ў тых установах дашкольнай адукацыі, у якія большасьць бацькоў жадае ўладкаваць сваіх дзяцей», — гаворыцца ў адказе Менгарвыканкаму.
Аднак аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што беларускамоўных садкоў няма ў сямі зь дзевяці раёнах Менску. Па-беларуску працуюць дзіцячыя садкі № 534 і № 187.
Паводле адказу на пэтыцыю, цягам дня пэдагогі і музычныя кіраўнікі беларускамоўных садкоў (групаў) камунікуюць зь дзецьмі, бацькамі і калегамі па-беларуску. Гэта супярэчыць з думкай аўтараў пэтыцыі, што пэрсанал ня ведае беларускай мовы, а «заняткі, якія павінны праводзіцца па-беларуску, уяўляюць сабой расповед па-расейску пра беларускую мову».
Каб вывучаць у школе беларускую мову, дастаткова 7 дзяцей. Як суседнія краіны спрыяюць беларускай мове
Зварот аб праблемах з уладкаваньнем дзяцей у беларускамоўныя садкі сабраў на сайце petitions.by больш за 3 000 подпісаў. Паводле аўтараў звароту, у атрыманьні дзецьмі дашкольнай адукацыі па-беларуску ёсьць значныя перашкоды.